Да прафесіянала з павагай

Аграрный сектор и промышленность

Нядаўна жыхарка вёскі Ластаянцы Марыя Андрэеўна ЦЕЛЯЖЭВІЧ у рамках акцыі “Наш жывёлавод” атрымала каштоўны падарунак і пісьмо з падзякай ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Жанчына больш за 20 гадоў працуе тэхнікам-асемянатарам у КСУП “Падбярэззе”.

Шлях у прафесію, якую называе любімай, быў няпростым. Нарадзілася ў вёсцы Лаўскі Брод. Бацькі працавалі ў саўгасе, трымалі гаспадарку, таму нідзе, акрамя сельскай гаспадаркі, сябе не бачыла. Паспяхова паступіла ў ветэрынарны тэхнікум. Але адукацыю не скончыла – выйшла замуж. Пэўны час працавала на ферме даяркай, а пасля атрымала прапанову падвучыцца і заняцца штучным асемяненнем кароў. З радасцю згадзілася. Скончыла курсы ў Жодзіне і амаль адразу прыступіла да работы. Больш ніколі нават не спрабавала сябе ў чымсьці іншым. Разам са штодзённай занятасцю на фермах у Подберазі і Кабыльчыцах, шчырая працаўніца мае клопат з уласнай гаспадаркай. Да таго ж яна змагла паставіць на ногі чацвярых дзяцей. Па прыкладзе маці няпростую сельскую спецыяльнасць выбрала і старэйшая дачка Валянціна. Яна – дыпламаваны спецыяліст-заатэхнік. Працуе ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Дзяржыншчыны.

М. А. Целяжэвіч за доўгія гады работы перажыла не адзін момант удачы, здараліся і расчараванні. У мінулым годзе падчас раённага конкурсу, які праводзіўся ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і раённай райплемстанцыяй, пункт штучнага асемянення, за работу якога адказвае, прызнаны лепшым. Прырост статка ў параўнанні з 2017-м у 2018 годзе склаў 31 цяля. Нядрэнна, але сама спецыяліст лічыць, што можна было б спрацаваць і больш вынікова. Сёння яна разам з аператарамі машыннага даення нясе адказнасць за больш чым 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Марыя Андрэеўна прызнаецца: працаваць цяжка, жывёлагадоўля гаспадаркі перажывае не лепшыя часы. Тым не менш, як адзначаюць і кіраўнік Анатолій Яраслававіч Лужынскі, і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Тамара Аляксандраўна Дасюкевіч, калі ўсе работнікі будуць ставіцца да сваіх абавязкаў так, як гэта спрытная, працавітая і адказная жанчына, будуць і прывагі, і надоі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *