Так трымаць!

Молодежный курьер

10 дыпломаў пераможцаў: два – першай ступені, тры – другой і пяць – трэцяй. Такі вынік удзелу валожынскіх школьнікаў у III этапе алімпіяды па вучэбных прадметах. З іх 5 перамог – на рахунку гімназістаў, тры – у вучняў першай гарадской школы, па адной – з Ракаўскай і Івянецкай адзінаццацігодак.

Абласныя алімпіяды праходзілі з 9 па 12 студзеня. Усяго ў іх прынялі ўдзел 995 вучняў 8-11 класаў з устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці, якія прадэманстравалі свае веды па 18 вучэбных прадметах. Сёлета ўпершыню адбылася алімпіяда па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, пераможцы і прызёры якой будуць мець перавагі пры паступленні ў вышэйшыя спартыўныя навучальныя ўстановы.

Базамі для правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў школьнікаў сталічнага рэгіёну сталі ўстановы адукацыі Жодзіна, Маладзечна, Слуцка, Вілейкі, Барысава, Узды, Нясвіжа, Салігорска і Мінска. Ацэньвала выкананне вучнямі алімпіядных заданняў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі 175 выкладчыкаў: спецыялісты НАН Беларусі, БДУ, педагагічнага, політэхнічнага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў, настаўнікі школ вобласці і сталіцы.

Валожыншчыну прадстаўлялі 23 удзельнікі з гімназіі № 1 г. Валожына, СШ № 1 і № 2, Івянецкай і Ракаўскай адзінаццацігодак, Багданаўскага, Гародзькаўскага і Пяршайскага вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа. Чатыры вучні паказвалі свае веды па беларускай мове і літаратуры, столькі ж – па фізічнай культуры і здароўі, па 3 – па матэматыцы і па працоўным навучанні, па 2 – па інфарматыцы і англійскай мове, па адным прынялі ўдзел у алімпіядах па нямецкай мове, грамадазнаўстве, рускай мове і літаратуры, хіміі і фізіцы.

Дыпломы першай ступені прывезлі гімназісты-дзесяцікласнікі: Антон Віршыч па працоўным навучанні (настаўнік Аляксандр Антонавіч Кербедзь) і Карына Растаргуева па англійскай мове (настаўніца Вольга Леанідаўна Шаргародская). Другі вынік паказалі таксама тры вучні гімназіі: 10-класнік Ігнат Шаргародскі па інфарматыцы (настаўніца Таццяна Леанідаўна Барахоўская) і адразу дзве вучаніцы настаўніцы Ірыны Уладзіміраўны Уланчык па прадмеце матэматыка – 10-класніца Алена Станкевіч і 8-класніца Вераніка Бобрык.

Пяць дыпломаў трэцяй ступені атрымалі: вучань 11 класа Івянецкай СШ Рэнат Кагал па фізіцы (настаўніца Алена Вікенцьеўна Ламака); вучаніца 9 класа Ракаўскай СШ Юля Літвінковіч па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Людміла Чаславаўна Васілеўская); тры вучні СШ № 1 – 11-класніца Марыя Цмыкава і 9-класніца Ганна Радзівілка па працоўным навучанні, якіх рыхтавала настаўніца Іна Леанідаўна Кербедзь, вучаніца 10 класа Карына Макарэвіч па фізічнай культуры і здароўі – выкладае прадмет Вольга Уладзіміраўна Бітэль.

Як адзначылі ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме, такі высокі вынік школьнікамі раёна дасягнуты ўпершыню за апошнія гады: напрыклад, летась у нас былі ўсяго 4 дыпломы, а ў 2017 годзе – 5.

Наш кар.



Добавить комментарий