Прыцяжэнне радзимы

Общество

Дваццаць гадоў таму па волі лёсу мы апынуліся ва Украіне, у цяперашнім Марыупалі. З часам жыццё там наладзілася: муж служыў у Савецкай арміі, у мяне таксама была добрая работа. Пакуль існаваў Саюз, часта прыязджалі ў Валожын і Рыгу (муж родам з Рыгі), калі ж пазней з’явіліся граніцы, ездзіць сталі радзей. А праз колькі гадоў з Валожына пераехала мая маці, і сувязь з Беларуссю абарвалася, здавалася, назаўсёды.
Але дня не праходзіла, каб я не ўспамінала Беларусь і Валожын, дзе прайшлі дзяцінства, юнацтва, дзе нарадзіўся сын, які пазней скончыў Валожынскую гімназію і працягваў вучобу ў Мінскім сувораўскім вучылішчы. Скажу сумленна, мы заўсёды ведалі, што ва Украіне не застанемся. І калі вырашылі з Марыупалем развітацца, паўстала пытанне, дзе жыць. Шукаць прыстанак вырашылі ў Беларусі. А пасля таго, як пабывалі ў стрыечнай сястры ў Бабруйску, нават гэты горад не разглядалі для далейшага пражывання. Толькі Валожын! Хацелася цішыні, спакою, чыстага паветра, жыць у размераным рытме і, што немалаважна, каб не гудзеў пад вокнамі гарадскі транспарт. У маі 2008 года прыехалі «ў разведку», на цэнтральнай плошчы я пачула спевы птушак і не магла паверыць гэтаму цуду. Мы практычна дваццаць гадоў не чулі такога, не бачылі зялёнай траўкі і дажджоў. Сын, які цяпер служыць у Калінінградзе, наведаўшы Валожын, сказаў: “Гэта нейкі казачны горад!..”
Да глыбіні душы кранае любоў валожынцаў да свайго горада. Кветкі растуць усюды. І не толькі гэтаму не перастаю штодзённа радавацца. Як прыгожа, з густам добраўпарадкавана тэрыторыя гімназіі. Прыемна не толькі вучыцца ў такой установе, але і проста прагуляцца там вечарком, падыхаць свежым паветрам. Як цудоўна, што можна пайсці ў раённы цэнтр культуры на канцэрт сваіх “родных” валожынскіх артыстаў, і не толькі сваіх! У Доме дзіцячай творчасці кожнае дзіця можа знайсці занятак па душы, да таго ж, усе гурткі бясплатныя. Не верылася, што такое недзе засталося. Дзе яшчэ можна гуляць па горадзе ў позні час або вяртацца дадому і не баяцца, што нехта цябе абразіць ці пакрыўдзіць?! На вуліцах не бачна п’яных, бамжоў, бяздомных дзяцей-папрашаек, жабракоў, старых, якія стаяць на каленях з працягнутай рукой…
Яшчэ зусім нядаўна з акна кватэры было бачна, як пачыналася будаўніцтва новага дома. Літаральна на вачах ён расце ўверх і неўзабаве прыме навасёлаў. У дзяцінстве я жыла побач з касцёлам, у той час закрытым. А месцам нашых актыўных гульняў была Папоўка. Я не пазнала горад, калі вярнулася сюды. Цяпер Папоўка – цудоўны жылы мікрараён, менавіта тут мы набылі кватэру. Я палюбіла нават мост, які злучае наш мікрараён з цэнтрам горада, незвычайныя ліхтары і свяцільні.
Летась мы разам з валожынцамі ўжо адзначалі свята горада. У нас якраз гасцявала прыяцелька з Марыупаля. Мы не маглі стрымаць слёз ад такога яднання з людзьмі на плошчы, агульнай радасці і настрою, разам ушаноўвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Атрымалі асалоду не толькі ад канцэрта земляка Валянціна Сухадольца, але і ад выступленняў самадзейных артыстаў. А сёлета пабывала на вечары сустрэчы выпускнікоў у роднай сярэдняй школе № 1. Споўнілася 40 гадоў з дня заканчэння, было цікава сустрэцца з аднакласнікамі праз дзесяцігоддзі, даведацца, як склаўся іх лёс, многія спатрэбіліся ў родным горадзе.
Радуе, што наш Валожын не згубіўся сярод вялікіх і моцных, не страціў сваёй адметнасці, не стаў шэрым і пыльным. Заўважаю і адзначаю ўсё станоўчае, яго штодзённыя перамены.

Клаўдзія СТУПАКОВА (АНАНЬЧЫКАВА



Добавить комментарий