Дружныя, актыўныя, спрытныя, праўдзівыя

Дзіцячы і маладзёжны грамадскі рух уключае ў сябе мноства аб’яднанняў з рознымі напрамкамі дзейнасці, дзе праводзяцца дзясяткі мерапрыемстваў і нараджаецца вялікая колькасць цікавых ідэй. Наогул – гэта цудоўны механізм далучэння дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, калектыўнага ўзаемадзеяння, дзе кожны адчувае падтрымку сяброў.

Валожынская раённая піянерская арганізацыя ажыццяўляе сваю дзейнасць на базе 15 устаноў адукацыі. Па выніках апошняй перарэгістрацыі на 1 снежня 2018 года яна налічвае 2352 школьнікі (936 акцябрат і 1416 піянераў).

На рашэнне выхаваўчых задач накіраваны асноўныя праграмы Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі: “Сем Я”, “Спадчына”, “Дзіцячы Ордэн Міласэрнасці”, “Акцябраты”, “Гульня – справа сур’ёзная”.

Піянеры – актыўныя ўдзельнікі Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”. На мінулыя святы дружынамі раёна былі сабраны 72 падарункі, якія ўручылі выхаванцам сацыяльнага прытулку і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У межах цімураўскага руху рабяты праводзяць акцыі “Ветэран жыве побач”, “Ніхто не забыты”, “Абеліск”, “Дом без адзіноты”, “Цімураўскія зоркі” і г. д. Піянеры ўзялі шэфства над 15 ветэранамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, даглядаюць 25 мемарыялаў і помнікаў.

Падчас працоўнай акцыі па зборы другаснай сыравіны “Наша піянерская праца табе, Айчына!” сабрана больш за 10 тон макулатуры, у Цэнтральны савет ГА “БРПА” пералічаны 223 рублі.

У студзені на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна прайшоў гарадскі этап інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі квіз”. У ёй прынялі ўдзел каманды з Валожына: “Гарачыя сэрцы” гімназіі № 1, “Сузор’е” СШ № 1 і “Лідар” СШ № 2. Рабяты прадэманстравалі свой інтэлект і кемлівасць у трох турах: “Мая Радзіма”, “Музычны”, “Чысты інтэлект”. У выніку, “Сузор’е” святкавала перамогу і прадставіла наш раён на абласным этапе, што праходзіў у Салігорску.

Шосты школьны дзень 10 лістапада мінулага года пакінуў у вучняў 5 класаў гімназіі № 1 г. Валожына шмат станоўчых эмоцый. Яны змаглі паўдзельнічаць у піянерскай гульні “Крок за крокам”, падчас якой рабяты паказалі інтэлектуальныя, прамоўніцкія, творчыя здольнасці, а таксама змаглі прааналізаваць уласныя веды і выявіць прабелы ў іх.

У гімназіі № 1 г. Валожына з 20 па 24 лістапада 2018 года прайшоў Тыдзень “Падарожжа па промнях акцябрацкай зорачкі”. Рабятам была прадастаўлена магчымасць даказаць, што яны дружныя, актыўныя, спрытныя і праўдзівыя. Кожны дзень вучняў 1-4 класаў быў напоўнены разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі. Першай стартавала інтэрнэт-флэш-акцыя “Акцябраткі – вясёлыя рабяткі”.

Наступным стаў Дзень здароўя і спорту. Піянерважатыя на перапынках праводзілі з акцябратамі вясёлыя рухавыя гульні і музычныя фізкультхвілінкі пад назвай “Вясёлая дарога здароўя”. Актыўна прайшла спартландыя “Будзь у форме!”.

Падчас акцыі “Пасланне дабрыні” кожны жадаючы меў магчымасць напісаць ліст дабрыні для сваіх аднакласнікаў і сяброў. Вучні 1-2 класаў паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Рознакаляровасць дабра і радасці”, а 3-4 класаў – пісалі сачыненні на тэму “Дабрыня – гэта…”.

Затым наступіў Дзень маёй Рэспублікі. Піянерважатыя правялі гульню-падарожжа “Краіна акцябрат” для першакласнікаў. Яны расказалі легенду пра ўзнікненне слова “акцябраты” і пра тое, якімі якасцямі яны павінны валодаць. А з вучнямі другіх класаў адбылася сустрэча “Мы грамадзяне вялікай краіны”.

Завяршыўся Тыдзень працай акцябрацкай майстэрні “Твары, фантазіруй, спрабуй!”. На лінейцы былі падведзены вынікі праведзенай работы і адбыўся прыём у акцябраты.

Наш кар.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars