Прыгажуня, разумніца, спартсменка і нават спявачка…

Молодежный курьер

Вучаніца Пугачоўскай школы Дзіяна БАБРОВІЧ – сапраўдная прыгажуня, разумніца, спартсменка і нават спявачка.

Жыве яна ў вёсцы Караблі, што знаходзіцца на адлегласці трох з палавінай кіламетраў ад Пугачоў. А значыць, кожны дзень вось ужо 11-ы год юная асоба адольвае гэты шлях двойчы ў дзень – да школы і назад. У свой час мне таксама даводзілася рабіць такі ж кіламетраж, каб атрымаць сярэднюю адукацыю, таму добра разумею, як няпроста ў любую пару года, не зважаючы на розныя ўмовы надвор’я, “хадзіць за ведамі”. Сама ж дзяўчына нічога незвычайнага ў сваёй сітуацыі не бачыць. Наадварот, упэўнена: менавіта дзякуючы штодзённаму “маршкідку” паказвае нядрэнныя вынікі ў спорце. Дарэчы, у спіс пераможцаў конкурсу “Вучань года” яна трапіла за спартыўныя дасягненні.

Дзіяна – вялікая прыхільніца лёгкай атлетыкі. За ўдзел у спаборніцтвах па безе за апошнія тры гады ў яе арсенале тры граматы за першае месца, адна – за другое і дзве – за трэцяе. Час ад часу паказвае спрыт у валейболе і баскетболе. Акрамя гэтага, з’яўляецца адзінай дзяўчынкай у школе, якая іграе ў футбол. У тым вялікая заслуга братоў. Калі вучылася ў пачатковай школе, фізічная актыўнасць настолькі запаўняла яе дні, што на іншыя заняткі не хапала часу. Але ж дзесьці класе ў пятым прачнулася сапраўдная прага да навукі. Яна сцвярджае, што адбылося так выключна дзякуючы цудоўным настаўнікам. “Кожны з іх па-свойму змог разгледзець мае здольнасці і развіць іх, – дзеліцца ўражаннямі ад узаемаадносін з педагогамі вучаніца. – Шчырая ўдзячнасць матэматыку Уладзіміру Уладзіміравічу Унучаку, географу і класнаму кіраўніку Таццяне Анатольеўне Ліхтаровіч, фізіку Алегу Казіміравічу Шумялю, філолагу Валянціне Антонаўне Багіна, гісторыку (дырэктару школы) Аксане Віктараўне Сафронавай, настаўніку фізкультуры Віктару Паўлавічу Раку і іншым”.

Яна не надае вялікай увагі ўзнагародам, паколькі ёй проста падабаецца ўдзельнічаць у розных конкурсах, аднак успомніла, што дома захоўваюцца некалькі пахвальных лістоў па розных прадметах. Ёсць нават узнагарода за ўдзел у конкурсе па фінансавай граматнасці. Апошнім часам няўрымслівая актывістка спрабуе развіваць яшчэ і вакальныя здольнасці. Год таму паддалася на ўгаворы і выканала песню “Школьная пара” на вечары сустрэчы выпускнікоў. Спроба аказалася ўдалай, на Дзень Перамогі ёй ужо даверылі славутую “Кацюшу”, з той пары рэпертуар пашырыўся. Час ад часу знаходзіць некалькі гадзін, каб заняцца вышыўкай і вязаннем. Такое баўленне часу, па яе словах, і нервы супакойвае, і карысць прыносіць. Сама пра сябе гаворыць наступнае: “У мяне патрошку розных талентаў, а што з гэтага набору застанецца любімым хобі на ўсё жыццё, пакуль не вырашыла”. Затое дакладна ведае, чым будзе займацца ў прафесійнай дзейнасці. Дзіяну вабіць свет лічбаў і фінансавых аперацый, таму марыць вывучаць эканоміку і бухгалтэрыю. Спадзяецца зрабіць добрую кар’еру ў паспяховай фірме.

Як і ўсе маладыя людзі, дзяўчына любіць музыку, але слухаць яе імкнецца не ў клубах і на дыскатэках, а дома ў адзіноце. Цікавіцца гістарычнымі раманамі. Пасля знаёмства з “Вайной і мірам” доўгі час была пад вялікім уражаннем. Любіць добрае кіно, асабліва калі ў цэнтры падзей – адносіны сапраўдных сяброў. І не дзіўна: яна верыць у дружбу, з задавальненнем расказвае пра любімую сяброўку Дашу, з якой “не разлі вада” ўжо шэсць гадоў. Што тычыцца ўбораў, касметыкі і іншых жаночых “цацак”, фанатызму не праяўляе, любіць выглядаць сціпла і натуральна. Праўда, ужо сёння старанна прадумвае ўласны вобраз на выпускны вечар, да якога засталося няшмат часу. Увогуле лічыць правільным усё планаваць загадзя. Упэўнена: такім чынам можна пазбавіць сябе ад мноства непатрэбных крокаў.

Пасля размовы з уладальніцай тытулу “Вучань года” застаецца вельмі светлае ўражанне. Справа ў яе асэнсаваным і пазітыўным успрыманні навакольнага свету. А яшчэ ў яе ацэньванні сябе, іншых людзей і розных падзей праглядваецца настолькі дарослая грунтоўнасць, што ў нейкі момант забываеш, колькі гадоў субяседніцы. Між іншым, дзяўчына толькі ў пачатку вялікай жыццёвай дарогі. Добрых спадарожнікаў табе, Дзіяна. Няхай побач будуць удача і поспех, а таксама добрыя сябры і, вядома ж, вера, надзея і любоў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы будзем знаёміць чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.



Добавить комментарий