Захаваць лад і згоду

Официально

Па традыцыі, у студзені супрацоўнікі РАУС праводзяць аналіз сваёй работы за папярэдні перыяд. На мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама прайшоў прадстаўнічы сход, на якім былі агучаны вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2018 год.

Удзел у рабоце форуму прынялі намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун і начальнік раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік юстыцыі В. Л. Юрэвіч. Прымаў справаздачу намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС  аблвыканкама палкоўнік міліцыі Андрэй Анатольевіч Грыб. Першым слова ўзяў начальнік РАУС маёр міліцыі Дзмітрый Аляксандравіч Вяроўчык.

У сваім выступленні Дзмітрый Аляксандравіч падрабязна расказаў пра ўсе кірункі дзейнасці аддзела, даў аб’ектыўную характарыстыку крымінагеннай абстаноўцы ў раёне, звярнуў увагу на ўпушчэнні і недапрацоўкі ў паўсядзённай рабоце, акрэсліў тыя задачы, якія неабходна рашаць у бліжэйшай будучыні, і ўказаў на магчымыя метады іх рашэння. Самы станоўчы момант – зніжэнне злачыннасці ў раёне на 20 пунктаў. Між тым, вырасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, ідуць “уверх” рэцыдыўныя правапарушэнні і злачынствы на сямейна-бытавой глебе. Ускладнілася сітуацыя і на дарогах: за справаздачны перыяд траўміраваны 29 чалавек, загінулі – 9.      

У сваім дакладзе начальнік РАУС агучыў шмат лічбаў, якія характарызуюць і пад’ёмы, і спады ў міліцэйскай дзейнасці. Вядома, кожнаму хацелася б пазбегнуць прыкрых момантаў, але, як гаворыцца, не памыляецца той, хто нічога не робіць. Бываючы ў розных кутках Валожыншчыны, размаўляючы з людзьмі, не раз даводзілася чуць станоўчую ацэнку дзейнасці праваахоўных органаў. Міліцыі жыхары раёна давяраюць і лічаць, што са сваімі абавязкамі яны спраўляюцца.

Падчас выступлення Д. А. Вяроўчыка стала зразумела: супрацоўнікам аддзела важна не дапусціць, каб чалавек, схільны да антыграмадскіх паводзін, учыняў злое, уступаў у спрэчкі з законам, атручваў жыццё навакольным. Таму кіраўніцтва РАУС асабліва заклапочана ўзроўнем прэвентыўных мер і прафілактыкі правапарушэнняў. Адна з прычын дапушчаных недахопаў – недаўкамплектаванасць штату. Здараецца, што нейкае падраздзяленне вымушана аказваць дапамогу іншаму, а ў выніку падае эфектыўнасць у абодвух.

Сваё бачанне бягучага моманту і перспектывы акрэслілі таксама намеснікі начальніка РАУС В. У. Кішко, С. В. Латышаў, С. А. Гелда. Даволі канструктыўную крытыку з боку палкоўніка А. А. Грыба выклікала работа крымінальнай міліцыі. Праблемнымі застаюцца тэрыторыі 65 дачных таварыстваў. Пастаўлена задача за 6 месяцаў выправіць становішча.

Больш абавязкаў ускладаецца на членаў выязных следча-аператыўных груп. У прыватнасці, ім рэкамендавана папярэджваць, а потым і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці пешаходаў, якія знаходзяцца ў цёмны час сутак на праезнай частцы дарогі без святлоадбівальных элементаў.

Што датычыцца кадравай работы, то ад кожнага супрацоўніка аддзела чакаецца сур’ёзнае стаўленне да фізічнай і службовай падрыхтоўкі, патрабуецца і аздараўленне агульнай дысцыпліны ў калектыве. 

Думаю, няма патрэбы паглыбляцца больш дэталёва ў спецыфіку работы праваахоўнікаў. Скажу адно: свой доўг і абавязкі яны ведаюць, задачы кіраўніцтвам пастаўлены, шлях выканання таксама вызначаны. Спадзяёмся, што планы міліцыі са справай не разыдуцца.

Напрыканцы мерапрыемства слова ўзяў намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун. Ён адзначыў, што неабходна прыкласці ўсе сілы на павелічэнне эфектыўнасці ў рабоце, аддзел працуе стабільна і мае патэнцыял для большых здзяйсненняў. Асобая пахвала з вуснаў Ігара Уладзіміравіча прагучала ў адрас тых супрацоўнікаў, якія здолелі падняць раскрыццё злачынстваў у Ракаўскай зоне да 67 працэнтаў: “Малайцы! Гэта складаны ўчастак, і вы ўвойдзеце ў гісторыю…”

Самым прыемным момантам стала ўзнагароджанне лепшых супрацоўнікаў міліцыі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь медалём “За бездакорную службу” III ступені ўзнагароджаны начальнік аддзялення крымінальнага вышуку маёр міліцыі Арцём Пятровіч Гульба. За высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю маёр міліцыі Аляксандр Вітальевіч Акушка атрымаў Ганаровую грамату УУС Мінаблвыканкама. Падзякі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама аб’яўлены старшаму лейтэнанту А. І. Ерахаўцу і старшыне А. М. Башаркевічу. Таксама былі названы прозвішчы тых, хто спрацаваў з добрымі вынікамі і заслугоўвае павагі калег: старшы лейтэнант, участковы інспектар міліцыі Дзяніс Зубкоўскі; старшы лейтэнант, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Святлана Лукашанец; старшы прапаршчык, памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі грамадскай бяспекі Дзмітрый Пачыкоўскі; старшы прапаршчык, міліцыянер-дзяжурны ізалятара для часовага ўтрымання Аляксандр Радвіловіч; капітан, інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ Дзяніс Барысевіч.      

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Віталя МЫШЛЁНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *