Адданы спорту

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы знаёмім чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

Вучань 7 “А” класа сярэдняй школы № 2 г. Валожына Ягор ШЧОГАЛАЎ атрымаў заслужаную перамогу ў намінацыі “Спартсмен года”.

Пры знаёмстве з хлопцам адразу кідаюцца ў вочы яго невычэрпны аптымізм, адкрытасць і шчырая ўсмешка, якая перадаецца ўсім, хто знаходзіцца побач.

Школьнік не аднойчы станавіўся героем рубрыкі “Фізкультура і спорт” раённай газеты. З чацвёртага класа ён наведвае секцыю па настольным тэнісе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Яго трэнер Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў адразу звярнуў увагу на гэтага працалюбівага і настойлівага юнага спартсмена. І недарма. У тым жа годзе на абласных спаборніцтавах у асабістым першынстве ён заваяваў 1-е месца. На спартакіядзе ДЮСШ Мінскай вобласці, што нядаўна прайшла ў Дзяржынску, Ягор Шчогалаў і Уладзіслаў Адашкевіч занялі 1-е каманднае месца, у асабістым заліку ў юнака 2-е месца. Пазней рабяты прадстаўлялі нашу вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. На жаль, сярод пераможцаў яны не аказаліся.

Ягор з задавальненнем наведвае заняткі па тэнісе, не прапускае ніводнага. Матуля падтрымлівае жаданне сына займацца спортам, якое перадалося і меншаму брату Мікалаю, што вучыцца ў пятым класе гэтай жа навучальнай установы. Жанчына – надзейны тыл для хлопчыкаў: заўсёды адпраўляе і сустракае са спаборніцтваў, клапоціцца, суцяшае, калі бываюць паражэнні. Яна разумее, што тэніс не проста захапленне, без яго сыны ўжо не ўяўляюць жыцця. Братам часта даводзіцца выступаць разам, не раз яны заваёўвалі кубкі і займалі прызавыя месцы ў парным першынстве.

Пасля першай перамогі Ягор больш паверыў у сябе і свае магчымасці, узмоцнена трэніруецца, каб дабіцца як мага лепшых поспехаў. Ён не прапускае ні аднаго турніру. Неаднаразова станавіўся пераможцам у спаборніцтвах раённага, занальнага, абласнога ўзроўняў, прымаў удзел у рэспубліканскіх. У скарбонцы Ягора 13 медалёў за першыя месцы, 9 – за другія, 3 – за трэція, а таксама шматлікія граматы і дыпломы. Хлопчык гаворыць, што не думае пра месцы, якія зойме, і ўзнагароды, а проста атрымлівае задавальненне ад любімага занятку. За свае дасягненні ён вельмі ўдзячны трэнеру Д. В. Ажарэльеву.

Дзмітрый Васільевіч з энтузіязмам расказвае пра поспехі юнака. Ягор уваходзіць у склад зборнай Мінскай вобласці, у яго першы дарослы разрад па настольным тэнісе. Хлопчык з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту. ДЮСШ стаіць на пачатковым этапе падрыхтоўкі будучых алімпійскіх чэмпіёнаў. Адсюль перадаюць спартсменаў у вышэйшае звяно — у вучылішчы алімпійскага рэзерву, цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі і г. д. Такая прапанова паступіла ўжо і Ягору.

“Аддаючы сябе спорту, разумееш, што трэба няспынна развівацца, рухацца, перамагаць, не адчайвацца, калі спасцігаюць непрыемнасці і няўдачы, заўсёды ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх”, — разважае сямікласнік. Школьнік лічыць, што гэта і ў жыцці здорава дапамагае. Ягор — адзін з лепшых вучняў свайго класа. Найбольш яму падабаюцца такія прадметы, як матэматыка, фізічная культура, працоўнае навучанне. Старанны, вытрыманы, добрасумленны і справядлівы, карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод аднакласнікаў. У свае 12 гадоў ён ужо знайшоў занятак, паставіў перад сабой мэту і смела крочыць да яе ажыццяўлення.

У мінулым навучальным годзе прайшоў класны час, прысвечаны Ягору Шчогалаву, пад назвай “Герой нашага класа”. Хлопчык у тым парадку, у якім атрымліваў, надзяваў на сябе свае медалі і расказваў сябрам, за што і калі іх атрымаў. А пасля выклаў перад уражанымі аднакласнікамі дыпломы і граматы. Для большасці з іх гэта было нечаканасцю, бо сціплы Ягор ніколі не выносіў перамогі на агульны агляд. Класны кіраўнік Т. В. Халявінская гатова сказаць шмат добрых слоў у адрас вучня. Яго паводзіны, адносіны да аднакласнікаў, настаўнікаў заслугоўваюць найлепшай ацэнкі. Ён не адказваецца і ад грамадскай работы, выконвае ўсе даручэнні, удзельнічае ў культурна-масавых мерапрыемствах.

Гледзячы, як радасна свецяцца вочы хлопчыка, калі ён распавядае сябрам, аднакласнікам, знаёмым пра настольны тэніс, хочацца верыць, што перад намі спартыўнае будучае краіны. Поспехаў табе, Ягор!

Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars