Час для справаздач

Официально

На мінулым тыдні адбылося падвядзенне вынікаў работы Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях за 2018 год. На справаздачы прысутнічаў начальнік установы “Мінскае абласное ўпраўленне МНС” Сяргей Васільевіч Лапановіч.

Найбольшым дасягненнем за справаздачны перыяд стала тое, што ў раёне зменшылася колькасць пажараў і гібелі людзей у агні. Гэта стала магчымым у тым ліку і па прычыне шырокай інфармацыйнай работы, пастаяннага навучання насельніцтва. У планах – і на будучы год не спыняцца на дасягнутым.

Летась на базе ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Валожына” за сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі створаны і дзейнічае раённы міні-цэнтр бяспекі, навучанне ў якім праходзяць не толькі дзеці, але і дарослыя. Выратавальнікі зараз шукаюць новыя шляхі для актывізацыі работы цэнтра. У школе таксама працуе клуб юных выратавальнікаў-пажарных “Ліквідацыя”. Члены клуба забяспечаны парадным і спартыўным абмундзіраваннем, актыўна дапамагаюць выратавальнікам праводзіць прафілактычную работу.

Упершыню ў 2018 годзе прайшоў злёт раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. У праграму мерапрыемства былі ўключаны палявыя вучэнні, стральба з вінтоўкі, спаборніцтва “Устаноўка палаткі”, а таксама шматлікія творчыя конкурсы. Перамагла каманда клуба “Ліквідацыя”. Яны прадставілі наш раён і на абласным узроўні. Мацвей Сіняўскі з малодшай узроставай групы заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе “Школа бяспекі”. Займалі прадстаўнікі раёна і першыя месцы – у конкурсе “Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Клуб “Ліквідацыя” выйшаў у фінал конкурсу “Лепшы клуб юных выратавальнікаў-пажарных”, дзе заняў 6-е месца.

Актыўна праводзіліся заняткі і ў створаным іміджавым пакоі на базе Валожынскай дзіцячай бібліятэкі. Удзельнікамі мерапрыемстваў тут станавіліся выхаванцы дашкольных устаноў.

Работнікі Валожынскага раённага аддзела мераліся сіламі ў разнастайных абласных і раённых спартыўных спаборніцтвах, спартакіядах.

За мінулы год значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне аддзела: закуплены кампрэсар для запраўкі паветрам апаратаў, а таксама абсталяванне для выратавання людзей на вадзе. Станоўча змяніліся санітарна-бытавыя ўмовы нясення службы, праведзены касметычны рамонт будынкаў і памяшканняў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *