Працуе на сумленне

Аграрный сектор и промышленность

Валерый Іванавіч ЮША працуе механізатарам у ААТ “Багданаўскае” з 2010 года. Вопыт і прафесіяналізм дапамагаюць яму дасягаць у сваёй справе добрых вынікаў. Кіраўніцтва гаспадаркі цэніць работніка, а яго адказнасць, акуратнасць і самаадданасць выклікаюць сапраўдную павагу ўсяго калектыву.

На пагрузчыку “Амкадор 342С4” мужчына круглы год мае занятак. Зімой у асноўным задзейнічаны на абслугоўванні жывёлаводчых комплексаў. Валерый Іванавіч дастаўляе кармы, подсціл, займаецца ачысткай памяшканняў, дзе стаіць жывёла. Вясной і ўвосень працаўнік забяспечвае пагрузку арганікі, каб вывезці яе на палі. Летам магутны трактар з’яўляецца незаменнай тэхнікай пры нарыхтоўцы кармоў, на закладцы сенажу ў траншэі, сціртаванні сена, саломы. Даводзіцца працаваць на зернетаку і інш.

Валерый Іванавіч гаворыць, што любіць сваю справу, нягледзячы на тое, што яна вельмі цяжкая. У кабіне “Амкадора” яму камфортна ў любую пару года, а каўшом ён навучыўся кіраваць, быццам трэцяй рукой. Тэхніка магутная і сучасная, працаваць на такой прыемна.

Галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства зазначыў, што В. І. Юшу можна даручыць любую справу, і ён абавязкова выканае пастаўленыя задачы. Адказна механізатар ставіцца і да “жалезнага сябра”. Каб не было збояў у рабоце, загадзя стараецца перабраць усе агрэгаты і вузлы трактара. Без паломак, зразумела, як і з усялякай тэхнікай, не абыходзіцца, але Валерый Іванавіч прыкладае максімум намаганняў, каб як мага хутчэй адрамантаваць і сесці за “штурвал” свайго “карабля”. І “Амкадор” верна служыць яму.

Рабіць усё на сумленне – галоўны прынцып нашага героя. Мужчына разумее, што лёгкага хлеба нідзе не бывае. Каб дабіцца добрага выніку і мець прыстойны заробак, трэба працаваць з максімальнай аддачай, не шкадуючы сіл.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА



Добавить комментарий