Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

У гэты зімовы перыяд на аўтадарогах раёна працуюць 7 “пескачоў” філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”. Сярод іх новая здымная ўстаноўка для пасыпання аўтадарог пясчана-солевай сумессю, устаноўленая на МАЗе вялікай грузападымальнасці. У галаледзіцу пры неабходнасці тэхніка і людзі пачынаюць свой рабочы дзень і ў 2, і ў 4 гадзіны ночы.

Новая пескараскідальная ўстаноўка выраблена ў Маладзечне на прадпрыемстве “Дарвектармаш”, што падпарадкуецца КУП “Мінскаблдарбуд”. Яна задзейнічана ў рабоце першы сезон. Для вадзіцеля МАЗа Рамана Фёдаравіча Бычкоўскага гэта зусім новая работа, якую ён асвоіў хутка і паспяхова.

Літаральна ў апошнія дні студзеня ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра ўстаноўлены дзве вонкавыя камеры відэаназірання. Устаноўку і мантаж камер праводзіў за свае сродкі КУП “Мінаблкінавідэапракат”.

Кіраўніцтва кінаўстановы спадзяецца, што ўстаноўленыя на заднім двары камеры здымуць мноства праблем. Летась хуліганы двойчы ламалі агароджу з металапрофілю – 3 і 2 лісты. Моладзь даўно аблюбавала зацішнае месца для сваіх тусовак, пасля чаго заставаліся горы смецця, пашкоджаныя сцены, дзверы кінатэатра.

У першым месяцы гэтага года ў раённую паліклініку паступіў новы УГД-апарат. Грошы на яго былі выдаткаваны цэнтралізавана яшчэ ў канцы снежня мінулага года з абласнога бюджэту.

Новы апарат ультрагукавой дыягностыкі плануецца ўстанавіць у паліклініцы. Для правядзення дыягностыкі тут ёсць апарат, якім карыстаюцца з 2006 года, і ён яшчэ ў рабочым стане. Новы апарат возьме на сябе значную нагрузку. Таксама з закрытага ў Вілейцы анкадыспансера ў раённую бальніцу перадалі рэнтген-апарат. У дадзены момант у рэнтген-кабінеце вядуцца рамонтныя работы і будзе манціравацца яго ўстаноўка.

Рэспубліканская акцыя “Пішам кнігу разам. Якой мы жадаем бачыць нашу Беларусь праз 10 гадоў” была прымеркавана да ХХVI Міжнароднага кніжнага кірмашу, што пройдзе ў Мінску з 6 па 10 лютага. У напісанні кнігі прымалі ўдзел школьнікі і нават студэнты. Свае мары пра будучае краіны патрэбна было сфармуляваць у 10 сказах.

У акцыі прынялі ўдзел усе навучальныя ўстановы раёна, з некаторых былі прадстаўлены па некалькі лепшых міні-сачыненняў. Каля 20-і работ адпраўлены для далейшага ўдзелу ў акцыі. Па выніках яе запланавана выданне кнігі, у тым ліку і ў электронным варыянце. Магчыма, будзе выдадзена і раённая кніга лепшых твораў юных аўтараў.

30 студзеня народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” і асобныя салісты клуба “Верас” раённага Цэнтра культуры з адказным візітам пабывалі ў Маладзечне, дзе выступілі ў Доме культуры чыгуначнікаў. Канцэртная праграма называлася “Нам старэць не дадзена”.

Маладзечанцы цёпла віталі сваіх суседзяў, праважалі самадзейных артыстаў шчырымі апладысментамі. Цёпла сустракалі кожны канцэртны нумар: песні ў выкананні хору і яго салістаў, салісткі РЦК Валянціны Далговай і салісткі клуба “Верас” Ліліі Саевіч, задорныя прыпеўкі ў выкананні кіраўніка хору Галіны Філяноўскай і ўдзельніцы Ганны Марачэўскай.

Напрыканцы мінулага года выхаванцы класа выяўленчага мастацтва Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў і класа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў прымалі ўдзел у арт-сесіі юных мастакоў вобласці. Работы адпраўляліся ў Стаўбцоўскую ДШМ.

З Валожына былі адпраўлены 5 нацюрмортаў – дзве работы Маргарыты Скаромнавай і работы Аляксандры Янковіч, Веранікі Бобрык, Софіі Радзівілка. З Івянца – сем твораў трох навучэнцаў: Яны Лукашык (3), па дзве Паліны Парыза і Лізаветы Лісавец. Журы конкурсу ўзначальваў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, член Беларускага саюза мастакоў У. І. Рынкевіч. 30 студзеня аргкамітэт запрасіў пераможцаў у Стоўбцы для ўручэння ўзнагарод. У намінацыі “Жывапіс і нацюрморт” трэцяе месца заняла А. Янковіч. Спецыяльнымі дыпломамі адзначаны работы М. Скаромнавай і П. Парыза (намінацыя “Дэкаратыўная кампазіцыя”). Іх творы будуць выстаўлены ў арт-галерэі Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Абедзве ўстановы адзначаны дыпломамі “За актыўны ўдзел у конкурсе і садзейнічанне развіццю мастацкай творчасці”. А на памяць юным творцам застануцца дыскі з работамі ўсіх удзельнікаў арт-сесіі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *