Сустракае добрай усмешкай

Паліклініка пачынаецца з рэгістратуры, як тэатр – з вешалкі. Сюды мы тэлефануем, каб запісацца на прыём да ўрача ці аформіць выклік на дом. Сюды ж, у першую чаргу, звяртаемся, калі прыходзім ва ўстанову аховы здароўя, каб узяць талончык, медыцынскую карту ці атрымаць параду, да якога вузкага спецыяліста лепш звярнуцца з той ці іншай праблемай са здароўем.

Амаль дваццаць гадоў працуе медрэгістратарам у Івянецкай паліклініцы УАЗ “Валожынская ЦРБ” Святлана Станіславаўна МАЛЯЎСКАЯ. Жанчына заўсёды ставіцца да людзей уважліва і добразычліва. Яе лагодны голас і ўсмешка падабаюцца нават самым маленькім наведвальнікам. Выдатна спраўляцца з абавязкамі дапамагаюць дысцыплінаванасць і вялікі вопыт работы.

Нарадзілася наша гераіня ў Мядзелі, пазней бацьку перавялі на працу ў Івянец, і сям’я перасялілася ў прыгожы гарадскі пасёлак. Тут Святлана Станіславаўна закончыла школу, атрымала спецыяльнасць, сустрэла сваё каханне і выйшла замуж. Вясной 1999 года жанчына ўладкавалася ў паліклініку. Медыцына ёй заўсёды падабалася, а праца з людзьмі прыносіць вялікае задавальненне. С. С. Маляўскай пашанцавала, што ў пачатку яе дзейнасці побач была вопытны, а галоўнае, уважлівы спецыяліст Ірына Іванаўна Змачынская. Яна вучыла, дапамагала, давала слушныя парады. І сёння ў калектыве ўспамінаюць гэтага чалавека з цеплынёй і ўдзячнасцю. Паступова накопліваўся вопыт і прафесійны спрыт.

Кожны дзень медыцынскаму работніку прыходзіцца прымаць да 200 званкоў, а непасрэдна прыходзяць у паліклініку да 100 чалавек. Восенню і зімой, калі павышаецца колькасць вірусных захворванняў, наведвальнікаў становіцца больш. Медрэгістратар афармляе і бальнічныя лісты, займаецца электроннымі рэцэптамі. Такая паслуга з’явілася не так даўно, і колькасць жадаючых скарыстацца ёй паступова павялічваецца.

У рэгістратуры Івянецкай паліклінікі налічваецца больш за 6000 медыцынскіх карт. А яшчэ тут жа знаходзіцца і стаматалагічная картатэка. У абавязкі Святланы Станіславаўны ўваходзіць сачыць за тым, каб усе карты былі ў поўным парадку. Для гэтага неабходна іх падклейваць, абнаўляць, заводзіць новыя ў абмен на тыя, што сталі занадта пульхнымі. Таксама Святлана Станіславаўна кантралюе, каб былі запісы аб флюараграфічным абследаванні, наведванні аглядавага кабінета і інш. Жанчына лёгка арыентуецца ў картатэцы, а ў яе кабінеце ідэальны парадак.

Праца медрэгістратара, якая на першы погляд здаецца зусім нескладанай, аказваецца не такой ужо простай і лёгкай, а, наадварот, вельмі клапатлівай. Менавіта ад гэтых людзей залежыць зладжаная работа медыцынскай установы.

Муж і дзеці заўсёды разумелі і падтрымлівалі Святлану Станіславаўну. Цяпер сыны выраслі і жывуць асобна. А чатыры гады назад наша гераіня разам з мужам Валерыем Антонавічам вырашылі набыць дачу ў вёсцы Пілюжына, хацелася быць бліжэй да прыроды. Паступова абодва зразумелі, што ім падабаецца тут жыць, і перабраліся назусім.

У вёсцы хутка прывыклі да новых насельнікаў. Іх паважаюць і ведаюць, што ў складанай сітуацыі тыя абавязкова прыйдуць на дапамогу. Упэўніцца ў неабыякавасці сям’і Маляўскіх да чужой бяды давялося, калі ў адной з хат у Пілюжыне здарыўся пажар. Ранняй вясной мінулага года Святлана Станіславаўна і Валерый Антонавіч вярталіся вечарам з работы дадому. Калі заехалі ў вёску, убачылі дым і сталую жанчыну, якая, як была, у халаце і басанож выбегла на вуліцу. Мужчына адразу зразумеў, у чым справа, і кінуўся ў хату. На ложку ляжаў гаспадар, ён мае інваліднасць – не можа хадзіць. Як пасля высветлілася, яго курэнне ў пасцелі і стала прычынай пажару. Валерый Антонавіч падхапіў пажылога чалавека на рукі і вынес у бяспечнае месца. Сам жа паспяшаўся зноў у хату, дзе зрабіў усё, каб патушыць агонь, які з ложка перакінуўся ўжо на сцяну. Гэта яму ўдалося. На момант, калі прыбыла служба МНС, пажар быў ліквідаваны. Пакуль муж самаахвярна змагаўся з агнём, Святлана Станіславаўна аказвала дапамогу бабулі. Яна адвяла сталую жанчыну ў бяспечнае месца, вынесла ёй коўдру, адзенне і абутак, каб тая сагрэлася, прыйшла ў сябе. Таксама старалася супакоіць яе і запэўніць, што ўсё будзе добра. Выратаваныя з бяды людзі былі бясконца ўдзячныя сваім збаўцам.

20 гадоў – вялікі адрэзак часу. За гэты перыяд на вачах нашай гераіні вырасла не адно пакаленне. Многія з тых, каго яна знала яшчэ малымі, цяпер прыводзяць у паліклініку сваіх дзяцей. А Святлана Станіславаўна нязменна сустракае наведвальнікаў з добрай усмешкай.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars