Яркі год, яркі ты!

У чэрвені Беларусь прыме II Еўрапейскія гульні – міжнародныя комплексныя спартыўныя спаборніцтвы сярод спартсменаў Еўрапейскага кантынента, якія праводзяцца раз у чатыры гады пад кіраўніцтвам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Толькі паводле папярэдніх ацэнак арганізатараў, на падзею ў Мінск прыедуць не менш за 30 тыс. турыстаў і каля 10 тыс. гасцей, якія будуць мець непасрэднае дачыненне да мерапрыемства: 4 тыс. спартсменаў, 2 тыс. суддзяў, 1 тыс. прадстаўнікоў прэсы, 3 тыс. – афіцыйныя асобы еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, віп-персоны, персанал.

Сімвалам і талісманам гульняў быў выбраны Лёсік – жыццярадаснае лісяня, апранутае ў шорты, майку і бейсболку з надпісам “Bright Year, Bright You” (“Яркі год, яркі ты”) – слоганам гульняў. Яго колеры адпавядаюць духу спаборніцтваў: чорны сімвалізуе рашучасць, жоўты – жыццярадаснасць, зялёны – развіццё, сіні – несакрушальнасць, а чырвоны – энергічнасць. Арганізатары расказалі пра легенду з’яўлення Лёсіка, якая аб’ядноўвае вядомы ва ўсім свеце твор літаратуры і беларускую міфалогію. У казцы пра Маленькага прынца было лісяня, што навучыла галоўнага героя сапраўднай дружбе. Аднак калі Маленькі прынц паляцеў на сваю планету, лісяня засталося, і ўсе думкі былі толькі пра тое, як знайсці новых сяброў. Пошукі былі доўгімі, лісяняці даводзілася пастаянна прыслухоўвацца, таму яго вушы прыкметна выраслі. Аднойчы ён даведаўся: існуе кветка, што спаўняе ўсе жаданні, – легендарная беларуская Папараць-кветка. Лісяня адправілася ў Беларусь, каб знайсці яе і здзейсніць сваю мару. Шлях быў не блізкім, яму давялося зрабіць мільён крокаў, што можа даказаць фітнес-бранзалет на лапе.

Адной са знакавых цырымоній Еўрапейскіх гульняў стане “Полымя Свету”, што будзе запалена 3 мая ў Рыме, а таксама пабывае на самым высокім пункце Еўропы – гары Манблан, куды факел узнімуць беларускія альпіністы. Пасля гэтага “Полымя Свету” даставяць у Беларусь наземным шляхам у суправаджэнні байкерскага клуба, па шляху заязджаючы ў Нацыянальныя алімпійскія камітэты краін, праз якія будзе пралягаць маршрут дастаўкі, – Славакію, Славенію, Венгрыю, Аўстрыю і Польшчу.

“Зорныя паслы” – інфармацыйны праект, які запусціла дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў у верасні 2018 года. У лік амбасадораў уваходзяць вядомыя грамадскія дзеячы, знакамітыя спартсмены і мастакі. Гэтыя асобы прыцягваюць увагу грамадскасці, прасоўваюць і фарміруюць станоўчы імідж мультыспартыўнай падзеі ў Беларусі і за яе межамі, папулярызуюць віды спорту, уключаныя ў праграму гульняў.

Ганаровага тытулу зорнага пасла ўдастоены чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, вядомыя цыркавыя дрэсіроўшчыкі браты Аскольд і Эдгард Запашныя, алімпійскі чэмпіён 2008 года па веславанні на байдарках і каноэ Аляксандр Багдановіч, чэмпіёнка Еўропы 2018 года ў безе на марафонскай дыстанцыі Вольга Мазуронак, трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь, блогер і тэлевядучая Ганна Бонд, піяніст і дырыжор, мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Расціслаў Крымер, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар, спявачка Ані Лорак.

Па матэрыялах Белта і афіцыйнага сайта

II Еўрапейскіх гульняў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars