“Бяспека – у кожны дом!”

Безопасность и здоровье

Рэспубліканская акцыя пад такой назвай праходзіць з 21 студзеня па 28 лютага ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці, у тым ліку і ў Валожынскім. Галоўная яе мэта – папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх.

Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства. У большасці выпадкаў вогненныя здарэнні – гэта вынік бестурботнасці і грэбаванне правіламі бяспекі. Акцыя пройдзе ў 5 этапаў.

На першым этапе – з 21 студзеня па 1 лютага – работнікі МНС накіроўваюць прафілактычную работу на людзей, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. Сустрэчы праходзяць на базе аддзяленняў дзённага знаходжання ў наркалагічных дыспансерах, апорных пунктах грамадскага правапарадку, а таксама на адкрытых пляцоўках сельскіх саветаў. Удзельнікам акцыі арганізатары прапануюць не толькі прафілактычныя гутаркі, але і інтэрактыўныя квэст-гульні, цікавыя як старэйшаму, так і малодшаму пакаленням.

На другім этапе акцыі, што пройдзе з 4 па 12 лютага, акцэнт зробяць на работу з адзінокімі і адзінока пражываючымі пажылымі людзьмі, пенсіянерамі. Спецыяльна для гэтага выратавальнікі выедуць у аддзяленні дзённага знаходжання на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Трэці этап адбудзецца з 13 па 19 лютага ў ВНУ, ліцэях, каледжах. Мэтавая аўдыторыя – падлеткі. Карысныя парады пра бяспечныя паводзіны будуць перадаваць па радыёвузлах, сцены навучальных карпусоў упрыгожаць лістоўкі з лагатыпам акцыі. Акрамя гутарак і забаўляльна-навучальных праграм, з моладдзю правядуць гульні, віктарыны, сацапытанні і іншае.

Чацвёрты этап пройдзе з 20 па 27 лютага ў санаторыях, арганізацыях і на прадпрыемствах. Для гасцей мерапрыемстваў выратавальнікі падрыхтуюць лекцыі, тэматычныя конкурсы і віктарыны, фільмы і ролікі на тэму АБЖ. Нязменнымі памочнікамі стануць актывісты маладзёжнай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.

Пяты этап адбудзецца 28 лютага ў месцах масавага знаходжання людзей – на адкрытых пляцоўках, рынках, у буйных гандлёвых і дзіцячых забаўляльных цэнтрах.

Валожынскі РАНС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *