Выхадны са спартыўным азартам

Шматлюдна і весела было ў мінулую нядзелю ў ДЮСШ. Акрамя таго, што цудоўны зімовы дзень падарыў маладым і дарослым магчымасць стаць на канькі, запатрабаванымі аказаліся басейн, настольны тэніс, батут і іншыя забавы, што прапаноўваюцца тут жыхарам і гасцям Валожына.

Надзея ПУНТУС, Яна АПЛЯТАЕВА, Анастасія і Арсеній ФЯДОСАВЫ, здаецца, нарадзіліся з канькамі на нагах. Назіраць за іх гарманічнымі рухамі на катку – адно задавальненне. Гэта кампанія прыцягнула маю ўвагу, і адразу ўзнікла жаданне пазнаёміцца з юнымі фігурыстамі-аматарамі. Разам з імі мы ўзгадалі, што гэтымі днямі менавіта фігурнае катанне – самы трэндавы від спорту ў Беларусі. У сталіцы з поспехам прайшоў Чэмпіянат Еўропы, у завяршэнні якога прыняў удзел кіраўнік краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які, дарэчы, каб сказаць развітальныя словы лепшым спартсменам, трэнерам, суддзям і гледачам, выехаў на лёд “Мінск-Арэны” на каньках.

З першых дзён свайго існавання спартыўны комплекс у Валожыне стаў месцам карыснага і цікавага баўлення часу для цэлых сем’яў. Муж і жонка Дзмітрый СКАДОРВА і Вераніка КУРБАЕВА пры першай магчымасці накіроўваюцца сюды. Дачушкі Кацярына і Вераніка – такія ж заўзятыя фізкультурніцы. Вось і на гэтым фота можна назіраць, як азартна змагаюцца за перамогу ў аэра-хакеі Кацюша і Дзмітрый, а матуля і жонка выступае адначасова ў дзвюх ролях – суддзі і трэнера. І гэта толькі размінка перад заплывам у басейне! Малодшая дачка і сястрычка Вераніка ў кадр не трапіла – яна толькі-толькі завяршыла трэніроўку па тэнісе і ўжо накіравалася на заняткі па плаванні.

Такі адпачынак – прыклад для тых сем’яў, якія пакуль яшчэ не дайшлі да сучаснага і велічнага будынка па вуліцы Партызанскай.

Амаль цэлы дзень прасторная зала ўстановы была занята валейбалістамі. Аматары гэтага віду спорту з’ехаліся ў райцэнтр з розных рэгіёнаў Беларусі – фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Валожынскага раёна па ініцыятыве ветэрана спорту Аляксандра Фіялкі і пры падтрымцы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама ладзіў II адкрыты кубак сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту “40+”.

Мужчынскую частку турніру прадставілі шэсць вопытных каманд з Мінска, Маладзечна, Стоўбцаў, Івянца і Валожына (дзве каманды), а таксама жаночыя калектывы з Мінска, Гродна, Маладзечна і Івянца.

Назіраць за выступленнямі ўзроставых спартсменаў звычайна больш цікава, чым за моладдзю. Так, як умеюць “хварэць” за імідж каманды, чый гонар абараняюць, дарослыя людзі, юным калегам яшчэ вучыцца і вучыцца. Прафесіяналы ў розных відах дзейнасці (міліцыянеры, юрысты, урачы, настаўнікі, прадстаўнікі розных рабочых спецыяльнасцей) штодзённа выконваюць свае абавязкі па месцах работы, а вось выхадныя дні прысвячаюць любімаму хобі, якое даўно стала ладам жыцця.

Арганізатары паклапаціліся пра тое, каб лепшыя каманды павезлі з сабой не толькі выдатныя ўражанні ад цудоўна наладжанай сустрэчы, але і добрыя прызы. Тром лепшым мужчынскім (Мінск, Івянец, Маладзечна) і тром жаночым (Гродна, Маладзечна, Мінск) камандам былі ўручаны грашовыя падарункі і ганаровыя граматы. Узнагароды пераможцы атрымалі з рук галоўнага суддзі спаборніцтваў Аляксандра Фіялкі і дырэктара ФАЦ, сакратара судзейскай брыгады Аляксея Патапчанкі.

Выхадны дзень разам са спартсменамі-аматарамі

правяла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars