Працуюць, каб даць шанц кожнаму

Официально

Працягваем сачыць за сітуацыяй з працаўладкаваннем беспрацоўных грамадзян у нашым раёне. Нагадаем чытачам, што па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гэта пытанне павінна быць вырашана як мага хутчэй. У мінулы чацвер мы пабывалі на чарговым пасяджэнні пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі норм Дэкрэта № 3 ад 2 красавіка 2015 года.

Пасяджэнне адбылося з удзелам кіраўнікоў і прадстаўнікоў розных службаў. Былі разгледжаны пратаколы, дзе адлюстравана работа з грамадзянамі па пацвярджэнні іх занятасці ў квартале, які папярэднічаў фарміраванню базы даных. Справа ў тым, што тыя, хто фігуруюць у спісах людзей, незанятых у эканоміцы і з’яўляюцца ўласнікамі жылля, з 1 студзеня бягучага года будуць стапрацэнтна аплачваць кошт камунальных паслуг: гарачае водазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне, газазабеспячэнне (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў), што адпавядае поўнаму пакрыццю расходаў дзяржавы на іх аказанне. Перш чым прымаць рашэнне адносна асобных грамадзян, члены камісіі дэталёва разгледзелі ўсе абставіны і выключылі са спіса тых, хто меў на гэта важкія падставы.  

Як адзначыў старшыня камісіі Пётр Іосіфавіч Бібік, жыхары раёна актыўна звярталіся ў камісію з дакументамі-пацвярджэннямі занятасці. У першую чаргу гэта грамадзяне, якія працуюць (вучацца) за мяжой, ці тыя, што маюць прысядзібны ўчастак, а таксама шматдзетныя бацькі і бацькі дзяцей, якім не споўнілася сем гадоў (бацька ці маці). У зборы інфармацыі прынялі ўдзел розныя службы. Вялікая работа ў дадзеным кірунку праведзена старшынямі і спецыялістамі сельвыканкамаў. І не дзіўна: у сельскай мясцовасці кожны чалавек на віду. Таму даведацца, чаму некаторыя нідзе не працуюць, лёгка. Многія вяскоўцы апрацоўваюць зямлю, займаюцца рамесніцтвам ці аказваюць агратурыстычныя паслугі.   

Першапачаткова ў базе фігуравалі каля 2000 грамадзян. У выніку праведзенай работы 1005 чалавек прызнаны занятымі ў эканоміцы. Адносна тых, хто па-ранейшаму застаецца ў базе, работа працягваецца. На пасяджэнне, напрыклад, былі запрошаны чатыры жыхары райцэнтра (патэнцыяльныя плацельшчыкі), якія на працягу многіх гадоў не могуць знайсці сябе ў прафесійным плане. Прычыны такога становішча часцей за ўсё банальныя: злоўжыванне алкаголем, неаднаразовае адбыванне пакарання за тое ці іншае злачынства, лячэнне ў ЛПП. Сакратар камісіі Марына Аляксандраўна Іода заўважыла: “Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі разгубіліся на жыццёвай дарозе, мы абавязаны даць ім яшчэ адзін шанц і дапамагчы замацавацца ў адной з арганізацый, дзе маюцца вакансіі”. Напрыклад, 57-гадоваму мужчыне (адзінаму з чатырох запрошаных, хто з’явіўся на пасяджэнне) было дадзена накіраванне ў РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Грамадзянін ужо шмат гадоў перабіваецца часовымі заробкамі. Пасля таго, як яму растлумачылі сітуацыю з аплатай за камунальныя паслугі, выказаў гатоўнасць афіцыйна працаўладкавацца. На жаль, далёка не кожны з тых, каму не аднойчы спрабавалі дапамагчы, цэніць гэты клопат. Іх незадаволенасць любой з прапанаваных работ наводзіць на думку пра тое, што ёсць сярод нас сапраўдныя тунеядцы. Што ж, магчыма, іх напалохаюць і прымусяць задумацца сумы за камуналку.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *