Весела. Хутка. Балюча

Безопасность и здоровье

Выбар спартыўнага інвентару для катання зараз вялікі. Для актыўнага адпачынку зімой выкарыстоўваюцца санкі, лядзянкі, снегакаты і цюбінгі. Якую небяспеку ўтойваюць яны ў сабе?

Пластмасавая лядзянка распрацавана для дзяцей ад 3-х гадоў. Прыстасаванне не разлічана на трампліны і іншыя перашкоды, рэзкі падскок на горцы можа нашкодзіць здароўю. Лядзянка ў форме талеркі або карыта развівае вялікую хуткасць, калі сесці на яе з нагамі, можа завальвацца на бок і закручвацца. Найбольш бяспечны варыянт – форма грушы з доўгай ручкай на канцы. На ёй добра катацца на раскатанай або ледзяной горцы, пры гэтым зручна руліць і тармазіць.

Санкі разлічаны на аднаго-двух малых узростам ад 4 да 10 гадоў. Падыходзяць для катання на снежных схілах. Можна кантраляваць кірунак руху і спыняцца з дапамогай ног. Дазваляюць прыняць анатамічна правільную позу, у параўнанні з іншымі сродкамі, што зніжае верагоднасць траўмаў. Неабходна сачыць за тым, каб дзіця не заблыталася нагой у палоззі падчас руху або спуску.

Снегакат можна выкарыстоўваць ва ўзросце ад 5 да 10 гадоў. Магчымая небяспека ў тым, што ён можа чапляцца пярэднім полазам за перашкоду і пераварочвацца. Развівае вялікую хуткасць на любым схіле. Тормаз размяшчаецца спераду, што павышае рызыку перакуліцца праз галаву пры рэзкім нажацці на яго. Калі дарослы едзе з высокай горкі, пасадзіўшы малога спераду, руліць, спыняцца і эвакуіравацца ў выпадку небяспекі ім будзе вельмі цяжка.

Абавязкова праводзьце агляд горак з пункту гледжання бяспекі, калі збіраецеся катацца. Па магчымасці ліквідуйце цвёрдыя перашкоды – камяні, камякі лёду, лаўкі, дрот і г. д. Калі не атрымліваецца прыбраць, напрыклад, дрэва, то можна накідаць пабольш снегу перад ім, зрабіць «падушку бяспекі». Важна захоўваць чарговасць праезду і падымацца наверх далей ад спуску.

Якія траўмы часцей за ўсё атрымліваюць дзеці пры катанні з горак? Страсенні мозгу, пераломы канечнасцей і касцей таза. Калі чалавек губляе арыенцір, у яго парушаецца каардынацыя і ўзнікаюць высокаамплітудныя рухі ў суставах. Адсюль траўмы верхніх канечнасцей і шыйныя міязіты. Акрамя таго, можна атрымаць пералом пазваночніка.

Ірына ГРЫКА,

урач-гігіеніст Валожынскага РЦГіЭ



Добавить комментарий