Санітарныя ўмовы падвалаў

Общество

Кожны квартал спецыялісты ДУ “Валожынскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” сумесна з супрацоўнікамі РУП “Валожынскі жылкамунгас” праводзяць маніторынг падвалаў жылых дамоў. Мэта гэтых мерапрыемстваў – пераканацца, што памяшканні ўтрымліваюцца ў належных санітарных умовах.

Разам з майстрам Валянцінай Раманаўнай Сівай і памочнікам урача-эпідэміёлага Рымай Мікалаеўнай Гасціловіч мы наведалі падвалы ў мікрараёне Папоўка. Самымі забруджанымі аказаліся падвалы дамоў № 6 і № 12 па вуліцы Гагарына: там да сённяшняга дня ляжаць будаўнічыя матэрыялы і трубы, якія забудоўшчыкі не прыбралі пасля правядзення гарачай вады, складзіруюцца непатрэбныя рэчы гаспадароў кватэр, валяюцца недапалкі і дробнае смецце. Жылкамунгас працуе над тым, каб у хуткім часе прывесці памяшканні ў належны выгляд. На Гагарына, 8 сам падвал даволі чысты, але ўнутры мы знайшлі вялікую кучу пяску, а на ўваходзе  валяюцца пустыя шкляныя бутэлькі. У падвале дома 27 па вуліцы Міру нейкі гаспадар пакінуў непатрэбныя рэчы – старыя вокны і мэблю. Самыя чыстыя і дагледжаныя тэхнічныя памяшканні мы ўбачылі на Міру, 26 і Гагарына, 9. Ні ў адным з наведаных намі скляпоў не было бадзяжных жывёл. Запускаць іх туды строга забараняецца – гэта парушэнне санітарных норм. Каты і сабакі – пераносчыкі небяспечных для чалавека захворванняў і паразітаў.

Дзверы ў дапаможныя памяшканні часцей за ўсё зачыняюцца на замок, але часам бываюць адчыненыя. Туды лёгка пранікаюць чужыя людзі з рознымі мэтамі. Некаторыя з іх, такія як ужыванне спіртных напіткаў і курэнне, могуць прывесці да ўзгарання. Яшчэ адна праблема – захламленне старой мэбляй, бытавой тэхнікай і іншымі прадметамі ўжытку, якія перашкаджаюць свабоднаму доступу да камунікацый. У большасці падвалаў прадугледжаны ўбудаваныя адсекі для захоўвання рэчаў жыхароў. Іх можна выкарыстоўваць для сваіх мэт, толькі трэба спецыяльна абсталяваць участак – паставіць паліцы, шафы, дзверцы. На агульнай тэрыторыі нельга складзіраваць будматэрыялы і непрыдатнае абсталяванне.

У Івянцы таксама прайшлі праверкі гарышчаў, скляпоў і прылеглых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў. У 5-м доме па вул. 1 Мая і 9-м на зав. 17 Верасня з падвалаў прыбралі склад непатрэбных будматэрыялаў і навялі чысціню, а з двара дома на Леніна, 8 вывезлі звалку будаўнічых адходаў.  Гарышча дома па вул. Леніна забруджана з-за галубоў. Жылкамунгас павінен разабрацца з праблемай і пачысціць пляцоўку да красавіка. У падвалах на вуліцах 1 Мая, Леніна, зав. 17 Верасня жывуць бадзяжныя і хатнія каты. Іх туды запускаюць жыхары дамоў.

Усе парушэнні будуць хутка ліквідаваныя. Чысціць і прыбіраць тэхнічныя памяшканні, якія стаяць на балансе РУП “Валожынскі жылкамунгас”, – справа супрацоўнікаў гэтай арганізацыі, але і самі жыхары дамоў павінны падтрымліваць парадак і выконваць агульныя правілы.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Стыхійны музей антыкварных рэчаў утвараецца ў падвале жылога дома
Стыхійны музей антыкварных рэчаў утвараецца ў падвале жылога дома
Смецце ляжыць на ўваходзе
Смецце ляжыць на ўваходзе
Самы дагледжаны падвал. Жыхары дома самі клапоцяцца аб чысціні і добраўпарадкуюць памяшканні
Самы дагледжаны падвал. Жыхары дома самі клапоцяцца аб чысціні і добраўпарадкуюць памяшканні


Добавить комментарий