Лепшая ў вучэбнай дзейнасці

Официально

У цэнтральным рэгіёне ў чацвёрты раз прайшоў штогадовы конкурс “Вучань года Мінскай вобласці-2018”. Цырымонія ўшанавання яго пераможцаў стала завяршальным акордам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Самыя таленавітыя, творчыя, спартыўныя, эрудзіраваныя хлопцы і дзяўчаты Міншчыны сабраліся на ўрачыстасць у Дзяржынскім гарадскім доме культуры. Узнагароды атрымалі школьнікі, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце, з’яўляюцца актывістамі дзіцячага і маладзёжнага руху, прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Адбор лепшых праводзіўся па пяці напрамках: вучэбная, спартыўная, праектная, творчая, грамадская і працоўная дзейнасці. Інфармацыя пра інтарэсы і захапленні кожнага з рабят была прадстаўлена на мабільных стэндах.

У намінацыі “Вучэбная дзейнасць” у лік пяці пераможцаў увайшла вучаніца 10 класа гімназіі № 1 г. Валожына Наталля Маслоўская. Усяго ж фіналістамі сталі 25 школьнікаў. Начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч уручыла ім памятныя знакі, статуэткі і пасведчанні.

Наогул, у конкурсе прынялі ўдзел больш за 400 рабят з навучальных устаноў Мінскай вобласці. Каманду Валожынскага раёна прадстаўлялі Наталля Маслоўская і Карына Азарэвіч з гімназіі № 1 г. Валожына, Кацярына Бацян і Валерыя Богдан з СШ № 2, Алеся Загорская з СШ № 1, Анастасія Баталава з Сакаўшчынскага ВПК, Ілья Шугаеў і Віялета Каласоўская з Івянецкай СШ. У ліку 99 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выйшлі на абласны ўзровень, аказаліся чацвёра з іх. Гэта Наталля Маслоўская, Кацярына Бацян, Анастасія Баталава, Ілья Шугаеў. Яны і прадставілі наш раён на ўрачыстасці ў Дзяржынску.

Усе ўдзельнікі цырымоніі ўзнагароджання атрымалі не толькі зарад станоўчых эмоцый, добры настрой, але і салодкія навагоднія падарункі ад Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. У завяршэнне Дзяржынскі раён прапанаваў увазе прысутных казачнае прадстаўленне «Сон у навагоднюю ноч».

Наш кар.

Каманда рабят, якія прынялі ўдзел у конкурсе “Вучань года Мінскай вобласці-2018”.

Вучаніца 10 класа гімназіі № 1 г. Валожына Наталля МАСЛОЎСКАЯ – “Вучань года Мінскай вобласці-2018” у намінацыі “Вучэбная дзейнасць”. Дзяўчына добра паспявае па ўсіх прадметах, сярэдні бал за другую чвэрць 2018/2019 года – 9,2. Два папярэднія гады прымала ўдзел у прадметнай алімпіядзе па матэматыцы, дзе паказвала добрыя вынікі. Сёлета аддала перавагу англійскай мове і заняла другое месца ў раёне. Наталля лічыць, што менавіта гэтыя прадметы спатрэбяцца ёй у далейшым для паступлення ў ВНУ.

У 2018 годзе вучаніца пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Таццяны Іванаўны Саевіч правяла даследчую працу па рускай мове “Корпуснае даследаванне семантычнага поля лексемы ІТ”, якая заваявала дыпломы I ступені на раённым і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбных прадметах. У лютым Наталля будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на заключным этапе конкурсу. Таксама з гэтай работай школьніца паўдзельнічала ў Міжнародным конкурсе навуковых работ школьнікаў і педагогаў “Прызма”, дзе атрымала дыплом III ступені.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *