Люты

Рэдакцыя прапануе чытачам, аматарам і прыхільнікам прыроды новую і адначасова добра забытую старую рубрыку “Акно ў прыроду”. За аснову ўзяты каляндарны год: напачатку кожнага месяца ў матэрыяле пастараемся падрабязна апісаць прыродныя з’явы, феналагічныя назіранні, якія будуць перамяжоўвацца вытрымкамі з вершаў беларускіх паэтаў, паданнямі, міфамі, прыказкамі, прымаўкамі, характэрнымі для гэтага месяца.

Звяртаемся да чытачоў: далучайцеся да справы і дасылайце ў рэдакцыю свае лісты з назіраннямі і ўражаннямі пра цікавыя, незвычайныя і рэдкія праяўленні ў прыродзе. Вы дапаможаце нам разам стварыць своеасаблівы банк даных аб прыродных з’явах, якія ўласцівы менавіта Валожыншчыне.

ПУРЖЫЦЬ, ПАЎЗЕ МЯЦЕЛІЦА

Пуржыць, паўзе мяцеліца,

Пялёнкай цёплай сцеліцца.

То выгнецца над нівамі

Зыбучымі ўзвівамі,

То, снег сыпучы носячы,

Заходзячы, галосячы.

Канстанцыя БУЙЛО

Прыйдзе люты – спытае, як ты абуты. У лютым востры мароз, кароткая зіма. Люты наробіць плюты. Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі. Як у лютым адгукнецца, так і ў жніўні адзавецца. Люты раніцай таргуе, а вечарам гаруе. Віхры і мяцеліцы ў лютым наляцелі. Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі.

Люты – другі месяц года, мае 28 дзён, кожны чацвёрты год – 29. У старабеларускай мове люты меў найменне «сьнежын». Сучасная назва яго адлюстроўвае сутнасць умоў надвор’я, характэрную асаблівасць пары года – месяц моцных мяцеліц, завірух, снежных заносаў і злосных маразоў. Люты – самы пранізліва халодны месяц года, самы мнагаснежны. І хоць стаіць ён у феналагічным календары як апошні, завяршальны месяц зімы, матухна-зіма яшчэ ў поўным разгары.

Ва ўсёй сваёй моцы трашчаць суровыя лютаўскія маразы, вышыня снежнага покрыва, прамярзанне глебы і таўшчыня лёду на вадаёмах дасягае максімальнай велічыні. Часам цэлыя суткі не змаўкае снежная завіруха, якая разгульвае наўкола. Моцныя адгалоскі яе злосных парываў чуюцца шорганнем па дзвярах, дзыньканнем па аконных шыбах, завываннем у камінах хат. У платах і ў завуголлі будынкаў чуюцца скуголенне і свіст. Завіруха спраўляе баль, аздабляючы наваколле своеасаблівай сімфоніяй гукаў. А што яна вытварае з бездапаможным снегам! Надзімаючы яго ў велізарныя дзівосныя сумёты-горы, то ператворыць у мудрагелістыя замкі, то ў фігуры дзіўных звяроў, ці пусціць па полі і лузе густой калючай замеццю. Цяжка ў такі час падарожніку. Завіруха ў сваім белым убранні як бы жартуючы сустракае яго з усіх бакоў, б’ючы ў твар жорсткім, калючым, марозным снегам. Ён набіваецца ва ўсе складкі адзення – нават у кішэні. Вецер валіць амаль што з ног, ірвучы полы і адразу ж замятаючы сляды.

Суровыя лютаўскія ночы. Мала ў чым уступаюць ім і дні. Халоднае скупое сонца не часта радуе вока. Досыць цяжка даводзіцца ў гэту пару года дзікім жывёлам, бо надта голадна і холадна. Яны адыходзяць у глыб лесу, у гушчары. За магутнай сцяной дрэў вятрам і снягам не так лёгка прабіцца – тут наогул ціха і спакойна. Мізэрнай горкай хвояй сасны, карой асіны задавальняюцца ласі. З цяжкасцю дастаюць корм з-пад снегу дзікі. Найгорш казулям: яны разбіваюць маленькія капыткі аб вострую скарынку снежнага шарпака ў пошуку травы. Добра, калі чалавек дапаможа, дзе снапок ці ахапак травы пакладзе ці яшчэ якога корму падкіне.

У даўні час люты называлі сечанем. Гэта пара як быццам рассякае зіму папалам. Хоць ён і апошні, развітальны месяц, багаты на мяцеліцы, але ўжо ў другой палове робіцца больш лагодным. Удзень хмарнае неба іншы раз становіцца на дзіва глыбокім і сінім, а сонца не па-зімоваму яркім і цёплым: прыгрэе ў поўдзень – і папаўзуць з ялін, хвояў, бяроз снегавыя шапкі, а з паўднёвага боку не ды не з’явяцца першыя ледзяшы. Люты прыносіць не толькі холад, але і радасць, бо вясна з зімой змагаецца. Сонца падымаецца ўсё вышэй. Прыбывае дзень. “Сонца прыгравае, а ў цяні мароз за нос хапае”, – прыкмячалі ў народзе і называлі гэты месяц “бакагрэем”.

Люты – апошні месяц жыхарства ў нашых лясах снегіроў, амялушак, крыжадзюбаў, чачотак. Паступова іншыя птушкі таксама мяняюць спосаб жыцця. Яны выбіраюцца з лясных нетраў на больш адкрытыя месцы, бліжэй да імжарын і пачынаюць першыя спробы сваіх прадвясновых “рэпетыцый”.

СВЯТЫ І АБРАДЫ

Люты ў жыцці беларусаў меў і мае нейкую асаблівую адметнасць. Вялікая ўвага надаецца святу Грамніцы ці Стрэчанню, Устрэчанню, “святу жывога агню” – Знічу ці Жыжалю. Паводле язычніцкіх вераванняў, ён абараняў чалавека ад злых духаў – ведзьмаў, чарадзеяў, іншых істот. Вераванні захаваліся ў хрысціян і па сёння, асабліва гэта праяўляецца ў час падрыхтоўкі і вырабу васковых свечак і асвячэння іх у храмах. Грамнічныя свечкі захоўваліся ў доме цэлы год для засцерагання жытла ад нябесных стыхій, выкарыстоўваліся ў розных абрадах. У народных песнях гаворыцца: “Святыя Грамніцы свечкі сукаюць, на прыстаў стаўляюць”.

Назва Грамніцы, як мяркуюць даследчыкі, пайшла ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна), якому прыпісвалася ўтварэнне вясновых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была аслабець улада змрочных сіл зімы. Казалі: “На Грамніцы – паўзіміцы”, “Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы”, “Грамніцы – хлебу палавіца, скаціне корму траціна”. Па стане надвор’я на Грамніцы прадказвалі надыходзячыя вясну і лета. Лічылі так: калі на Грамніцы вялікі мароз – снег паляжыць нядоўга, а лета будзе пагодлівае і сухое; мяцеліца ў гэты дзень прадказвала доўгую вясну, пацяпленне – раннюю вясну, а лета чакалася непагодлівае і неўраджайнае. Шмат ёсць трапных метэаралагічных прыкмет, звязаных са святам: “На Грамніцы адліга – з ураджаю будзе фіга”, “Калі на Грамніцы певень з-пад страхі

нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я (6 мая) вол пад’есць травіцы”.

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ

Характарызуючы асаблівасці, прыкметы, з’явы ў прыродзе ў лютым, звернемся да міфалагічных істот – насельніка лясоў Гаевага Дзеда (Гаюна) і бога “вечнага і жывога агню” Жыжаля (Зніча).

Згодна з вераваннямі нашых продкаў, Гаевы Дзед на працягу года сочыць за парадкам у лесе. Прыслугоўваюць яму звяры і птушкі. Уяўляецца ў выглядзе старога дзеда, парослага замест валасоў сівым мохам. Нагадвае мядзведзя, але ходзіць выпрастаўшыся. З асаблівай пяшчотай ахоўвае ўлюбёныя мясціны, каб ніхто не парушаў іх некранутае хараство. У руках, наперавес, ён трымае кароткую сукаватую дубінку. Перад выпадковым дрывасекам паўстае ва ўсім сваім жудасным абліччы, пасля чаго чалавек не адважваецца больш наведвацца ў тое месца. У гневе Гаевы Дзед можа заваліць непажаданага прышэльца дрэвамі. У лясных справах яму дапамагаюць унучкі-Гаеўкі. Яны маюць выгляд маладых гарэзлівых дзяўчат. На зіму пакрываюцца густой снежна-белай поўсцю, чыстым застаецца твар і русыя косы. Вясной поўсць спадае, і Гаеўкі становяцца звычайнымі дзяўчатамі, толькі вельмі прыгожымі. Дзед забараняе сваім унучкам выходзіць за межы лесу.

Жыжаль (Зніч), бог “вечнага і жывога агню”, уяўляе сабой магутнага дзеда з доўгімі і густымі валасамі на галаве і барадзе. Апрануты ў даўгаполае футра з доўгай поўсцю. Доўгія валасы і поўсць нагадваюць языкі полымя. У руках трымае кій (посах), які быццам звіты з карэнняў дрэў і з выхадам на канцы вялікага полымя агню. Жыжаль расхаджвае пад зямлёй і выпускае з сябе агонь. Ад яго ціхай хады зямля саграваецца; калі ж ён ходзіць хутка, зямля загараецца, у выніку чаго ў розных месцах здараюцца пажары, якія знішчаюць лясы, выпальваюць сенакосы, робяць іх бясплоднымі.

Як ужо адзначалася вышэй, нашы продкі ўвязвалі святкаванне Стрэчання з пакланеннем “жывому агню”. Калі б мы маглі апынуцца ў старажытныя часы, то ўбачылі б наступнае: пасяленні людзей і іх капішчы. Капішча размяшчалася на водшыбе, у ціхім, утульным, цяжка даступным куточку сярод лясоў і балот. Звычайна ж капішчы будаваліся на вяршынях пагоркаў, на высокіх мысах і стромкіх берагах, астравах. Побач, як правіла, быў святы гай, рака, возера, крыніца, камень. Адным з галоўных элементаў капішча было вогнішча – зніч. Яно выкладвалася слупком з невялікіх камянёў і распальвалася па асаблівым рытуале з прынашэннем у ахвяру жывёл: пеўняў, курыц, козаў, авечак, свіней. З гэтага часу тут пачынаў жыць Агонь (Аган) або Жыжаль (Зніч). Так стваралася вогнішча са старажытным найменнем Жыжа, якое станавілася ахвярнікам. Тут людзі заўсёды пакланяліся сваім багам і прасілі паратунку ад бяды.

З увядзеннем хрысціянскай веры капішчы знішчаліся, але паданні захаваліся ў народзе. Апошняе капішча са звечным знічам знаходзілася амаль у цэнтры тагачаснага губернскага горада Мінска на беразе ракі Свіслач. Яно праіснавала з непатухаючым агнём да пачатку XX стагоддзя: у прамым і пераносным сэнсах слова яго “выкарчавалі” перад Японскай вайной.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars