Юныя натуралісты з івянца

Молодежный курьер

Вучаніцы дзясятых класаў Івянецкай сярэдняй школы Ксенія Звярко і Вікторыя Крывадубская прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Юны натураліст” у рамках акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Іх навукова-даследчы праект “Уплыў нізкаінтэнсіўнага электрамагнітнага выпраменьвання на прадукцыйнасць грэчкі звычайнай” быў дастойна ацэнены на абласным этапе і аказаўся сярод 144, якія разглядаліся на рэспубліканскім этапе. Праца Вікторыі і Ксеніі выступала ў намінацыі “Сад на новы лад”, дзе аналізаваліся 38 работ па вырошчванні сельскагаспадарчых раслін у адкрытым грунце з выкарыстаннем інавацыйных ідэй. Яна прызнана адной з лепшых і ўдастоена Дыплома III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама дзяўчатам уручылі падарункі.

Усе пераможцы рэспубліканскага і абласных этапаў конкурсу атрымалі пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Там адбылася прэзентацыя і абарона лепшых работ 35 удзельнікаў конкурсу з усёй рэспублікі па трох намінацыях: “Сад на новы лад”, “Жывая памяць”, “Сімвалы майго краю”. Ксенія Звярко і Вікторыя Крывадубская ўпэўнена расказалі, як пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Вольгі Аляксандраўны Суша з пачатку мая да канца верасня вялі назіранні за грэчкай, што пасадзілі на школьным вучэбна-вопытным участку. Дзяўчаты вызначалі найбольш спрыяльныя па сваім уздзеянні рэжымы электрамагнітнага выпраменьвання. Яны вымяралі вышыню раслін, узважвалі насенне, ацэньвалі прадукцыйнасць парасткаў і інш. Вынікі праведзенай работы школьніцы фіксавалі і запісвалі, затым апрацавалі і зрабілі выснову. Усё гэта яны і адлюстравалі ў праекце, які сапраўды мае вялікае практычнае значэнне для сельскай гаспадаркі краіны.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий