З лідарскім задорам

Официально

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. У арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

З лідарскім задорам

Вучань 8 класа Яршэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу Раман КАРОТКІ ў мінулым годзе стаў лепшым у намінацыі “Лідар новага пакалення”.

Хлопец заўсёды праяўляў высокую пазнавальную актыўнасць, з цікавасцю слухаў настаўнікаў і адказна, добрасумленна ставіўся да вучобы. Стараўся і самастойна здабываць веды, каб атрымаць адказы на пытанні, што яго хвалявалі. Яшчэ Раман адрозніваецца дысцыплінаванасцю і стрыманасцю.

З пачатковых класаў вучню падабалася займацца даследчай дзейнасцю. У мінулым навучальным годзе на 15 раённым этапе конкурсу “Юны даследчык” за сваю работу “Бабры – будаўнікі ці браканьеры?”, якую праводзіў пад кіраўніцтвам настаўніцы І. І. Роман, ён атрымаў Дыплом III ступені. Неаднойчы Раман прымаў удзел у міжнародных прадметных конкурсах, інтэрнэт-алімпіядах па беларускай мове і фізіцы. У 2017 годзе на раённым этапе рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” заваяваў Дыплом I ступені, пасля выступаў на вобласці. Між іншым, беларускія мова і літаратура – любімыя прадметы нашага героя.

Ніколі не заставаўся ўбаку хлопец і ад пазакласнай работы. Ён – лідар школьнай агітбрыгады “Энергія”. На раённым этапе конкурсу “Энергамарафон-2018” яго каманда, якую рыхтавала А. В. Каласкова, атрымала Дыплом II ступені. У складзе каманды валанцёрскага атрада “Міласэрнасць” хлопец штогод прымае ўдзел у такіх акцыях, як “Дапаможам ім перажыць зіму”, “Цуды на Каляды”, “Ветэраны жывуць побач” і інш. Давялося ў складзе каманды выступаць і на занальнай прававой алімпіядзе, дзе занялі 2-е месца.

Наогул, ні адно школьнае мерапрыемства не абыходзіцца без Рамана. Ён можа выканаць любую ролю, прыгожа прачытаць верш, спець, станцаваць. Але часцей хлопцу даводзіцца выступаць у ролі вядучага, што вельмі адказна.

Асаблівую цікавасць праяўляе Раман да занятку фатаграфіяй, пастаянна ўдасканальвае свае ўменні ў любімай справе. А пачалося ўсё з таго, што бацькі падарылі сыну фотаапарат, а старэйшая сястра дапамагла асвоіць складаную тэхніку. Найбольш падабаецца хлопцу фатаграфаваць прыроду. І гэта ў яго добра атрымліваецца. На раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Зямля пад белымі крыламі” яго здымкі былі высока ацэнены, і хлопец атрымаў Дыплом II ступені. А ў рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Шляхам добрых спраў” на раённым этапе стаў уладальнікам Дыплома I ступені. Абодва разы яго здымкі былі прадстаўлены на абласным этапе.

Ёсць у хлопчыка яшчэ адно захапленне для душы – кветкі. Амаль увесь вольны час Раман прысвячае ім. Летам і вясной на ўчастку перад хатай квітнеюць рознакаляровыя клумбы. Падрыхтоўка глебы, пасеў і догляд за раслінамі ён поўнасцю бярэ на сябе. Найбольш да душы яму ружы. Бацькі заахвочваюць захапленне сына, купляюць насенне і саджанцы. Шмат кветак і ў доме. Сярод пакаёвых Раман аддае перавагу архідэям, хаця даспадобы яму і драцэна, дыфенбахія, азалія і інш. У яго калекцыі ўжо 30 відаў раслін. Пра кожную хлопец можа расказваць бясконца. Стараецца дазнацца пра іх як мага больш, шукае інфармацыю па вырошчванні і доглядзе ў інтэрнэце.

У будучым Раман марыць стаць настаўнікам пачатковых класаў. З такой актыўнай жыццёвай пазіцыяй у яго абавязкова ўсё атрымаецца.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *