“Галоўнае для чалавека – пакінуць добры след на зямлі”

Официально

17 студзеня 80-гадовы юбілей адзначыла былы галоўны аграном калгаса імя Чапаева (цяпер ААТ “Лоск”) Марыя Якаўлеўна Гіль. Такіх прафесіяналаў у сваёй справе няшмат. Пацвярджэнне чаму – высокая адзнака працы: ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага сцяга, Знак Пашаны, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета і Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. Неаднаразова з’яўлялася дэлегатам партыйных канферэнцый у Мінску – выступала ад Валожынскага раёна. Выбіралася дэлегатам XXIX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі, прымала ўдзел ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве і як галоўны аграном двойчы атрымлівала бронзавы медаль “За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР”. 39 гадоў і чатыры месяцы аддала М. Я. Гіль любімай рабоце, тры дзясяткі з якіх – лоскай зямлі.

Родам Марыя Якаўлеўна з вёскі Нова-Цярэшкавічы Гомельскага раёна. Аповед пра свой жыццёвы шлях распачала так: “Бацька пайшоў на фронт, пакінуўшы ў хаце цяжарную матулю і дваіх дзяцей: старэйшага брата і мяне. Малодшая сястра нарадзілася ўжо без яго. Я бацькі таксама не ведаю – прыслалі паведамленне, што прапаў без вестак. Маці гадавала нас адна, працавала ўсё жыццё даяркай у калгасе, таму мы з дзяцінства звыклыя да працы на зямлі. Памятаю, калі мне было 12 гадоў, матуля зламала рэбры і давялося рабіць на ферме за яе – цэлае лета даіла кароў уручную. Навучылася ўсяму і не баялася ніякай работы.

Пасля вайны мы засталіся без дома, адзення і ежы. Нягледзячы на беднату, мелі вялікае жаданне вучыцца – у абавязковым парадку стараліся атрымаць сярэднюю адукацыю. Хто вучыўся лепш – паступалі далей, а ў каго з ведамі горш – ішлі працаваць у Гомель на вытворчасць на заводы і фабрыкі. Я выдатніцай не была, пасля заканчэння школы паступіла ў Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

У 1960 годзе па размеркаванні прыехала на работу ў Валожынскі раён. Пачынала брыгадзірам паляводчай брыгады саўгаса “Радзіма”. Асноўная працоўная дзейнасць прыйшлася на калгас імя Чапаева, дзе была галоўным аграномам з 1965 па 1995 гады. Без адрыву ад вытворчасці скончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію з кваліфікацыяй «Вучоны аграном». Веды давалі тады трывалыя і грунтоўныя. Аднак рабіць было няпроста. Істотна адрознівалася глеба: на Гомельшчыне – супясчаная зямля, а тут – сярэднія і лёгкія суглінкі. Пачыналі з ураджайнасці зерневых у 16 цэнтнераў з гектара, а калі выходзіла на заслужаны адпачынак – дасягнулі 42 цэнтнераў на круг.

У сярэдзіне 70-х да гаспадаркі далучылі яшчэ адзін калгас – Краіна Саветаў – і далі агульную назву: імя XXV з’езда КПСС. Далейшыя гады можна лічыць сапраўдным росквітам. Мы займалі перадавыя месцы па збожжы, бульбе, ільну нават у рэспубліцы: напрыклад, бульбы атрымлівалі звыш за 250 цэнтнераў з гектара, здавалі па 150 тон ільновалакна, ураджайнасць ільну складала больш за 8 цэнтнераў з гектара. Усе паказчыкі былі вышэй за сярэднераённыя – гаспадарка называлася культурай высокага земляробства. Адсюль і ўзнагароды, якія ўручаліся не толькі мне, іх удастойваліся і па праве заслугоўвалі механізатары, паляводы, даяркі. Сярод такіх – даярка-чатырохтысячніца Галіна Міхайлаўна Сліж, узнагароджаная ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага сцяга, звеннявая па вырошчванні льну Аляксандра Андрэеўна Паўлюкевіч за дасягненне высокіх вынікаў таксама атрымала ордэн Леніна.

Былі харошыя спецыялісты сярэдняга, вышэйшага звяна: аграном па кормавытворчасці Мікалай Іванавіч Скапец, галоўны заатэхнік Ганна Францаўна Канановіч, галоўны інжынер Уладзімір Фёдаравіч Бобел, аграномы Леў Вадзімавіч Бяляўскі і Валянціна Мікалаеўна Яблонская. Амаль трыццаць гадоў бяззменна кіраваў калгасам Міхаіл Вікенцьевіч Ягоўдзік – і старшыня, і чалавек з вялікай літары. Ён бачыў у людзях патэнцыял, умеў іх зацікавіць, даражыў спецыялістамі. Па выніках работы за год прэміі атрымлівалі ўсе, хто спрацаваў з прыбыткам, – ад ніжэйшага да вышэйшага звяна. Гаспадарка была насенняводчай у раёне па зерневых культурах і бульбе – у Гародзьках была свая лабараторыя.

Добрыя ўраджаі ў раслінаводстве давалі магчымасць атрымліваць і высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы меліся ў Малым Запруддзі, Высокім, Гарадзечне і ў Лоску, малочнатаварныя фермы – у Гародзьках, Кашчэлічах, Гарадзечне, свінафермы – у Лоску, Малым Запруддзі і Гарадзечне. Да гаспадаркі адносіліся землі 10 вёсак, былі створаны 11 паляводчых брыгад, дзве з іх – у Лоску. Машынна-трактарны парк налічваў 40 машын і 92 трактары, працавалі брыгадзіры трактарных брыгад. Таму былі ў нас і грошы, хапала ўгнаенняў, паліва. Але галоўны скарб – людзі: свае, вясковыя, больш за 1000 чалавек, добрасумленныя, старанныя, што любілі зямлю і справу, якой займаліся. Працавалі ад цямна да цямна, без выхадных, бо бачылі перспектыву і адчувалі вынікі.

Безумоўна, усё залежыць ад кадраў, але не менш – ад захавання тэхналогій. Унясенне ўгнаенняў, сяўба, уборка – гэтыя працэсы цесна звязаны паміж сабой у своеасаблівы цыкл. Крыху замарудзіў з адным – страціш у іншым. Мяне ва ўсім падтрымліваў М. В. Ягоўдзік, мы стараліся, працавалі адзінай камандай”.

…М. Я. Гіль жыве ў Гародзьках разам з мужам Уладзімірам Фёдаравічам, які працаваў вадзіцелем у гэтай жа гаспадарцы. Атрымала ад калгаса добраўпарадкаванае жыллё. Прыехала на Валожыншчыну маладым спецыялістам, а затрымалася на ўсё жыццё. Лічыць, што галоўнае для чалавека – пакінуць добры след на зямлі. У Лоску пасля яе засталася вялікая, славутая спадчына, якой заўсёды ганарацца. Да вопытнага, граматнага агранома і зараз звяртаюцца за парадамі – нягледзячы на мадэрнізацыю і новаўвядзенні ў сельскай гаспадарцы, слова мудрага практыка дарагога каштуе.

Шаноўная Марыя Якаўлеўна! Дзякуй Вам за працу і адданасць прафесіі, бо на такіх людзях трымаецца зямля.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *