НА ПЕРШЫМ МЕСЦЫ – ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ: на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта абмеркавалі работу па прафілактыцы правапарушэнняў.

Официально

У мерапрыемстве ўдзельнічалі намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхайлавіч Лашын, намеснік пракурора вобласці Сяргей Паўлавіч Шыкунец, намеснік начальніка УУС Мінаблвыканкама Віталь Анатольевіч Казлоў. У цэлым, адзначана станоўчая дынаміка ўздзеяння праводзімых прафілактычных мер на стан злачыннасці ў нашым рэгіёне. Але паступілі і пэўныя заўвагі, згодна з якімі неабходна скарэкціраваць план комплексных мерапрыемстваў на бягучы год.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка напачатку пасяджэння праінфармаваў прысутных аб асноўных момантах работы ў кірунку прафілактыкі правапарушэнняў. У 2018 годзе быў распрацаваны і зацверджаны план, згодна з якім і ладзілася дзейнасць усіх суб’ектаў. Дасягнуты шэраг станоўчых момантаў. Сярод іх – змяншэнне агульнай колькасці дзеянняў па лініі крымінальнага заканадаўства, зніжэнне ўзроўню фактаў злачыннасці ў разліку на 10 тысяч чалавек насельніцтва. У справаздачным перыядзе не дапушчана росту злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення і падлеткамі. Знізілася і колькасць незаконных учынкаў, якія адбыліся ў грамадскіх месцах. Разам з тым Мікалай Анатольевіч указаў і на канкрэтныя недапрацоўкі. У прыватнасці, павялічылася ўдзельная вага злачынстваў з боку раней судзімых асоб, а таксама ў сферы сямейна-бытавых адносін. Да таго ж на трэць больш зафіксавана фактаў хуліганстваў. Адзначаецца і зніжэнне выяўляемасці незаконных дзеянняў у эканамічнай сферы, рост трагічных наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў.

Каб разабрацца ў прычынах няпоўнага выканання пунктаў плана, кіраўнік Валожыншчыны перадаў слова начальніку раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрыю Аляксандравічу Вяроўчыку.

Як адзначыў дакладчык, на працягу 2018 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 333 грамадзяніна (+ 48,6% да аналагічнага пазалеташняга паказчыка) за ўчыненыя правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Сямейным скандалістам вынесена 46 ахоўных прадпісанняў (2017 – 14), пракантралявана іх выкананне. Выяўлена 11 парушэнняў забарон, абазначаных у ахоўных прадпісаннях. Усе матэрыялы разгледжаны судом Валожынскага раёна.

За 2018 год праведзена 60 выступленняў у арганізацыях (прадпрыемствах), установах адукацыі і па месцы жыхарства. На інфармацыйных стэндах і сайтах 29 устаноў адукацыі, па месцах працы размешчана інфармацыя аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей і іх бяспеку, кантактныя тэлефоны службаў аховы дзяцінства, інфармацыя аб службе экстраннай псіхалагічнай дапамогі «Тэлефон даверу». Прайшлі мерапрыемствы ў рамках Тыдня прафілактыкі насілля. Разам з тым, на тэрыторыі раёна дапушчана здзяйсненне цяжкага і асабліва цяжкага злачынства супраць асобы.

Нягледзячы на прымаемыя меры, не губляе актуальнасці праблема алкагалізацыі насельніцтва. На прафілактычным уліку ў РАУС 169 асоб, у нарколага на дыспансерным уліку знаходзіцца 1021 чалавек і 488 – на прафілактычным уліку. З імі праводзяцца мерапрыемствы агульнай і індывідуальнай прафілактыкі, пастаянна кантралююцца іх паводзіны. 40 асоб, якія злоўжываюць алкаголем, накіраваны на прымусовае лячэнне ва ўмовах ЛПП (2017 – 30).

Суб’ектамі прафілактыкі праводзіцца папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Ва ўстановах адукацыі і культуры для навучэнцаў і іх бацькоў арганізаваны мерапрыемствы па пытаннях прафілактыкі п’янства і наркаманіі, тактыцы выяўлення навучэнцаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага, наркатычнага ап’янення. Праведзена 28 разнапланавых мерапрыемстваў на тэму здаровага ладу жыцця для дзяцей і падлеткаў.

Сіламі супрацоўнікаў Валожынскага РАУС і іншых зацікаўленых органаў спынена 97 фактаў (2017 – 103) парушэнняў у сферы незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі, знішчана 26 самагонных апаратаў і міні-заводаў па вытворчасці самагону, канфіскавана 396,8 літра самагону, 49 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці, 15270 літраў брагі. Выяўлены 842 факты распіцця спіртных напіткаў або з’яўлення ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, у тым ліку 153 – на працы.

На пастаяннай аснове праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні фактаў продажу спіртнога непаўналетнім. На працягу мінулага года выяўлена 9 (2017 – 7) падобных правапарушэнняў, з іх адно паўторнае. На прафуліку стаяць 50 непаўналетніх (2017 – 33), з іх 26 – за ўжыванне спіртных напіткаў. У дзейнасць па прафілактыцы правапарушэнняў уключаны пярвічныя арганізацыі БРСМ і БРПА. Прымаемыя меры дазволілі знізіць узровень злачыннасці непаўналетніх. Але начальнік міліцыі адзначыў нізкі ўзровень работы ў гэтым напрамку на тэрыторыі Валожынскага сельсавета, паколькі 4 злачынствы з 5 здзейснены толькі на тэрыторыі названай адміністрацыйнай адзінкі.

На працягу года з удзелам протаіерэя царквы Святых Канстанціна і Алены двойчы арганізаваны прафілактычныя мерапрыемствы «Дабравесць», накіраваныя на прафілактыку п’янства і спажывання наркотыкаў асобамі, якія вызваліліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Штомесяц праводзяцца групавыя выхаваўчыя мерапрыемствы, накіраваныя на маральнае, працоўнае, прававое, сацыяльнае выхаванне з запрашэннем прадстаўнікоў аддзела занятасці, аддзялення па грамадзянстве і міграцыі, суда, ЦРБ і іншых.

На тэрыторыі раёна выяўлены 4 злачынствы па лініі наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі (2017 – 8), 1 злачынства ў сферы маралі (2017 – 4).

Забяспечана правядзенне мерапрыемстваў па прафілактыцы карупцыйных праяў і правапарушэнняў на тэрыторыі раёна. З выяўленых 20 (у 2017 – 25) злачынстваў эканамічнай накіраванасці 9 з’яўляюцца карупцыйнымі.

На пачатак 2018 года на Валожыншчыне пражывала 33179 чалавек. З іх асоб сталага ўзросту (ад 50 да 69 гадоў) 9837 і састарэлых (звыш 70 гадоў) 5185. 262 чалавекі з гэтай катэгорыі пацярпелі ад злачынных замахаў. У першым квартале мінулага года было абследавана матэрыяльна-бытавое становішча 886 адзінокіх і 5295 адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Па выніках накіравана 15 інфармацый аб прыняцці мер, 8 чалавек змешчаны для пражывання на сацыяльныя ложкі.

Адным з кірункаў папярэджання злачынстваў з’яўляецца абсталяванне месцаў з масавым знаходжаннем грамадзян сістэмамі відэаназірання. Цяпер на тэрыторыі горада і раёна 293 такія аб’екты. 44 відэакамеры знаходзяцца ў месцах масавага адпачынку грамадзян. З чатырох уключаных у пералік падлягаючых абавязковаму абсталяванню сродкамі відэаназірання аб’ектаў абсталяваны толькі адзін. Яшчэ на 3 (плошча Свабоды ў Івянцы і чыгуначныя вакзалы «Багданаў», «Валожын») распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя.

Каб і далей умацоўваць грамадскі парадак, у выхадныя і святочныя дні ў буйных населеных пунктах забяспечана нясенне службы па ахове грамадскага парадку ўзмоцненымі нарадамі міліцыі. Штодня ў вячэрні час у працоўныя дні ажыццяўляецца патруляванне ў Валожыне асабістым саставам РАУС і аддзялення Дэпартамента аховы. Арганізавана работа ўчастковых інспектараў міліцыі і інспектараў па справах непаўналетніх у другую змену. У вячэрні і начны час працуе група хуткага рэагавання. Штодзень адзін супрацоўнік ІСН працуе ў другую змену. У раёне функцыянуюць добраахвотныя дружыны, якія актыўна дапамагаюць забяспечваць правапарадак. Членамі добраахвотных дружын выяўлена 37 (2017 – 26) правапарушэнняў.

Трэба адзначыць, у раёне на трэць павялічылася колькасць учыненых хуліганстваў (з 18 да 24), з іх 9 засталіся нераскрытымі.

Супрацоўнікі РАУС правялі 203 маніторынгі ўмоў захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей у сельгасарганізацыях і 546 праверак нясення службы вартаўнікамі. Па выніках унесена 115 прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў. Адначасова ўзмоцнены кантроль за прыняццем кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый мер па ліквідацыі названых недахопаў.

Таксама ў 2018 годзе супрацоўнікамі РАУС ажыццяўлялася адпрацоўка найбольш аварыйных участкаў аўтадарог (М-6, М-7). Выяўлена 9150 (2017 – 8440) адміністрацыйных правапарушэнняў. Разам з тым, на тэрыторыі раёна зарэгістравана 17 ДТЗ (у 2017 таксама 17), у якіх 9 чалавек загінулі (2017 – 7), 29 атрымалі раненні (2017 – 16). За парушэнне правіл эксплуатацыі дарог і дарожных збудаванняў прыцягнуты 28 (2017 – 19) службовых асоб раёна: работнікаў дарожных службаў – 18, ЖКГ – 10.

У час пасяджэння намеснікам Генпракурора былі агучаны факты неналежнага выканання комплекснага плана. Аляксандр Міхайлавіч Лашын указаў на недапушчальнасць парушэнняў, якія аказваюць негатыўнае ўздзеянне на ўзровень правапарадку і бяспеку жыццядзейнасці ў рэгіёне.

Таксама намеснік Генеральнага пракурора краіны раскрытыкаваў праект комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў у раёне на бягучы год. З улікам заўваг ён будзе перапрацаваны.

Па выніках прынята рашэнне, у якім вызначаны пытанні, што патрабуюць пільнай увагі, замацаваны адказныя выканаўцы і ўстаноўлены тэрміны рэалізацыі акрэсленых задач.

 

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий