Падарунак лёсу

Люди и судьбы

Сёлетні год для аператара па штучным асемяненні жывёлы філіяла СГУ “Бабровічы” ВРУП “Мінскаблгаз” Леаніда Канстанцінавіча ШАРКО распачаўся знакавай падзеяй: ён прызнаны Чалавекам года Міншчыны ў намінацыі “Аграпрамысловы комплекс – вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і яе перапрацоўка”. Л. К. Шарко – трэці жыхар раёна, удастоены такога ганаровага звання за 9 гадоў з моманту прысуджэння. Заслужаная ўзнагарода стала добрым падарункам напярэдадні юбілею: 25 студзеня Леанід Канстанцінавіч адзначыў 55-годдзе. Сёння ён герой нашай гасцёўні.

– Леанід Канстанцінавіч, колькі гадоў Вы працуеце ў гаспадарцы?

– 9 жніўня 1985 года прыйшоў на работу ў тагачасны калгас імя Суворава – так і маю адзіны запіс у працоўнай кніжцы на працягу ўжо амаль трыццаці чатырох гадоў. Па жыцці ўсё складвалася, як і ў многіх вясковых хлопцаў: пасля школы атрымаў спецыяльнасць заатэхніка ў Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, адслужыў у арміі, вярнуўся дадому ў родныя Бабровічы. Старшыня гаспадаркі Мікалай Васільевіч Ракавец прапанаваў пайсці працаваць асемянатарам. Пагадзіўся, не раздумваючы, бо ў распараджэнне далі машыну “пікапа” – па тым часе гэта было сапраўднай раскошай для маладога спецыяліста.

– А хто ж Вас вучыў усім прамудрасцям такой тонкай работы?

– Спецыяліст райплемстанцыі прывёз на адну з малочнатаварных фермаў і адзін раз на практыцы ўсё паказаў. Тут жа прапанаваў адразу засвоіць атрыманыя веды. Але даяркі залямантавалі: маўляў, не лезь, едзь вучыцца ў свой калгас! Вось такая была навука.

– Колькі кароў тады было на абслугоўванні, і што асноўнае ў Вашай працы?

– Каля 600 галоў налічвалася. Меліся і бычкі: іх трымалі для цялушак, а каровы ў асноўным пакрываліся штучным асемяненнем. Самае важнае для асемянатара – не прапусціць час, бо гэта жывы працэс: не пакрылася кароўка – не будзе цяляткі, няма расцёлаў – няма і надояў. А што ж тады заробіць даярачка? Ды і ўвогуле, у нашай справе раз не дагледзеў, у другі давядзецца ўжо лячыць скаціну. Колькі часу, паправіцца яна ці не – ніхто дакладна не скажа.

– “Падапечныя” ўжо, напэўна, ведаюць Вас і пазнаюць здалёк?

– Сапраўды так. Вось пакрыў, напрыклад, цялушку, прайшло 10-12 месяцаў, іду міма, а яна рыкае. Не ўсе ж, канешне, але многія так сябе паводзяць – можна сказаць, вітаюцца. Стараюся пагутарыць з ёй, за вуха пацераблю, пагладжу. Ведаеце, я з дзяцінства люблю ўсю жывёлу: дома маю некалькі катоў і сабак, часта прыбіваюцца бяздомныя – не магу прагнаць, шкадую, кармлю, хоць часам маці і жонка лаюцца за гэта. Трымаю свіней, курэй – у мяне з імі асаблівыя адносіны: ласкавыя, душэўныя. Скаціна ж служыць чалавеку, усё разумее і адчувае, толькі сказаць не можа. А колькі станоўчых эмоцый атрымліваю ад зносін – не перадаць словамі!

– Цяпер у сельгасупраўленні дойны статак намнога большы. Як паспяваеце спраўляцца з абавязкамі?

– У маім падпарадкаванні дзве малочнатаварныя фермы ў Саланой і Даўбенях з пагалоўем у 1400 кароў. На комплексе і ў Капусціне – свае аператары. Кожны працуе на вызначаным участку. Безумоўна ж, раімся, мяркуем, калі ўзнікаюць нейкія пытанні, а вось канкрэтнай работай займаемся толькі ў сваёй групе, бо дапаможаш іншаму – прапусціш у сябе. Справа такая, што гадзінамі трэба каля кароў хадзіць, назіраць, ці ёсць рух у скаціны. Абласное кіраўніцтва набыло УГД-сканер. Раней вызначыць, цельная карова ці не, можна было толькі праз тры месяцы пасля асемянення, а сучасная апаратура ўжо праз 30-40 дзён паставіць дыягназ. Да таго ж на ферме ў Даўбенях пра стан жывёлы можна даведацца праз спецыяльную бірку на вушах: у чыпе фіксуецца нават перыяд ахвоты.

– Новаўвядзенні дапамагаюць у рабоце?

– Безумоўна. Аднак, як кажуць у народзе, давярай, але правярай. Бываюць і збоі, а як убачыш усё сваімі вачамі – ведаеш ужо дакладна. Напрыклад, летась на 100 кароў і цялушак удалося атрымаць 160 цялят – плюс 34 галавы ў параўнанні з 2017 годам. Эфектыўнасць асемянення жывёлы склала 98 працэнтаў.

– Кіраўніцтва мэтанакіравана займаецца абнаўленнем статка. Новае маладое папаўненне патрабуе асаблівых падыходаў?

– Цяпер амаль што поўнасцю перайшлі на галшцінскую пароду – каровы вялікія, вагой 700 і больш кілаграмаў, высокаўдойныя. Але якая б карова ні была, надоі залежаць у першую чаргу ад кармоў: як добра накорміш, то і малако будзе. А ў гэтым кірунку ў нас забяспечанасць у поўным аб’ёме, ды і догляд жывёлы, трэба сказаць, на належным узроўні.

– Ваша сям’я кажа, што за больш чым тры дзясяткі гадоў у Вас толкам не было ні выхадных дзён, ні паўнацэннага адпачынку?

– На працы я ўжо ў 6 гадзін раніцы – няхай сабе Каляды ці Новы год – трэба ехаць, бо адчуваю вялікую адказнасць. Мне жонка часам кажа: “Хай Бог сцеражэ з тваёй работай…” Тым не менш, яна мяне разумее і падтрымлівае – самі ж карову гадавалі. А з гаспадаркай жывучы, якія могуць быць святочныя дні ці выхадныя?

– Дык адпачываеце калі?

– Ноччу прыязджаю і адпачываю.

– Разумею, што работа з’яўляецца для Вас асноўным сэнсам жыцця. Ці маеце якое захапленне?

– Люблю грыбы збіраць – але няма калі.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.

– Жонка Алена Анатольеўна працуе паштальёнам, дачка Святлана па прафесіі медыцынская сястра. Ужо амаль два гады, як займеў пасаду цесця – зяць Улад з Дораў: маладыя цяпер жывуць у сталіцы, здымаюць кватэру. Нядаўна ўпершыню завітаў да іх у госці – ажно спацеў, пакуль патрапіў.

– Хата ў Вас дагледжаная, адрамантаваная на сучасны манер, маеце гарадскія выгоды – па ўсім бачна гаспадарская рука.

– З самага нараджэння жыву ў доме, куды мая матуля Ірына Сцяпанаўна з Саланой выйшла замуж за бацьку Канстанціна Іосіфавіча. Маці ўсё жыццё працавала ў гэтым жа калгасе: спачатку на свінаферме, а пасля на кароўніку. Мы з братам дзецьмі пастаянна праводзілі там час – дапамагалі, тут і гулялі. Нашым выхаваннем у асноўным займалася бабуля Вера па бацькавай лініі, бо жылі мы разам. Памятаю, як яна вучыла нас быць сумленнымі, справядлівымі, працавітымі, з павагай адносіцца да людзей. Бацька памёр рана, як я прыйшоў з арміі. Таму мужчынскія клопаты давялося ўзяць на сябе. Навучыўся ўсяму і не баюся ніякай работы.

– Не шкадуеце, што засталіся на вёсцы, не шукалі, як кажуць, лягчэйшай долі?

– А на што ж яно мне? Бывае, трэба ў Мінск з’ездзіць – для мяне гэта гора. У галаве толькі адны думкі: хутчэй бы ў Бабровічы. Як у тым мурашніку людзі жывуць – не ведаю.

– Разумею, што Вы любіце вёску і справу, якой займаецеся?

– Жыць на зямлі – трэба, каб падабалася душы. Хочацца нейкі агарод пасадзіць, бульбіну-бурак свае мець. А якая асалода назіраць, як усё расце! Улетку дзень вялікі – толькі паспявай спраўляцца, а зімой што рабіць: уліў свінням і ў хату, да тэлевізара? Я ж устану раненька, паеду на працу, з людзьмі пагавару, з жывёлай пашапчуся, справы рабочыя ўладкую – вось і час праляцеў. Здаецца, нарабіўся-намарыўся, а на душы лёгка.

– Ці бывае ў Вас дрэнны настрой, калі хочацца паскардзіцца на жыццё? Ці ўпадаеце часам у вельмі распаўсюджаную ў сучасным свеце дэпрэсію?

– Настрой сярэдні, бывае ўсяго. Але зубы сцяў і пайшоў на работу. А вось на дэпрэсію не пакутую, бо не дадуць: спраў столькі, што няма калі пра гэта нават і падумаць.

– Летась у раённым конкурсе аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы Вы занялі 1-е месца, а сёлета прызнаны лепшым у вобласці. Вашы адчуванні?

– Адразу нават не паверыў, а пасля пачаў раздумваць: як жа гэта я паеду на ўручэнне ў Маладзечна, ды, напэўна, на цэлы дзень? Хто маю работу зробіць? Адкласці яе на заўтра нельга – у мяне ж там каровы “на схеме” стаяць. Усё планаваў-меркаваў, але, дзякуй Богу, справіўся. Безумоўна, вялікая радасць і гонар, удзячны кіраўніцтву і калектыву за такі падарунак лёсу – прыемна, калі тваю працу заўважаюць і ацэньваюць. Буду старацца і надалей.

– Леанід Канстанцінавіч, як Вы лічыце, што галоўнае для чалавека ў жыцці?

– Каб усе былі здаровыя і быў мір на зямлі – а што болей трэба для шчасця?..

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *