Усебаковая апека працуючага чалавека

Официально

Яшчэ адзін год кануў у Лету. Кожнаму чалавеку ён пакінуў на ўспамін і добрае, і дрэннае. А чым год 2018 аказаўся адметным для прафсаюзнага руху ў нашым раёне? Мы папрасілі расказаць пра найбольш знакавыя падзеі летапісу арганізацыі за мінулы перыяд старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніку Віктараўну Загорскую:

– У цэнтры ўвагі была, безумоўна, работа над законапраектам Працоўнага кодэкса. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з распрацоўшчыкаў гэтага дакумента. Унесена каля 40 прапаноў. У прыватнасці, прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы ў колькасці 30 дзён, тады як першапачатковая рэдакцыя прадугледжвала скараціць гэты тэрмін да 7 дзён. У новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса ўдалося захаваць права за пенсіянерамі, якія патрабавалі скасавання працоўнага дагавору па прычыне вінаватасці наймальніка на атрыманне кампенсацыі ў памеры трохмесячнай зарплаты. Яшчэ адзін прынцыповы момант – перазаключэнне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальна працяглы тэрмін або перавод іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый.  

Летась заключана раённае Пагадненне паміж райвыканкамам, наймальнікамі і прафсаюзамі, у якім адлюстраваны ўсе бакі жыцця ў працоўных калектывах: эканамічны стан, вытворчы працэс, ахова працы, калектыўныя дагаворы, спартыўна-масавая работа, маладзёжная палітыка, клопат пра ветэранаў. Дакумент накіраваны на тое, каб пры вырашэнні спрэчных пытанняў захоўваліся сацыяльныя гарантыі працуючых.

Радуе, што з’яўляецца ўсё больш Калектыўных дагавораў з дадатковымі гарантыямі, матэрыяльным заахвочваннем і стымуляваннем работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця. Камунальнікі і лясгас, напрыклад, прэміруюць актыўных спартсменаў у залежнасці ад дасягненняў сумай у памеры ад 1 да 5 базавых велічынь. Выдатная практыка прымяняецца ў цэнтральнай раённай бальніцы. Там, згодна з загадам галоўнага ўрача “Аб настаўніцтве”, за маладымі спецыялістамі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй замацаваны вопытныя ўрачы. Настаўнік нясе адказнасць за свайго падапечнага, навучае і падтрымлівае яго. Вялікі вопыт па замацаванні маладых спецыялістаў назапашаны ў педагогаў раёна. 

Для старшынь пярвічак летась праводзіліся семінары. Карыснай аказалася сустрэча лідараў прафсаюзнага руху з пракурорскімі работнікамі, дзе былі дадзены практычныя парады па вядзенні дакументаабароту, складанні справаздач. 

Адзін з важнейшых кірункаў дзейнасці прафсаюзаў – ахова працы. Летась тэхнічныя інспектары ФПБ праверылі стан аховы працы ў 10 арганізацыях раёна, выяўлена 111 парушэнняў. Працэс выкаранення негатыўных з’яў актывізаваўся. Як вынік – адсутнасць у мінулым годзе выпадкаў вытворчага траўматызму са смяротным зыходам ці цяжкімі наступствамі.

Ніколі не сходзіць з павесткі дня дабрачыннасць. Мы аказваем дапамогу дзецям-сіротам, інвалідам, выхаванцам прытулку і карэкцыйнага цэнтра. Традыцыйнымі сталі акцыі “Сабяры партфель першакласніку”, “Паштоўка для мамы”, “Прафсаюзы – дзецям” і іншыя. Да ўрачыстых дат і свят ладзім канцэрты, уручаем дзецям салодкія падарункі. 

Прафсаюзы былі і застаюцца ў цэнтры грамадскага жыцця, падтрымліваюць прагрэсіўныя з’явы і станоўчыя змены і робяць усё магчымае, каб адстаяць інтарэсы чалавека працы.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий