Без страху глядзіць небяспецы ў вочы…

Официально

Аляксандр Вячаслававіч ЖУРКЕВІЧ амаль 20 гадоў стаіць на варце бяспекі, большую частку з іх ён працуе начальнікам падраздзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Аляксандр цвёрда перакананы, што выбраў прафесію правільна. Падчас нясення службы ў яго было нямала выездаў на складаныя пажары. За плячамі ў Аляксандра – вялікі вопыт ліквідацыі надзвычайных здарэнняў, выратавання чалавечых жыццяў, маёмасці. На яго думку, няма на свеце нічога больш высакароднага, чым займацца такой справай.

Цікава злучыў лёс Аляксандра з узгараннямі на мясцовым ільнокамбінаце. Ён, займаючы розныя пасады, тройчы ўдзельнічаў у тушэнні тут пажараў: у 1999 годзе, будучы  старшым пажарным, у 2003-м – начальнікам каравула, у 2015-м – начальнікам часці. Пры яго непасрэдным удзеле выратавана амаль 3000 тон ільносыравіны.

За гады службы Аляксандр Вячаслававіч заслужыў рэпутацыю  кваліфікаванага, дысцыплінаванага і працалюбівага работніка. Ён валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, заўсёды настойліва дабіваецца выканання пастаўленых задач. Яму не займаць рашучасці і смеласці. Каб заўсёды быць у добрай фізічнай форме, ён займаецца спортам. Перавагу аддае настольнаму тэнісу.

За добрасумленнае стаўленне да службовых абавязкаў і высокі прафесіяналізм маёр Журкевіч неаднаразова адзначаўся граматамі і падзякамі з боку кіраўніцтва, дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі.

Паплечнікі па рабоце сцвярджаюць, што Аляксандр Журкевіч – чалавек вясёлы, кампанейскі. Ён ніколі не адмаўляе калегам у дапамозе і выручцы, ахвотна перадае вопыт маладой змене. А дома начальніка падраздзялення чакае дружная сям’я, дзе ён – любімы муж і бацька. І трэба ведаць, з якой пяшчотай ставіцца Аляксандр да ўсяго, што датычыцца сям’і, ладу ў ёй і дабрабыту!

Наш кар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *