Зазірнуўшы ў запісы ЗАГСа

Официально

Раённымі органамі рэгістрацыі ў перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2018 года ў раёне зарэгістраваны 185 шлюбаў. У гэтым спісе значацца пары, якія зарэгістравалі шлюбныя адносіны ў даволі паважаным узросце (ад 46 да 50 гадоў – 5, ад 51 да 55 гадоў – 7, ад 56 да 60 гадоў – 5). Больш за ўсё шюбаў заключана ва ўзросце да 31 года (123). Скасавана шлюбаў – 20.    

На працягу года на тэрыторыі раёна выдадзены пасведчанні аб нараджэнні 283 нованароджаных, з іх 113 зарэгістраваны аддзелам ЗАГС Валожынскага раёна, астатнія – сельвыканкамамі. Дзяўчынак нарадзілася больш – 148, хлопчыкаў – 135. Мінулы год не падарыў Валожыншчыне ні двайнят, ні трайнят. У адной сям’і нарадзілася сёмае дзіця, яшчэ ў адной – шостае, у чатырох – пятае, 15 сем’яў абагаціліся чацвёртым і 58 трэцім дзіцем. Самы прадуктыўны ўзрост для татаў і матуль – ад 25 да 30 гадоў (85 бацькаў і 98 маці). Шмат тых, хто нарадзілі дзяцей ва ўзросце ад 30 да 35 гадоў (бацькамі сталі 77 мужчын і 65 жанчын). Ёсць і тыя, да каго бацькоўскае шчасце прыйшло ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў (9 мужчын і 5 жанчын), а таксама ва ўзросце ад 45 да 50 гадоў (4 мужчыны і 1 жанчына).

Што тычыцца імён, самым папулярным жаночым стала Ганна, так названы 13 дзяўчынак. Наступныя па папулярнасці імёны – Ксенія, Дар’я, Софія, Аліса, Мілана, Вікторыя, Лізавета, Юлія. У спісе фігуруюць таксама Васіліса, Ева, Караліна, Аліна, Марыя, Ульяна. Сярод не самых распаўсюджаных – Герда, Ясенія, Любава, Марыяна, Мілада, Ніколь. Хлопчыкаў у населеных пунктах раёна часцей за ўсё называлі Арцёмамі (13 рэгістрацый). Па-ранейшаму запатрабаванымі імёнамі застаюцца Іван, Мікіта, Аляксей, Максім, Аляксандр. Называюць сыноў і Глебамі, Кірыламі, Яўгеніямі, Раманамі, Віктарамі. У некаторых пасведчаннях аб рэгістрацыі значацца Гектар, Герман, Дамір, Люцый, Нікан, Фадзей.

На жаль, смяротнасць пакуль перавышае нараджальнасць – усяго за год пайшлі з жыцця 659 чалавек. Сярэдні ўзрост памёршых мужчын склаў 67 гадоў, жанчын – 80.

На працягу года зафіксаваны 36 выпадкаў устанаўлення бацькоўства, чатыры выпадкі ўсынаўлення. 14 чалавек па розных прычынах змянілі імя.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий