Няхай званы на золку будзяць слых…

Общество

Сёлета нашаму гораду спаўняецца 610 гадоў.
У сваім артыкуле з нагоды такой слаўнай даты хачу звярнуць увагу ў асноўным на тыя падзеі, якія ў мінулым адыгралі значную ролю ў жыцці Валожына, садзейнічалі яго развіццю і ўмацаванню і якія яшчэ малавядомыя чытачам газеты.
Наш Валожын адносіцца да ліку старэйшых гарадоў Беларусі, хаця дакладная дата яго заснавання яшчэ не ўстаноўлена. Час пакуль надзейна хавае гэту тайну ў глыбіні стагоддзяў.
Трэба адзначыць, што месца, выбранае для пасялення, цалкам адпавядала патрабаванням таго часу. Пры заснаванні гарадзішча ўлічваліся наяўнасць цэнтральнага ўзгорка, блізкасць ракі, наяўнасць шляхоў зносін, якія перасякаліся на ўскрайку Налібоцкай пушчы.
У ХII-ХIII стагоддзях землі сучаснай Валожыншчыны знаходзіліся на мяжы рассялення балцкіх і славянскіх народаў і падпарадкоўваліся ўдзельным заходнерускім княствам. Пазней, у ХIII-ХVIII стагоддзях, тэрыторыя ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага.
Першыя ўпамінанні пра Валожын сустракаюцца ў нямецкіх хроніках у 1400 годзе. Там гаворыцца, што галоўным заняткам насельніцтва з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля і што тут можна знайсці значныя запасы сельгаспрадуктаў. Менавіта гэта дата ўзята за дату заснавання нашага райцэнтра.
У ХV-ХХ стагоддзях неаднаразова мяняўся статус Валожына і яго адміністрацыйна-тэрытарыяльная падначаленасць. У 1507 годзе горад упамінаецца як цэнтр староства, якое ўваходзіла ў склад Навагрудскага ваяводства (староства – дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у XVI-XVIII стагоддзях, які мог быць перададзены вялікім князем на карысць феадала за ўзорную ваенную і дзяржаўную службу). Староства станавілася прыватнай уласнасцю, якую можна было перадаць у спадчыну, прадаць альбо падарыць. У сувязі з гэтым Валожын у розныя часы належаў такім буйным вяльможам, як Монвіды, Вярэйскія, Гаштольды, Радзівілы, Слушкі, Чартарыйскія. Апошнімі ўладальнікамі Валожына і многіх навакольных маёнткаў з 1803 па 1939 гады былі графы Тышкевічы.
У 1551 годзе Валожын упершыню ўпамінаецца як мястэчка ў складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. (Мястэчка – вялікае сяло з некаторымі прыкметамі горада. Яно ўвасабляла ў сабе рысы, характэрныя для гарадоў і вёсак. У адрозненне ад вёсак частка насельніцтва мястэчак займалася рамяством і гандлем. Тут рэгулярна праходзілі таргі і кірмашы, існавалі гандлёвыя крамы і корчмы. Абавязкова мелася гандлёвая плошча, якую часцей за ўсё называлі рынкам). Такая ж гандлёвая плошча і ў мястэчку Валожын, якую людзі называлі «Рынак». Ад плошчы разыходзіліся дзве асноўныя вуліцы – Мінская і Віленская. Па краях плошчы і вуліц туліліся адна да адной крамы і майстэрні мясцовых гандляроў і рамеснікаў. Іх тавары і дабротныя індывідуальныя вырабы прыцягвалі ўвагу не толькі местачкоўцаў, але і прыезджага люду.
Як бачым, статус Валожына ў ХVI стагоддзі павышаецца. Гэтаму садзейнічала выгаднае геаграфічнае палажэнне і асабліва тое, што горад быў размешчаны на бойкім гандлёвым шляху, які звязваў буйныя ўжо ў той час гарады Мінск і Вільня. Гэты стары тракт да сённяшняга дня людзі мусяць называць «Кацярынінскім», хаця на самай справе расійская імператрыца Кацярына Вялікая ніякіх адносін да яго не мела.
У мястэчку Валожын ахвотна сяліліся многія рамеснікі, дробныя купцы, уладальнікі пітных устаноў накшталт карчмы, якія ў любы час маглі абслужыць падарожніка.
Некалькі слоў пра карчму. У цяперашнім разуменні гэта невялікая сталовая, дзе падарожнік мог падсілкавацца. Але гэта далёка не ўсё. Як правіла, карчма – вялікі аднапавярховы альбо нават двухпавярховы будынак, дзе меліся вялікая сталовая і спальныя пакоі. Чалавек мог не толькі пад’есці і адпачыць, але і пераначаваць. Каля карчмы абавязкова знаходзілася вялікая вазоўня, куды свабодна заязджала павозка з коньмі. Тут можна было набыць корм для жывёлы, адрамантаваць павозку, падкаваць каня.
З цягам часу корчмы замянілі паштовыя станцыі, якія знаходзіліся ў дзяржаўным распараджэнні. На паштовай станцыі падарожнік меў магчымасць толькі памяняць коней і ехаць далей.
У другой палове ХVI стагоддзя ўнутранае і знешняе становішча Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства настолькі ўскладнілася, што феадалы гэтых дзяржаў мусілі ў 1569 годзе падпісаць у Любліне пагадненне аб Уніі, па якому яны аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву – федэратыўную Рэч Паспалітую. У сярэдзіне ХVIII стагоддзя Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане глыбокага палітычнага крызісу. Слабасць дзяржавы скарысталі ўрады Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўрэшце ажыццявілі падзел Рэчы Паспалітай. У выніку ў 1793 годзе да Расіі адышлі землі цэнтральнай часткі Беларусі, у тым ліку і наш Валожын. На загаду Кацярыны II шляхта і магнаты былі прыведзены да прысягі на вернасць рускай імператрыцы і дзяржавы. Кацярына адбірае мястэчка Валожын у Радзівілаў і перадае яго і навакольныя землі свайму прыхільніку Адаму Чартарыйскаму. У 1801 годзе ўся тэрыторыя Беларусі была падзелена на пяць губерняў. Мястэчка Валожын, Валожынская, Вішнеўская, Гальшанская, Забрэзская і Крэўская воласці Ашмянскага павета ўвайшлі ў склад Віленскай губерні.
У 1803 годзе А. Чартарыйскі прадае Валожын Віленскаму старасту графу Юзафу Тышкевічу. У той час мястэчка налічвала 2446 жыхароў, у тым ліку 1900 яўрэяў, 406 праваслаўных і 140 католікаў.
Вядомы на Беларусі і ў Польшчы род Тышкевічаў даў свету выдатных палітычных і дзяржаўных дзеячаў, пісьменнікаў і вучоных. Тышкевічы былі ўладальнікамі незлічоных багаццяў: вялікай колькасці мястэчак, вёсак, фальваркаў, зямельных угоддзяў і лясных масіваў. Яны пакінулі нам у спадчыну некалькі непаўторных палацавых комплексаў, былі ініцыятарамі і фундатарамі будаўніцтва дзесяткаў культавых будынкаў. У 1803-1806 гадах новы ўладальнік пабудаваў і ў Валожыне палацава-паркавы ансамбль з вялікай аранжарэяй, а ў 1816 годзе – касцёл Святога Юзафа.
У 1806-1892 гадах у Валожыне дзейнічала вышэйшая рэлігійная яўрэйская навучальная ўстанова – іешыва, дзе адначасова вучыліся 300 слухачоў з Расіі, Англіі, Сірыі, Аўстраліі, Амерыкі і нават Японіі, іншых краін свету. Валожын ужо ў той час быў вядомы ў далёкім замежжы, яго называлі «Рымам літоўскіх яўрэяў».
12 чэрвеня 1812 года пачалася Айчынная вайна з французамі. Войскі Напалеона праходзілі і праз наш раён. Валожын займаў важнае стратэгічнае значэнне ў час наступлення французаў, таму што знаходзіўся на старажытным тракце Ашмяны-Гальшаны-Багданава-Вішнева-Пяршаі-Ракаў-Мінск. Неаднойчы ўпамінаецца горад у загадах камандуючых рускімі і французскімі арміямі. Французскі маршал Л. Даву імкнуўся як мага хутчэй захапіць Мінск і перарэзаць адступленне рускай арміі пад камандаваннем Баграціёна, якая мела намер прабіцца праз Валожын на Мінск. Напалеон лічыў, што Баграціён 5-6 ліпеня 1812 года будзе ў Валожыне, таму загадаў маршалу Даву падцягнуць да мястэчка значныя сілы. Баграціён, разгадаўшы намер праціўніка, змяніў накірунак адступлення. 4 ліпеня маршал Даву заняў Валожын.
19 лютага 1861 года цар Аляксандр II падпісаў Маніфест аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Але ў выніку аграрнай рэформы памешчыкі на Беларусі захавалі ў сваёй уласнасці больш за палову зямлі. Такое становішча назіралася і ў Валожынскай воласці: сяляне 81 вёскі атрымалі толькі 16 тысяч дзесяцін зямлі, а ў 17 маёнтках засталося 49 дзесяцін (1 дзесяціна – 1,09 гектара). Гэта выклікала незадаволенасць, пратэсты і выступленні сялян і ў маёнтках графа Тышкевіча.
У 1963 годзе пачалося паўстанне беларускага народа пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У канцы таго ж года паўстанцкі атрад сфарміраваўся ў Валожынскай воласці і налічваў некалькі соцень чалавек, ім камандаваў адстаўны капітан Козел.
Летам 1914 года пачалася першая сусветная вайна. Працоўным людзям яна прынесла незлічоныя беды. Працаздольныя мужчыны былі мабілізаваны ў армію. Гінула шмат мірных жыхароў, знішчаўся матэрыяльны і духоўны набытак. Вайна, гаспадарчая разруха і голад паскорылі надыход рэвалюцыйнага крызісу. 25 кастрычніка 1917 года рабочыя і рэвалюцыйныя салдаты Петраграда зверглі буржуазны Часовы ўрад. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў узяў уладу ў свае рукі. Паўсюдна на Беларусі пачалі стварацца органы Савецкай улады і кіравання. У першыя ж дні існавання савецкай улады на Валожыншчыне пачалі ажыццяўляцца сацыялістычныя пераўтварэнні. Быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень, устаноўлены рабочы кантроль над вытворчасцю і размеркаваннем прадуктаў. Пачаў ажыццяўляцца Дэкрэт аб зямлі, што горача віталі сялянскія масы.
Аднак мірнае будаўніцтва новага жыцця працягвалася нядоўга. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 года, землі Заходняй Беларусі, у тым ліку і Валожыншчына, увайшлі ў склад Польшчы. Кіруючыя колы гэтай краіны ператварылі землі Заходняй Беларусі, як яны называлі «Kresy wschodnie», у сыравінны прыдатак прамысловых рэгіёнаў Польшчы, рынак збыту і крыніцы таннай сыравіны і рабочай сілы.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі польскі ўрад аднавіў палітыка-адміністрацыйнае дзяленне, страчанае ў канцы ХVIII стагоддзя. Замест губерняў былі ўтвораны ваяводствы, замест уездаў – паветы, воласці змянілі гміны. 4 лютага 1921 года быў утвораны Валожынскі павет, які ўвайшоў у склад Навагрудскага ваяводства. Агульная плошча павета складала 3545 квадратных кіламетраў, насельніцтва – 98511 чалавек. У самім Валожыне налічвалася 4070 жыхароў.
У склад Валожынскага павета ўваходзілі наступныя гміны: Бакштанская, Вішнеўская, Іўеўская, Налібоцкая, Седлішчанская, да 1926 года – Дзераўнянская, Ліпнішская, Палачанская, Суботніцкая, з 1926 года – Валмянская, Івянецкая, Пяршайская.
26 красавіка 1929 года Рада Міністраў Польшчы сваім распараджэннем за № 309 надала Валожыну статус горада. Адачасова ў гэтым дакуменце гаворыцца аб далучэнні да яго навакольных вёсак Бандары, Келевічы, Еўлашы і Паніззе. З іх далучэннем у Валожыне з’явіліся новыя вуліцы: Міцкевіча (сёння Кірава), Садовая (Беларуская), Масціцкага (Кастрычніцкая), Навагрудская (Леніна).                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                           Чырвоная Армія перайшла граніцу былой Польскай дзяржавы 17 верасня 1939 года і пачала свой вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь. У гэты дзень быў вызвалены і Валожын. На той момант у горадзе пражывала 6,8 тысячы жыхароў. 2 лістапада 1939 года V сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР. 12 лістапада таго ж года III сесія Вярхоўнага Савета БССР таксама прыняла закон аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Гэта быў акт гістарычнай справядлівасці, які паклаў канец падзелу Беларусі, аднавіў яе тэрытарыяльную цэласнасць.
15 студзеня 1940 года на падставе ўказа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Валожынскі павет быў скасаваны і ўтвораны Валожынскі раён, які ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці. Замест гмін з’явіліся сельскія Саветы. З Івянецкай быў створаны Івянецкі раён.
З устанаўленнем Савецкай улады працоўныя Валожыншчыны за кароткі тэрмін ажыццявілі шэраг буйных мерапрыемстваў у палітычным, гаспадарчым і культурным будаўніцтве: нацыяналізавалі прамысловыя прадпрыемствы, знішчылі памешчыцкае землеўладанне, увялі бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, адкрылі пачатковыя і сямігадовыя школы, выкладанне ў якіх вялося на беларускай мове. Найбольш свядомыя сяляне з батракоў, беднякоў і сярэднякоў сталі ствараць калгасы. Да чэрвеня 1941 года ў раёне былі створаны сем калгасаў, дзейнічала машынна-трактарная станцыя (МТС).
Далейшы росквіт эканомікі і культуры, мірная стваральная праца беларускага народа былі перарваны вераломным нападам фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. 25 чэрвеня танкавыя і пяхотныя часці вермахта ўварваліся ў палаючы Валожын. 26 чэрвеня яны акупіравалі ўсю тэрыторыю раёна, а 27 чэрвеня быў захоплены Івянец.
У адказ на жорсткасць акупацыйнага рэжыму валожынцы смела паўставалі на барацьбу з ворагам. Непасрэдна на тэрыторыі раёна дзейнічалі 9 партызанскіх брыгад агульнай колькасцю звыш 8 тысяч народных мсціўцаў.
За гады акупацыі фашысты замучылі, расстралялі і спалілі зажыва больш за 8 тысяч мірных жыхароў раёна, каля 2 тысяч вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Некалькі брацкіх магіл ёсць непасрэдна і ў Валожыне. На месцах расстрэлу мірных жыхароў, вязняў Валожынскага гета ўстаноўлены сціплыя помнікі.
5 ліпеня 1944 года савецкія войскі, пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка і пры актыўнай дапамозе партызан Баранавіцкага злучэння, вызвалілі Валожын, а на наступны дзень Івянец. Цалкам раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 7 ліпеня. Неўзабаве была зменена адміністрацыйная прыналежнасць Валожына і раёна, якія з 20 верасня 1944 года ўвайшлі ў склад Маладзечанскай вобласці.
З 1 студзеня 1963 года раён быў ліквідаваны і ўвайшоў у склад Маладзечанскага, а 15 студзеня 1965 года па рашэнню Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Валожынскі раён быў адноўлены.
Тэрыторыя Валожынскага раёна раўнялася 1,9 квадратнага кіламетра. У 1966 годзе ў раёне пражывала 50,7 тысячы чалавек, гарадское насельніцтва складала 32,3 працэнта. Валожыншчына сёння – гэта 432 населеныя пункты. Згодна з перапісам 1999 года, у Валожыне налічвалася 11629 чалавек: 10477 беларусаў, 758 рускіх, 189 палякаў, 148 украінцаў, 17 яўрэяў. 40 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей.
У канцы мінулага стагоддзя Валожын атрымаў свой герб і гімн – сімвалы, якія адлюстроўваюць яго гістарычны шлях. 25 чэрвеня 1998 года райвыканкам зацвердзіў герб горада (пратакол № 9 ад 25 чэрвеня 1998 г.). Аўтарамі «Гімна Валожынскай зямлі» з’яўляюцца вядомы беларускі кампазітар Э. Зарыцкі і былы старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Маляўскі.
Наш Валожын з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых гарадоў Міншчыны. Пастаянны клопат раённых улад пра добраўпарадкаванне і азеляненне даў свой плён, і некалькі гадоў таму горад стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню. Аднак сапраўднай жамчужынай прыгажосці з’яўляюцца архітэктурныя помнікі рэспубліканскага значэння, якія захаваліся ў цэнтры горада, – палацавы ансамбль былой рэзідэнцыі графоў Тышкевічаў, пабудаваны па праекту А. Касакоўскага ў 1803-1806 гадах, а таксама касцёл святога Юзафа, пабудаваны ў стылі класіцызму ў 1816 годзе, і праваслаўная царква ў гонар Святых Алены і Канстанціна, помнік драўлянага дойлідства. Гэтыя помнікі, а таксама шэраг іншых, прыцягваюць экскурсантаў. Штогод іх прыток павялічваецца.

Публікацыю падрыхтаваў
Мечыслаў НОВАК



Добавить комментарий