У «Расінцы» – акіян дабрыні…

Официально

Зерне дасць багаты плён, калі пасеяць яго на ўрадлівай глебе, удосталь задаволіць цяплом і вільгаццю. Пасля таго, як расліна атрымае жыццё, трэба яе доўга і старанна даглядаць. Нешта падобнае здараецца і з чалавекам. Дзякуючы самааданым работнікам Цэнтра развіцця дзіцяці «Расінка» г. Валожына, з усіх пладоў найлепшыя прыносіць добрае выхаванне.
Самае галоўнае – любіць дзяцей і быць з імі шчырым. Нават найменшыя змяненні ў тоне дзіця адчувае, усе павароты вашых думак даходзяць да яго нябачнымі шляхамі, якіх дарослыя не заўважаюць. Малых трэба разумець і ніколі ім не хлусіць, інакш можна назаўсёды страціць іх давер. Прыблізна так адказвала кожная з маіх чатырох суразмоўцаў на пытанне: “У чым сакрэт работы выхавальніка?”
У дашкольным Цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожына працуюць 18 педагогаў, якія кожны дзень маюць доступ да самага дарагога “народнага багацця” – душы, думак, розуму, пачуццяў дзяцей. Яны перадаюць свае веды 125 дашкольнікам. Аднымі з самых вопытных выхавальнікаў па праву можна лічыць Таццяну Міхайлаўну Скапец, Галіну Георгіеўну Журкевіч, Алену Эдвардаўну Грыбоўскую і Святлану Яўгеньеўну Нахай. Творчыя, мэтанакіраваныя, сапраўдныя прафесіяналы з вышэйшай адукацыяй і педагагічным стажам больш за 20 гадоў, гэтыя жанчыны ўмеюць знайсці падыход да кожнага дзіцяці і стаць яму добразычлівым сябрам. Яны адчыняюць сваім падапечным вокны ў свет, праз якія вучаць малых бачыць гармонію прыроды, робяць іх жыццё яркім і змястоўным.
– У нашым Цэнтры 13 педагогаў з вышэйшай адукацыяй. Вышэйшую катэгорыю маюць два педагогі, першую – восем, другую – два. Створаны ўсе ўмовы для развіцця дзяцей і выяўлення іх творчых здольнасцей. Дзейнічаюць музычна-тэатральны, харэаграфічны і спартыўны гурток. Маем студыю выяўленчага мастацтва, спартыўную залу з трэнажорамі. Актыўна вядзецца падрыхтоўка малых да школы, – зазначае дырэктар Цэнтра Ніна Уладзіміраўна Супрун.
Нездарма дашкольны Цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” ўжо колькі гадоў з’яўляецца нязменным пераможцам сярод дашкольных устаноў раёна.

Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий