Костел Святого Иосифа в Воложине празднует 250-летие своего основания

Культура

Гісторыя святыні каранямі зыходзіць у часы сярэдневякоўя. У канцы XV стагоддзя ўладаром Валожына стаў адзін з буйнейшых дзяржаўных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага Ольбрыхт (Альбрэхт) Гаштольд. У 1492 годзе багаты землеўладальнік заснаваў першы драўляны касцёл у імя Святога Юзафа. Другі будынак касцёла, а таксама кляштар бернардзінцаў з’явіліся тут у 1681 годзе пры гетмане польным Літоўскім, кашталяніне Віленскім Юзафе Багуславе Слушку. Фундатар пасяліў у кляштары 16 манахаў, забяспечыў іх неабходным утрыманнем. Неўзабаве з’явілася бібліятэка на некалькі соцень кніг, адкрылася парафіяльная школа. Знішчыў усё гэта пажар у 1730 годзе.

Праз год жонка Полацкага ваяводы, чарговая ўладальніца Валожына Марыя Доенгоф ахвяравала вялікую суму на пабудову новага касцёла. А ў 1774-м за кошт ахвяраванняў вернікаў і пры матэрыяльнай падтрымцы буйных землеўладальнікаў, духавенства выраслі гмахі двухпавярховага цаглянага кляштара, пры якім дзейнічалі парафіяльная школа і прытулак міласэрнасці (багадзельня).

…Віленскі стараста граф Юзаф Тышкевіч набыў Валожын 10 сакавіка 1803 года. Новы мураваны касцёл, які і сёння ўпрыгожвае плошчу Свабоды райцэнтра, валожынцы атрымалі, дзякуючы пану Юзафу і яго сыну Міхаілу. Першы камень у фундамент святыні заклалі 10 сакавіка 1806 года. Калі будаўніцтва было амаль скончана, 3 мая 1815 года Валожын ахапіў страшэнны пажар. У агні згінулі стары драўляны касцёл і кляштар. Той год стаў апошнім і ў жыцці графа Юзафа Тышкевіча. Будаўніцтва закончыў яго сын Міхаіл у 1816 годзе.

Урачыстае асвячэнне новага касцёла ў гонар Святога Юзафа прайшло 19 сакавіка 1816 года. У 1829-м пабудавалі новую браму-званіцу і дзве капліцы па абодвух баках мястэчка. Тады ж граф Міхаіл Тышкевіч пабудаваў на Валожынскіх могілках капліцу, якую прыпісалі да касцёла.

Праз два дзесяцігоддзі многія жыхары Валожына і навакольных вёсак пацярпелі ад страшнай эпідэміі халеры. У знак трагічнай падзеі на плошчы ўстанавілі жалезны крыж (знесены ў 1940 годзе). 1 мая 1852 года кляштар бернардзінцаў закрылі. Пазней там здарыўся пажар, пасля гэтага колішнія ўлады прынялі рашэнне прадаць сцены як будаўнічы матэрыял. А ў красавіку 1866-га генерал-ад’ютант фон Каўфман распарадзіўся аб закрыцці касцёла і перадачы будынка праваслаўнай абшчыне. Хутка яго пераасвяцілі ў царкву Святога праведнага Іосіфа (Обрученника), а капліца на могілках стала царквой Праабражэння Гасподняга. Вернікам касцёл вярнулі толькі ў 1919 годзе.

У Вялікую Айчынную вайну моцна пашкоджанаму будынку касцёла адчайна патрабаваўся рамонт. Вядома ж, сваімі сіламі прыхаджане зрабіць яго не маглі, не спрыяў таму і пасляваенны час. 8 кастрычніка 1960 года касцёл Святога Юзафа закрылі. Першапачаткова гмахі былога храма выкарыстоўвалі пад склад мэблі гандлёвай арганізацыі, а пасля там размясціўся цэх будаўнічага жалезабетону міжкалгасбуда, філіял мінскага завода “Тэрмапласт”.

Нягледзячы на няўмольны час, канчатковыя кропкі ўсё ж былі пастаўлены. Вернікі касцёла Святога Юзафа атрымалі культавае збудаванне ў 1991 годзе. Пачаліся вялікія рэканструкцыйныя і рамонтныя работы. Праз некалькі гадоў удалося аднавіць амаль першапачатковы знешні выгляд касцёла і яго ўнутранае ўбранне. Да святыні вярнуліся яе веліч і хараство. Дастойны вынік вялікай працы прыхаджан, жыхароў горада і духоўнага пастара католікаў – ксяндза Томаша Ляха. А з 15 верасня 2005 года пробашчам парафіі стаў ксёндз доктар Гэнрык Акалатовіч.

У апошнія гады ў Валожын наладжваюцца шматлікія экскурсіі. У першую чаргу турысты наведваюць касцёл Святога Юзафа, дзе іх нязменна ветліва і гасцінна сустракае ксёндз Гэнрык. Айцец знаёміць з храмам, расказвае пра яго гісторыю. А пасля экскурсіі дорыць абразкі з выявай Святога Юзафа і медальёны – на доўгую памяць пра веліч і славу Валожынскай святыні.

Мечыслаў НОВАК.

Фота Яўгена БАШАРКЕВІЧА.



Добавить комментарий