Клумбы пуставаць не будуць

Год малой Родины

Нягледзячы на траскучы мароз, які ўсталяваўся гэтымі днямі, работнікі ўчастка добраўпарадкавання РУП “Валожынскі жылкамунгас” ужо жывуць вясеннімі клопатамі.

Сапраўды, не паспееш азірнуцца, як сыдзе снег і патрэбна будзе наводзіць прыгажосць на клумбах і газонах. Планаванне гэтай адказнай справы распачынаецца задоўга да Новага года. І даручаецца яна не навічкам, а вопытным майстрыхам, што не адзін год займаюцца гадоўляй дэкаратыўнага ўбранства для горада. Іх руплівымі рукамі перабраны кожны сантыметр зямлі ў цяпліцы плошчай 9 сотак, яны ведаюць “капрызы” кожнай кветкі і як “заахвоціць” яе да пышнага цвіцення.     

Цяпліца цалкам падрыхтавана да вырошчвання расады: глеба атрымала неабходнае ўгнаенне, забяспечаны належны тэмпературны рэжым. Як паведаміла непасрэдны кіраўнік аб’екта Таццяна Кузянкова, насенне ўсіх запланаваных аздоб высеена, а некаторыя расліны нават паспелі даць дружныя ўсходы. Зараз пікіроўкай газаній, цынерарый займаюцца Вікторыя Валента і Таццяна Качалка. Падрыхтаваны ўтульныя грады для перасадкі чаранкоў бягоніі, герані, ірыгініі. Насенне гэтых дэкаратыўных культур жанчыны вырошчваюць самі, а вось пасадачны матэрыял петуніі і некаторых відаў аксамітак давядзецца набываць у зялянгасах.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий