Да кожнага кліента, як да роднага чалавека

Молодежный курьер

Малады спецыяліст Вольга Міхайлаўна МАНДРЫК са жніўня 2018 года распачала працу ў Цэнтральнай раённай аптэцы № 123 РУП “Мінская фармацыя”.

Нарадзілася і вырасла дзяўчына ў вёсцы Вязынь Вілейскага раёна. Пасля заканчэння школы ваганняў наконт выбару прафесіі не было. Матуля Вольгі працавала правізарам у мясцовай аптэцы, таму малая часта туды наведвалася. Ёй падабалася бачыць маму ў бялюткім халаце, а разнастайныя скрыначкі, бутэлечкі, слоічкі прыцягвалі позірк. Вельмі хацелася ведаць, што ўнутры іх знаходзіцца. Падчас такіх візітаў цяперашні малады спецыяліст атрымлівала свае першыя ўрокі па прафарыентацыі. Зразумела, што пытанне “Куды пайсці вучыцца?” было вырашана загадзя на перавагу фармацэўтычнай галіны. Паколькі ў школе ў Вольгі любімымі прадметамі былі хімія і біялогія, уступныя іспыты яна паспяхова вытрымала.

Прамільгнулі гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, і малады спецыяліст-фармацэўт атрымала размеркаванне ў Валожын. Прапрацаваўшы ў аптэцы № 123 паўгода, Вольга гаворыць, што ёй вельмі пашанцавала з калектывам, дзе ўсе з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Сярод работнікаў пануе атмасфера добразычлівасці, кожны стараецца даць слушную параду, падтрымаць, дапамагчы, падбадзёрыць. Тут створаны ўсе ўмовы для плённай працы. Старэйшыя калегі адзначаюць высокую тэарэтычную падрыхтаванасць учарашняй студэнткі і рашучасць, з якой тая бярэцца за выкананне любога задання.

Прафесію Вольга выбірала для сябе свядома, таму і ставіцца да яе сур’ёзна. Гаворыць, што ў іншай сферы сябе нават не ўяўляе. У зносінах з людзьмі маладому спецыялісту дапамагаюць абаяльнасць, стрыманасць, уменне бесканфліктна вырашаць любыя пытанні. Яна прытрымліваецца прынцыпу, што патрэбна адносіцца да кожнага кліента, быццам гэта твой родны чалавек. Падчас наведвання аптэкі я асабіста неаднойчы бачыла, як уважліва Вольга Міхайлаўна выслухоўвае просьбы наведвальнікаў, цярпліва тлумачыць, што і калі прымаць, акуратна адпускае тавар. Яна паважліва, ветліва, з усмешкай на твары звярталася да кожнага пакупніка. Вольга Міхайлаўна ўпэўнена, што работа фармацэўта ці правізара патрабуе вялікай канцэнтрацыі ўвагі, бо памылка можа каштаваць чалавечага жыцця.

Адміністрацыя аптэкі дапамагла маладому спецыялісту вырашыць жыллёвае пытанне. Вользе адразу выдзелілі памяшканне ў інтэрнаце, а пасля прапанавалі арэнднае жыллё ў новым мікрараёне. Дзяўчына ўтульна адчувае сябе ў камфортнай кватэры і, наогул, у Валожыне. Горад ёй вельмі падабаецца. Тут чыста, спакойна, шмат зеляніны, ёсць дзе правесці вольны час. Яна адразу стала актыўным наведвальнікам фізкультурна-аздараўленчага комплексу: ходзіць у басейн, на ёгу, каток.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий