Пра развіццё транспартнай інфраструктуры, узаемаразлікі, перспектывы газіфікацыі

Официально

Гаварылася ў час прыёму грамадзян, які правёў напрыканцы мінулага тыдня намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6 склікання па Маладзечанскай выбарчай акрузе № 73 Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ.

На прыём да чыноўніка завіталі 7 чалавек, дадаткова парламентарый пракантраляваў выкананне некалькіх даручэнняў. Традыцыйна ўдзел у сустрэчы прымалі кіраўнікі службаў і ведамстваў, да кампетэнцыі якіх адносяцца зарэгістраваныя падчас папярэдняга запісу пытанні, таму заяўнікі адразу даведваліся, на што ім разлічваць у канкрэтнай сітуацыі.

Прадпрымальнік з Івянца, які першым завітаў да Івана Станіслававіча, папрасіў садзейнічання ў развіцці транспартнай інфраструктуры. Ён хоча пабудаваць у цэнтры гарпасёлка кіёск, дзе пасажыры змогуць не толькі набыць білеты на рэйсы, але і купіць штосьці з тавараў. І. С. Маркевіч даручыў адказным службам, у тым ліку і ДАІ РАУС, усебакова вывучыць сітуацыю. Намеснікі старшыні райвыканкама І. У. Шакун і І. А. Балінаў пракантралююць гэта пытанне і на працягу двух тыдняў дадуць адказ. «Кіёск –  справа добрая, – зазначыў у размове дэпутат Парламента. – Аднак я катэгарычна супраць «будак». Гэта павінен быць архітэктурны і гандлёвы аб’ект, які не толькі добра ўпішацца ў агульны выгляд гарпасёлка, але і дазволіць карыстальнікам паслуг атрымаць сучаснае абслугоўванне.

Па пытаннях, звязаных з выдзяленнем бюджэтных фінансавых сродкаў у 2019 годзе на будаўніцтва газаправода, звярнулася старшыня кааператыва «Загарадзь-Газ». Спяшаем супакоіць членаў названага СКГ, якія пасля апублікаванага ў нумары 1 раённай газеты за 4 студзеня матэрыялу пад назвай «З жаданнем вырашыць праблемы» засумняваліся ў перспектывах паспяховага завяршэння справы сваёй мары. Уважліва вывучыўшы пісьмовы адказ з УП «Мінскаблгаз», Іван Станіслававіч вырашыў больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі, каб жыхары Гародзькаў і Забрэззя ўсё ж такі атрымалі блакітнае паліва ў свае дамы. Для гэтага ён на бягучым тыдні запрашае да сябе на сустрэчу генеральнага дырэктара УП «Мінскаблгаз», намесніка старшыні райвыканкама, кіраўніка Валожынскага ўчастка службы і старшыню кааператыва, каб выпрацаваць адзіна правільнае рашэнне, якое задаволіць усе бакі.

У наступнага наведвальніка – старшыні СКГ «МіхаловаБудГаз» – пытанне было аналагічнае. Яно вырашыцца з часам: іх кааператыў чацвёрты па чарзе на фінансаванне ў бягучым годзе. Газ павінен прыйсці да жыхароў, гэта адзін з галоўных аспектаў дзяржаўнай палітыкі, рэзюмаваў парламентарый.

Пра будаўніцтва сетак электрыфікацыі па вуліцы Лясной у вёсцы Бузуны пацікавіўся адзін з жыхароў гэтага населенага пункта. І. С. Маркевіч даручыў разабрацца ў пытанні адказным службам.

Тэму нядобрасумленных разлікаў за аказаныя паслугі арганізацыі ўзняў яшчэ адзін ІП з Івянца. «Па законе мы не маем права ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасць двух суб’ектаў гаспадарання. Такія сітуацыі вырашаюцца ў судовым парадку», – адзначыў Іван Станіслававіч.

Добрасуседскія адносіны не складваюцца ў жыхаркі аграгарадка Доры і людзей, якім належыць зямельны ўчастак побач. Жанчына паскардзілася, што яе вымушаюць спілаваць пладовыя дрэвы і знесці хлеў, каб паставіць размежавальную агароджу. Аднак у гэтай праблеме, згодна са сведчаннем землеўпарадкавальнай службы, няма канкрэтных ахвяр і вінаватых. Тут абодвум суседзям неабходна проста знайсці кампраміс.

З просьбай індывідуальнага характару прыехаў да І. С. Маркевіча жыхар Маладзечна. Яго сітуацыя будзе вырашацца ў рэгламентаваным законам парадку.

Гэты прыём – ужо не першы ў бягучым годзе. А ўвогуле за перыяд сваёй дзейнасці ў акрузе з лістапада 2016 года Іван Станіслававіч правёў 104 сустрэчы ў працоўных калектывах, арганізаваў 45 прыёмаў грамадзян. За гэты час да яго звярнуліся і атрымалі дапамогу 293 наведвальнікі. Таксама дэпутат разгледзеў 342 звароты грамадзян, прыняў удзел у 23 пасяджэннях мясцовых выканаўчых камітэтаў, 12 сесіях і прэзідыумах Саветаў дэпутатаў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *