Прэс-клуб. Дапамога рэгіянальным СМІ

Официально

У сталічным Прэс-клубе адбылося цікавае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальнай прэсы, якія зацікаўлены ў напісанні артыкулаў, стварэнні відэасюжэтаў пра лепшыя інклюзіўныя праекты, праблемы людзей з інваліднасцю ці ініцыятывы мясцовых актывістаў па тэме “Абарона інтарэсаў людзей з інваліднасцю”.

Трэнінг “Не абмяжоўвайце сваё медыя. Як стварыць цікавы матэрыял пра людзей з інваліднасцю” сабраў прадстаўнікоў раённых газет з Валожына, Любані, Узды, Чэрвеня, Капыля і супрацоўніка тэлекампаніі з Бабруйска. Пад кіраўніцтвам практыкуючага журналіста-трэнера, намесніка дырэктара Press Club Belarus Алы Шарко група разглядала розныя магчымасці пры пошуку тэм для выданняў раённага фармату. Былі прааналізаваны прыёмы сторытэлінга (падача гісторыі жыцця героя публікацыі). Прайшла дыскусія на тэму “Што зараз жадае чытаць аўдыторыя”. На прыкладах рэальных матэрыялаў у анлайн-выданнях і відэасюжэтаў адбыўся разбор стэрэатыпаў і памылак журналістаў. Адзначалася, што апошнім часам праблему інваліднасці не абыходзіць бокам ніводнае беларускае выданне, аднак часцей за ўсё яна разглядаецца праз прызму такіх паняццяў, як пакуты, дапамога, недасканаласць безбар’ернага асяроддзя. Калі ж адбываецца знаёмства з канкрэтным чалавекам, то робіцца акцэнт на тым, што яго паўсядзённае існаванне – амаль гераічны ўчынак. А, між іншым, галоўнае ў пабудове інклюзіўнага грамадства – роўныя правы для кожнага грамадзяніна. Таму аповед пра чалавека з інвалюднасцю, як і без інваліднасці, павінен несці чытачам ці гледачам гісторыю асобы, якой ёсць што сказаць, у якой ёсць чаму павучыцца, і акцэнт толькі на стане здароўя можа выглядаць абразлівым і нетактоўным.

PR-менеджар ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Наталля Губар падчас трэнінгу прадстаўляла інтарэсы людзей з інваліднасцю. Яна зрабіла агляд памылак, што сустракаюцца ў матэрыялах прэсы з-за некарэктнага выкарыстання журналістамі тэрміналогіі, прызвала прадстаўнікоў СМІ адрозніваць медыцынскі і сацыяльны падыход да паняцця чалавек з інваліднасцю. Прагучала парада ўводзіць у рамкі матэрыялаў на любыя тэмы людзей з інваліднасцю без абазначэння іх фізічнага стану. “Ёсць чалавек, ёсць яго думка адносна нейкай праблемы (напрыклад, падчас апытання), навошта ўзгадваць яго захворванне?” – такое пытанне ўсё часцей гучыць ад прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання. Яшчэ адзін момант, з якім даводзіцца літаральна змагацца прадстаўнікам БелАДДіМІ, калі людзі з інваліднасцю падаюцца ў прэсе як прадстаўнікі нейкай меншасці. Беларусаў з рознымі дыягназамі, пры якіх выдаецца пасведчанне аб інваліднасці, сёння больш чым паўмільёна. Гэта паўнапраўныя члены нашага грамадства. Так, жыццёвыя абставіны склаліся такім чынам, што ім цяжэй, чым здаровым, перамяшчацца ў прасторы, чуць ці разумець гутарку, бачыць навакольны свет. Яны сапраўды абмежаваны ў магчымасцях, але ж на самай справе людзей з неабмежаванымі магчымасцямі ўвогуле не існуе.

Удзельнікі трэнінгу дэталёва разгледзелі тэрмін “ясная мова”, а таксама палажэнні інфармацыйнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні людзей з інваліднасцю ў грамадства.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий