Зробім дарогу бяспечнай!

Безопасность и здоровье

Усяго ў Мінскай вобласці з пачатку года адбыліся 60 ДТЗ, у якіх 8 чалавек загінулі, 61 – атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці.

Асноўнымі прычынамі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў з’яўляюцца як парушэнні ПДР пешаходамі, так і невыкананне патрабаванняў Правіл вадзіцелямі транспартных сродкаў у частцы праезду нерэгулюемых пешаходных пераходаў і прадастаўлення перавагі ў руху пешаходам. З пачатку года з удзелам пешаходаў адбыліся 32 ДТЗ, дзе 6 чалавек загінулі, 26 – траўмаваныя, па віне пешаходаў – 14. У цёмны час сутак адбыліся 27 ДТЗ, з іх у 11 выпадках пешаходы былі без святлоадбівальных элементаў. На пешаходных пераходах учынены 14 ДТЗ (1 чалавек загінуў, 13 атрымалі траўмы).

У мэтах папярэджання і прафілактыкі ДТЗ з удзелам пешаходаў, у тым ліку і на пешаходных пераходах, з 15 па 24 лютага праводзіцца абласная рэспубліканская прафілактычная акцыя “Зробім дарогу бяспечнай”.

У ходзе прафілактычных мерапрыемстваў створаны рэйдавыя групы з ліку супрацоўнікаў міліцыі грамадскай бяспекі па штодзённай адпрацоўцы ў цёмны час сутак населеных пунктаў, прылеглых да аўтамабільных дарог, па выяўленні пешаходаў, веласіпедыстаў, вадзіцеляў гужавога транспарту, якія не прытрымліваюцца Правіл дарожнага руху ў частцы выкарыстання святлоадбівальных элементаў. У полі зроку супрацоўнікаў ДАІ – вадзіцелі, што не прадастаўляюць перавагу ў руху пешаходам на пешаходных пераходах, а таксама выпадкі, якія пацягнулі стварэнне аварыйнай сітуацыі. Да ўсіх парушальнікаў будуць прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Згодна з артыкулам 18.14 ч. 6 КоАП Рэспублікі Беларусь, за невыкананне асобай, што кіравала транспартным сродкам, патрабаванняў дарожных знакаў або разметкі, а роўна непрадастаўленне асобай, што кіравала транспартным сродкам, перавагі ў руху пешаходам надыходзіць адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 1 да 5 базавых велічынь.

За 2018 год зарэгістраваны 26 ДТЗ па віне вадзіцеляў, якія пакінулі месца здарэння, у выніку 6 чалавек загінулі і 21 атрымаў траўмы. З пачатку года з удзелам гэтай катэгорыі правапарушальнікаў адбыліся 3 ДТЗ, дзе 2 чалавекі загінулі і 1 атрымаў цялесныя пашкоджанні.

У мэтах прафілактыкі здарэнняў, удзельнікі якіх пакідаюць месца ДТЗ, 22 лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: “Скажы раўнадушнасці не!».

Як правіла, такога роду ДТЗ адбываюцца ў цёмны час сутак на неасветленых участках аўтадарог. Вадзіцель, знаходзячыся ў стане афекту пасля здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння, перакананы, што толькі ён адзін вінаваты і пакаранне немінуча. У большасці выпадкаў гэта перакананне памылковае. Спалохаўшыся, ён забывае пра чалавека, якому неабходна дапамога і з’язджае, тым самым пазбаўляе сябе магчымасці апраўдацца і “падпісвае” сабе прысуд. У кожным канкрэтным выпадку супрацоўнікі міліцыі праводзяць дасканалае расследаванне, і ў большасці сітуацый вынікі гавораць пра тое, што вінаватым з’яўляецца пешаход. Але як толькі вадзіцель пакідае месца дарожна-транспартнага здарэння, ён аўтаматычна ператвараецца ў злачынцу, якому будуць прад’яўляць два артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

арт. 317 ч. 2 КК Рэспублікі Беларусь – за здзяйсненне ДТЗ, якое пацягнула смерць або прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін да 2 гадоў ці абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў;

арт. 159 ч. 3 КК Рэспублікі Беларусь – пакіданне ў небяспецы, цягне за сабой пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Яшчэ адзін від дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх вадзіцелі часта пакідаюць месца здарэння, – гэта так званыя “неўліковыя” ДТЗ, г. зн. без пацярпелых, дзе нанесены толькі матэрыяльны ўрон. Такія аварыі кардынальна адрозніваюцца ад здарэнняў з пацярпелымі і, як правіла, адбываюцца ў месцах з вялікай колькасцю транспартных сродкаў на аўтастаянках рынкаў альбо ля жылых дамоў.

Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, вадзіцель, які пакінуў месца здзейсненага дарожна-транспартнага здарэння, будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 18.17 ч. 4, што цягне штраф у памеры ад 5 да 25 базавых велічынь ці пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі да 2 гадоў.

Калі пешаход стаў прычынай аварыі і пакінуў месца здарэння, то ў дачыненні да яго накладаецца штраф ад 5 да 20 базавых велічынь.

УДАІ УУС Мінаблвыканкама



Добавить комментарий