Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На мінулым тыдні два кіраўнікі гаспадарак нашага раёна ў складзе невялікай дэлегацыі з васьмі чалавек пабывалі ў Чэхіі. Арганізавала паездку за вопытам Прамысловая палата Магілёва. Далейшую праграму наведвання ўзяў на сябе Саюз жывёлаводаў Чэхіі.

У складзе дэлегацыі былі кіраўнік ААТ “Агра-Дубінское” Г. В. Каспяровіч і дырэктар СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Г. У. Бычкоўскі. Прадстаўнікі Беларусі наведалі некалькі малочных і мясных ферм краіны, лабараторыі аналізу кармоў для жывёлы, вытворчасць па прыгатаванні кармавых дабавак і іншыя сельскагаспадарчыя аб’екты. “Амерыку” для сябе не адкрылі, усё падобна да нашага, але зусім іншая прадукцыйнасць малочнага статка краіны. Ад 10 да 12 тысяч літраў малака на карову – такі вынік работы жывёлаводаў Чэхіі, і вось менавіта гэтаму трэба вучыцца, працаваць на агульны вынік. Прымаючы бок арганізаваў для гасцей і экскурсію па сваёй сталіцы – прыгажуні Празе, бо пунктамі іх рабочай камандзіроўкі былі значна меншыя гарадкі краіны.

 

Многім інвалідам раёна і старым людзям 21 студзеня запомніцца не толькі падарункамі, але і цеплынёй, увагай з боку маладога пакалення. Старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў В. А. Субач разам з валанцёрамі дабрачыннай арганізацыі “Адра” з Мінска аб’ехалі з падарункамі паўраёна.

25 салодкіх падарункаў уручылі пастаяльцам Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду. Затым наведалі Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, дзе раздалі 164 падарункі, а валанцёры выступілі з невялікім канцэртам. 10 пакетаў з ласункамі адправіліся людзям, што знаходзяцца на сацыяльных ложках у Ракаўскай участковай бальніцы. Па дарозе ў Івянец заехаліся ў вёску Пакуці, дзе наведалі маладога інваліда Паўла Арлоўскага. Далейшай кропкай стаў Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат, дзе ўручылі 54 падарункі выхаванцам, а потым спявалі разам. 25 салодкіх падарункаў даставілі таксама ў Івянецкую бальніцу: іх атрымалі старыя нямоглыя людзі, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках.

 

У нашым раёне ўведзена наступная практыка: для дзяцей, што атрымалі сіроцкі статус (а гэта ў пераважнай большасці сацыяльныя сіроты), у першую чаргу падбіраюцца сем’і, якія б замясцілі ім родную сям’ю, а не інтэрнацкія ўстановы.

Па выніках мінулага года чатыры дзіцяці былі ўсыноўлены. Такім чынам тры хлопчыкі і адна дзяўчынка знайшлі новыя сем’і, і не толькі ў нашым раёне. У органе апекі і папячыцельства ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама маецца банк даных кандыдатаў ва ўсынавіцелі. На дадзены момант на чарзе дзве сям’і, якія жадаюць усынавіць дзіця, і яшчэ дзве праходзяць псіхалагічную дыягностыку ў раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры па пытанні выхавання ўсыноўленых дзяцей.

 

У канцы мінулага года ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна зроблены капітальны рамонт хола на першым паверсе. Неабходныя матэрыялы былі закуплены за ўласныя пазабюджэтныя сродкі, а вось непасрэдна рамонтныя работы, якія вяліся сіламі работнікаў ААТ “ПМК-188”, аплаціў раённы бюджэт.

Старая драўляная падлога заменена пліткай, на сценах з’явілася сучасная дэкаратыўная тынкоўка, па-новаму выглядае і столь, заменены 11 дзвярэй. Новыя дзверы з’явіліся не толькі ва ўсіх кабінетах, устаноўлены таксама адны металічныя і адны, якія не прапускаюць дым, што знаходзяцца на выхадзе на лесвіцу. Хол аформлены ў светла-зялёных і светла-жоўтых танах. Новыя сцены ўпрыгожылі малюнкі – парачка яркіх зімародкаў нагадвае, што гэта птушка – сімвал нашага раёна, і прыгожыя дамы як сімвал жыцця. Малюнкі – работа педагогаў дадатковай адукацыі Івана Міхеткіна і маладога спецыяліста Ірыны Жабко.

 

19 студзеня ў Мінскай абласной спартыўна-аздараўленчай базе “Галактыка” аграгарадка Ракаў прайшло вялікае спартыўнае свята – “Ракаўская лыжня-2019”, прысвечанае Сусветнаму дню снегу. У свяце прымалі ўдзел зборныя каманды Валожынскага, Маладзечанскага і Дзяржынскага раёнаў, а таксама сямі падведамасных абласных спартыўных арганізацый.

 Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме нашага райвыканкама арганізоўвала спартыўную частку свята, культработнікі раёна – канцэртна-забаўляльную. Былі праведзены мас-старты для хлопчыкаў і дзяўчынак, мужчын і жанчын. Першыя пяць лепшых лыжнікаў у кожнай катэгорыі атрымалі прызы. Затым усе ўдзельнічалі ў вясёлых і жартоўных гульнях: каталіся на цюбінгах, вызначалі самага трапнага стралка ў кіданні сняжкоў, іншых. Пасля спаборніцтваў і гульняў на свежым паветры ўдзельнікі былі запрошаны на агульны смачны абед.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *