Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На мінулым тыдні прыемная навіна прыйшла ў наш раён. Па выніках рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры” ў намінацыі “Лепшы аграгарадок” пераможцам прызнаны аграгарадок Ракаў (старшыня сельвыканкама А. А. Мякінка).

У гэтым населеным пункце віруе культурнае жыццё, ладзяцца мерапрыемствы накшталт “Ракаўскага фэсту”, які даўно выйшаў за межы раёна. Сапраўдную славу Ракаву прынёс заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” і яго творчыя адгалінаванні. Тут умеюць ладзіць святы і прымаць гасцей, паказаць свае лепшыя набыткі і захоўваць традыцыі продкаў.

У канцы студзеня работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” прыступілі да рамонту чацвёртага пад’езда ў доме № 14 па вуліцы Міру райцэнтра. Унутраныя аддзелачныя работы вядуцца за грошы яго жыльцоў.

Гавораць, што любы тэатр пачынаецца з вешалкі. Калі кіравацца такім прынцыпам, то нашы кватэры пачынаюцца з пад’езда, і калі там не толькі чыста і прыбрана, але ён мае і годны эстэтычны выгляд, то жывецца ў кватэрах лепш. Жыльцы дадзенага пад’езда першыя ў бягучым годзе далі згоду на рамонт за ўласныя грошы. Будуць атынкаваны і пафарбаваны сцены, заменены поручні, зроблены частковы рамонт вокнаў. Плацяжы за аплату работ размеркаваны на 12 месяцаў. Хочацца спадзявацца, што абнавіць і асвяжыць свае пад’езды касметычным рамонтам захочуць жыльцы і іншых шматкватэрных дамоў горада.

30 студзеня ў Дзень Дзеда Мароза і Снягурачкі былі падведзены вынікі працяглага святочнага марафону з нагоды навагодніх і калядных свят. У дзіцячай бібліятэцы райцэнтра завяршылася акцыя “Ёлка жаданняў”.

З дапамогай чытачоў і жыхароў Валожына работнікі бібліятэкі падрыхтавалі падарункі дзецям з аддзялення сацыяльнага прытулка, падзяліліся імі з выхаванцамі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі 15 членаў клуба “Лэдзі”, які дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на чале з загадчыцай аддзялення І. В. Кавязай і старшынёй А. І. Барахоўскай. Непасрэдна члены клуба Я. А. Шышла, Л. М. Сташэўская, А. П. Фейгіна, Г. І. Канапелька, Л. Р. Мандрык і іншыя сабралі ласункі, цацкі, кнігі, канцылярскія тавары і перадалі іх дзецям.

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу мастацкай творчасці вучняў “Дзень добры, свет!” у намінацыі “Тэатральная творчасць” прайшоў 1 лютага ў аграгарадку Петкавічы Дзяржынскага раёна.

Наш раён прадстаўлялі юныя чытальнікі Ілья Пашкоўскі з Дорскага ВПК, Паліна Сучкевіч з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, Лізавета Ярмоленка і Анастасія Халевіч з Багданаўскага і Пяршайскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Уласныя творы ў вершах і прозе, прысвечаныя малой радзіме, чыталі Дар’я Загавалка, Ксенія Мамыш, Ганна Барысава, Дзіяна Кучынская з Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Трэці год запар раённы краязнаўчы музей плённа супрацоўнічае з дзіцячым санаторыям “Налібоцкая пушча”, дзе праходзяць аздараўленне дзеці з чарнобыльскіх рэгіёнаў Беларусі.

Вось і на гэтым тыдні – 5, 6 і 7 лютага ў Валожыне пабывалі групы дзяцей з санаторыя. Аўтобус “МАЗ” на 24 пасадачныя месцы выдзяляў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Навуковы супрацоўнік музея Н. У. Бобрык пазнаёміла школьнікаў з гомельскай СШ № 58, Рэчыцы і іншых раёнаў Гомельшчыны з пастаянна дзеючай экспазіцыяй “Прырода і экалогія”, паказала ім відэапрэзентацыі “Птушкі Налібоцкага краю” і “Падарожжа па Налібоцкай пушчы”, а затым правяла экскурсію па гістарычнай частцы нашага горада, дзе яны ўбачылі найбольш знакавыя помнікі гісторыі і культуры.

Кожныя бацькі, а таксама бабулі і дзядулі хочуць зрабіць дзень нараджэння свайго дзіцяці незабыўным, непадобным да папярэдняга. І ў такім разе ў райцэнтры ім на дапамогу прыходзяць работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У 2018 годзе правялі каля 20-і такіх мерапрыемстваў, а таксама выпускныя вечары для выхаванцаў дзіцячых садоў і малодшых школьнікаў.

Сёлета ў канцы студзеня яны арганізавалі такое свята для шасцігадовага Цімафея, а ў першую суботу лютага – для шасцігадовай Софіі. Для імянінніка і яго гасцей, а іх збіраецца і да 20 чалавек, арганізоўваюцца забаўляльная праграма з рухавымі і інтэлектуальнымі гульнямі з клоўнамі і прынцэсамі ў якасці вядучых, усіх гасцей упрыгожваюць аквагрымам. Фотазона і зала афармляюцца ў тым стылі, які пажадае імяніннік. Такая платная паслуга стала папулярнай у Валожыне, асабліва пры адсутнасці ў горадзе дзіцячых кафэ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *