Паход у народ і за хлебам

Культура

Аграсядзіба “Раўнавага” чацвёрты раз прыняла ўдзельнікаў праекта “Паход у народ”, які рэалізуецца прыватным прадпрыемствам “Фолк-прыгоды” пад кіраўніцтвам Карыны Сітнік.  Гэта ініцыятыва прадугледжвае экалагічны турызм нестандартных кірункаў.

Майстар-класы па выпечцы хатняга хлеба, што ладзяцца Ларысай Альбертаўнай Мытнік, карыстаюцца папулярнасцю ў тых, хто паспеў насыціцца паездкамі за мяжу і разам з маладой мінчанкай – кіраўніком праекта – вырашыў паглыбіцца ў побыт і традыцыі свайго народа. Сярод гарадскога насельніцтва краіны аматараў аўтэнтычнай беларускай кухні вельмі шмат. Асабліва цікавяцца тонкасцямі таго, як гатавалі ежу нашы продкі, сталічныя жыхары. Вось і на гэты раз 14 гасцей з Мінска прыбылі на хутар у Малой Дайноўцы, каб сваімі рукамі пад кіраўніцтвам вопытнай гаспадыні спячы першы ў жыцці духмяны бохан. Увесь працэс, пачынаючы ад замешвання цеста да вымання хлеба з печкі, заняў восем гадзін. У перапынках (тэхналагічны працэс мае паўзы, калі цеста падыходзіць) гастранамічным вандроўнікам прапаноўвалася насычаная праграма: гульні, дэгустацыя прысмакаў, абед, прагулкі на свежым паветры. Дарэчы, многія ўдзельнікі прыехалі на мерапрыемства разам з дзецьмі. Сярод шасці мужчын прысутнічалі два таты. Яны вырашылі пазнаёміць з працэсам прыгатавання прадукту, што традыцыйна пануе на сталах беларусаў, сына і дачку. Людзі, якія ўсё жыццё набывалі хлеб і хлебабулачныя вырабы выключна ў магазінах, моцна хваляваліся за якасць сваіх твораў, а калі апетытны водар распаўсюдзіўся па тэрыторыі аграсядзібы, на іх эмоцыі, як кажуць, не было ўпынку. Урэшце кожны змог забраць хлеб (падчас закладвання ў формы боханы памячаліся) з сабой, каб пачаставаць сяброў і сваякоў. Ларыса Альбертаўна для гэтага прадаставіла свае фірменныя ўпакоўкі. Літаральна тым жа вечарам у сацыяльных сетках з’явілася мноства ўзнёслых каментарыяў і падзяк у адрас абаяльнай жанчыны з залатымі рукамі – майстра па выпечцы хлеба.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий