Юныя лыжнікі выйшлі на старт

Официально

У мінулую суботу на базе гімназіі № 1 г. Валожына прайшоў раённы Дзень здароўя.

У яго рамках адбыліся спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па лыжных гонках, у якіх прынялі ўдзел лепшыя прадстаўнікі амаль усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, а таксама квэст-гульня “Зімовыя забавы”.

Перад пачаткам спартыўных стартаў да рабят з пажаданнямі поспехаў і лёгкага бегу лыж звярнуліся намеснік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама А. І. Мілюткіна і галоўны суддзя спаборніцтваў С. М. Шаўлюк. Школьнікі былі размеркаваны на чатыры групы па ўзроставых катэгорыях. Старэйшай групе хлопчыкаў неабходна было праехаць 4 км, малодшай – 2 км, дзяўчынкам адпаведна – 2 і 1 км.

Удзельнікі лыжных гонак рушылі на старт, а для астатніх рабят у гэты час ладзілася квэст-гульня, падчас якой яны мелі магчымасць памаляваць фарбамі на снезе, паспрачацца ў спрыце, хуткасці, уменні дзейнічаць у камандзе, а таксама праявіць сябе ў музычным флэшмобе. Усе прысутныя атрымалі шмат пазітыўных эмоцый ад зімовага марознага дня і прапанаваных забаў. Мерапрыемства падарыла цудоўны настрой і заахвоціла дзяцей цікава праводзіць вольны час на свежым паветры.

Па выніках лыжных спаборніцтваў вызначыліся пераможцы ў кожнай узроставай групе. Сярод хлопцаў 2005-2006 г. н. 1-е месца заняў Арцём Зэкаў з Сакаўшчынскага ВПК, 2-е – Аляксандр Паціеўскі з Суднікаўскай СШ, 3-е – Павел Трыпуцька з Багданаўскага ВПК. У групе 2003-2004 г. н. 1-е месца ў Данііла Міхеткіна з СШ № 2 г. Валожына, 2-е – у Арцёма Конаўкі з Сакаўшчынскага ВПК, 3-е – у Сямёна Шырвеля з Суднікаўскай СШ. Лепшай у лыжных гонках сярод дзяўчынак 2005-2006 г. н. стала Анастасія Тарасевіч з Сакаўшчынскага ВПК. Анжаліка Сафронава з Вішнеўскага ВПК і Таццяна Дубінец з Суднікаўскай СШ занялі 2-е і 3-е месцы адпаведна. Сярод старэйшых перамогу святкавала Дзіяна Санкоўская з Пяршайскага ВПК. 2-е месца дасталася Юліі Баталавай з Сакаўшчынскага ВПК, 3-е – Дзіяне Лоўчай з СШ № 2 г. Валожына.

У камандным заліку 1-е месца заняла каманда Сакаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу, на другую прыступку п’едэстала падняліся вучні сярэдняй школы № 2 г. Валожына, 3-е месца ў каманды Суднікаўскай сярэдняй школы.

У лыжных спаборніцтвах прынялі ўдзел 48 юных спартсменаў. Кожны з іх, нягледзячы на тое, ці ўвайшоў у лік пераможцаў, аказаўся ў выйгрышы, бо атрымаў зарад бадзёрасці і масу станоўчых эмоцый.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий