Кашаль больш не перашкодзіць

Безопасность и здоровье

Знясільваючы, гаўклівы, надрыўны, абдзіраючы – гэтымі далёка не ласкавымі словамі мы называем кашаль. Ён не толькі істотна псуе якасць жыцця, але і даводзіць чалавека да поўнай знямогі. Што трэба рабіць, каб пазбегнуць наступстваў?

Сухі (непрадуктыўны) кашаль не вядзе да адыходжання макроты і суб’ектыўна адчуваецца як дакучлівы. Узнікае ў пачатку запалення слізістых, калі макроты яшчэ няма, а таксама пры фібрынозных налажэннях у трахеі і бронхах. Такі від кашлю з’яўляецца паказаннем для назначэння супрацькашлевых сродкаў. Кашаль падчас вірусных фарынгітаў узнікае пры пашкоджанні толькі самых верхніх аддзелаў дыхальных шляхоў – глоткі, адначасова вельмі характэрна наяўнасць частага сухога кашлю, які суправаджаецца чханнем. Ніякай функцыянальнай нагрузкі гэты кашаль не нясе і вельмі знясільвае пацыента. Кашаль пры звычайных трахеітах і бранхітах часцей за ўсё пачынаецца як сухі, непрадуктыўны.

Каб устараніць сухі кашаль, неабходна пазбавіцца ад згубнага ўздзеяння віруса і лячыць асноўнае захворванне. З першых дзён хваробы прымайце супрацьвірусныя і імунамадэліруючыя лекавыя сродкі. Антыбактэрыяльную тэрапію трэба пачынаць толькі па рэкамендацыі ўрача. Калі кашаль мае надрыўны характар, дапамогуць прэпараты на аснове супрацьзапаленчых траў і лекаў, што падаўляюць кашлевы рэфлекс. Супрацькашлевымі прэпаратамі могуць быць Сінекод, Тусупрэкс, Лібексін, Глаувент, Стоптусін, Тусін плюс, Глікадзін, Бронхаліцін.

Вільготны кашаль узнікае пры ўтварэнні макроты, з адыходжаннем якой ён спыняецца і з’яўляецца зноў пры яе накапленні. Звычайна назіраецца падчас бранхітаў (пасля сухога кашлю), пнеўманіі. Вільготны кашаль можа быць балючым пры вязкай макроце, у такіх выпадках выкарыстоўваюць мукалітыкі і адхарквальныя сродкі. Павярхоўны кашаль узнікае пры вялікай колькасці макроты ў трахеі і гартані, забяспечвае ачышчэнне бронхаў і лёгкіх.

Для вывядзення макроты трэба прымаць мукаактыўныя прэпараты, што пашыраюць бронхі і зніжаюць яе вязкасць, рабіць дыхальную гімнастыку, інгаляцыі з выкарыстаннем бронхапашыральных і адхарквальных сродкаў. Прэпараты для лячэння вільготнага кашлю – Ацэтілцыстэін (АЦЦ, Мукабенэ, Мукаміст), Амбраксол гідрахларыд (Амброгексал, Амбробенэ, Лазалван), Бромгексін (Бізалвон, Браксін), Карбацыстэін (Мукадзін, Мукапронт). Акрамя таго, ужывайце больш вадкасці: сокі, кампоты, морсы, травяны чай, мінеральную ваду, а таксама ўвільгатняйце паветра ў памяшканні – гэта павялічвае адхарквальны эфект.

Па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пры ВРВІ, што не патрабуюць спецыфічнага лячэння, а толькі прыняцця сімптаматычных мер, пры лячэнні няўскладненага кашлю выкарыстоўваюцца грудныя зборы – набор лекавых траў, адвар якіх садзейнічае палягчэнню вывядзення макроты, аказвае комплекснае супрацьмікробнае і супрацьзапаленчае дзеянне на лёгкія і бронхі.

Грудны збор № 1 – алтэя, мацярдушка, падбел, № 2 – падбел, трыпутнік, лакрычнік, № 3 – шалфей, аніс, сасновыя пупышкі, алтэя, лакрычнік, фенхель, № 4 – чабор, лакрычнік, мацярдушка, ліпа, мята, падбел, трыпутнік, сасновыя пупышкі, календула, медуніца. Спосаб прыгатавання: 2 сталовыя лыжкі сумесі заліць 0,5 літра кіпеню, настойваць 1,5 гадзіны ў цёплым месцы, працадзіць. Прымаць па 100-150 мл за 30 хвілін да ежы 3-4 разы ў дзень на працягу ўсяго перыяду хваробы.

Перад ужываннем усіх лекавых сродкаў абавязкова пракансультуйцеся з урачом – маюцца супрацьпаказанні і могуць узнікнуць алергічныя рэакцыі.

Вікторыя ГРЫВІЦКАЯ,

урач-тэрапеўт Валожынскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *