Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На базе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама прайшоў семінар-практыкум для выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі на тэму “Выкарыстанне канструктара “Палессе” ў рэалізацыі задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі”. Такія дзіцячыя канструктары беларускай вытворчасці маюцца ў кожнай групе ўсіх дзіцячых садоў раёна.

Падчас семінара выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дзіцячага сада “Лесавічок” Івянца Тамара Тадэвушаўна Печанава прадэманстравала прыёмы выкарыстання канструктара як у спецыяльна арганізаванай, так і нерэгламентаванай дзейнасці ў групах. Удзельнікі сістэматызавалі веды пра асаблівасці канструктара “Палессе” і нават самі не чакалі, што практычныя заняткі могуць стаць настолькі цікавымі. Былі выказаны меркаванні, што падобныя практыкумы ў далейшым можна сумясціць з бацькоўскімі сходамі ў дашкольных установах.

Хаця такога свята і няма ў календарах, але яно існуе ў жыцці практычна кожнага з нас. У першую суботу лютага ў школах праходзяць традыцыйныя вечары сустрэчы выпускнікоў. Мяркую, што ў гэты дзень будуць загружаны ўсе кропкі грамадскага харчавання ў раёне, нават самыя незапатрабаваныя ў звычайныя дні.

Сёлета вечар сустрэч прыпадае на 2 лютага, і ўстановы грамадскага харчавання райспажыўтаварыства ў Валожыне падрыхтаваліся да яго загадзя. Дарэчы, заяўкі на банкеты прымаліся з 1 лістапада мінулага года. Да 180 выпускнікоў зможа прыняць рэстаран “Іслач”, па 80 і 40 чалавек рассадзяць у сталовай і кафэ “ХХI стагоддзе”. І ў без таго багатым меню кропак харчавання з’явяцца новыя стравы: салата “Карыда” і рыба, запечаная з памідорамі. Праўда, гэта не самае важнае падчас сустрэчы былых аднакласнікаў, галоўнае – стварыць утульную, па-сапраўднаму душэўную атмасферу.

З першых дзён новага года поўным ходам вядзецца дабрачынная работа раённым таварыствам інвалідаў, якое ўзначальвае В. А. Субач.

Аказана дапамога ў памеры чатырох базавых велічынь інваліду II групы з вёскі Сівіца Раісе Новік. Таксама для яе і мужа дастаўлены патрэбныя сродкі рэабілітацыі і гуманітарная дапамога. У таварыстве маюцца больш за 200 дзіцячых і падлеткавых лангетак, супрацьпролежневыя пракладкі, калапрыёмнікі. 22 студзеня валанцёры з дабрачыннай арганізацыі “Адра” ачысцілі ад снегу пандус ля адміністрацыйнага будынка КСУП “Пяршаі-2014”. Хочацца заўважыць, што ачысткай пандуса, якім карыстаюцца не толькі людзі-інваліды, але і маці з каляскамі, трэба займацца пастаянна. У дадзеным аграгарадку маюцца два такія аб’екты. Дык чамусьці ў сельвыканкаме знаходзяць магчымасць трымаць пандус у належным стане, а ў сельгаспрадпрыемства да яго не даходзяць рукі…

У пачатку студзеня ў раённую бібліятэку паступілі 44 экзэмпляры новых кніг.

25 з іх – кнігі прыродазнаўчай тэматыкі беларускага пісьменніка Анатоля Бярнацкага “Незвычайнае жыццё звычайных раслін”, “Жывыя самацветы за ганкам”, “Скромнікі і франты ў свеце жывёлы” і іншыя. Усе кнігі багата ілюстраваны, у добрых пераплётах. Сярод навінак таксама кнігі на гістарычную і ваенную тэматыку аўтараў В. Міханоўскага, Марты Таро, М. Рагожына маскоўскага выдавецтва “Веча”.

Трэці год мінскае ПТУП “Фолк-прыгоды” плённа супрацоўнічае з аграсядзібай “Налібоцкія Васількі” нашага раёна. Летась на базе аграсядзібы гатавалі фітакасметыку, выраблялі навагоднія сувеніры.

20 студзеня прайшоў майстар-клас для гасцей са сталіцы па выпечцы ржанога хлеба. Гаспадары аграсядзібы таксама арганізавалі для іх знаёмства з экасцяжынай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пазнаёмілі са сваім музеем.

“У крузе сяброў” – так называлася праграма, з якой перад жыхарамі Валожына выступіў на мінулым тыдні народны хор ветэранаў вайны і працы “Надзея” Маладзечанскага раёна.

Гэты калектыў упершыню выступаў у нашым горадзе. Гледачы цёпла прымалі песні мінулых гадоў у выкананні хору, салістаў, дуэтаў і вакальных груп, а таксама трапныя байкі, якімі перамяжаліся песенныя нумары.

13 чалавек – спецыялісты, валанцёры і іх падапечныя, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года, і вязні канцлагераў, удзельнікі праекта “Прафілактыка ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей г. Валожына і Валожынскага раёна”, што фінансуецца нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня”, – пабывалі ў музычным тэатры ў Мінску. Яны атрымалі асалоду ад спектакля “Блакітная камея”. Транспарт для паездкі выдзеліў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *