Матулін гонар

Безопасность и здоровье

Адносіны маці да сына – тонкая мяжа паміж апекай і выхаваннем самастойнай асобы. Памылкай жанчыны можа стаць празмернае хваляванне, што з сынам абавязкова нешта дрэннае здарыцца: падзенне з веласіпеда, бойка з аднакласнікамі. Застрахавацца ад усяго немагчыма. Таму з самага нараджэння хлопчыка яго маці павінна думаць, як не дапусціць празмернай апекі і не сапсаваць сыну жыццё.

Наша гераіня гэта зразумела адразу. Таццяна Міхайлаўна СТАНКЕВІЧ 25 гадоў працуе інспектарам справаводства ў Валожынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Выхавала дваіх цудоўных сыноў, якія ўжо маюць свае сем’і. Адзін з іх, Аляксандр, адзінаццаць гадоў назад таксама прыйшоў служыць у МНС.

– Ведаючы службу знутры, як Вы, Таццяна Міхайлаўна, аднесліся да выбару сына?

– Калі шчыра, то спачатку я трохі спалохалася. За час работы бачыла і чула, як няпроста быць выратавальнікам. Людзям, далёкім ад гэтай прафесіі, складана ўявіць, што адчувае чалавек, дастаючы з-пад завалаў загінуўшых, калі на яго руках памірае дзіця… Але я разумела, што ратаваць – справа высакародная і неабходная. А сын мае права выбіраць, дзе і кім працаваць. Мае дзеці з самага маленства не баяліся быць самастойнымі. І як выраслі, мне засталося толькі падтрымліваць сваіх хлопцаў. Цяпер я ганаруся сынамі. Аляксандр, які стаў выратавальнікам, вызначаецца адказнасцю, сур’ёзнасцю. Інакш у такой прафесіі немагчыма. Выратавальнікі павінны ў любы момант, у любы час сутак прыйсці на дапамогу пацярпелым людзям. Безумоўна, калі чую, што недзе адбыўся чарговы пажар, а сын паехаў на тушэнне, моцна перажываю. Але стараюся не паддавацца эмоцыям, супакойваю сябе, што ўсё скончыцца добра.

Жонка Сашы таксама служыць у нашым аддзеле. Наташа – дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання. Так што адзін аднаго яны разумеюць з паўслова. Магчыма, што і іх сын, мой унук некалі выбера гэту дастойную прафесію і прадоўжыць сямейную справу.

Жыццё чалавека – бясцэнны дар. На жаль, часта ўзнікаюць сітуацыі, якія нясуць смяртэльную небяспеку. І вельмі патрэбна, каб былі сярод нас людзі, гатовыя супрацьстаяць бядзе.

Алеся РАДВІЛОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *