Літаратурнай Валожыншчыне – гонар!

Культура

Падчас ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя сёмай кнігі жыхаркі Валожына, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціны Гіруць-Русакевіч. Дзякуючы знакавай падзеі, група прадстаўнікоў Валожыншчыны пабывала на велічным кніжным форуме, цэнтральнай пляцоўкай для якога быў абраны сталічны выставачны комплекс па праспекце Пераможцаў.

Арганізатарамі выставы выступілі Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, ААТ “Белкніга”. Асноўныя тэмы – Год малой радзімы і II Еўрапейскія гульні. У павільёнах знайшлі сваё адлюстраванне і юбілеі класікаў беларускай літаратуры, памятныя даты з гісторыі краіны. Дарэчы, мерапрыемства праходзіла не на адной пляцоўцы, але і ў кніжных магазінах, бібліятэках, музеях, дзе арганізоўваліся літаратурныя экскурсіі, паэтычныя маршруты, тэматычныя семінары.

Незабыўныя ўражанні атрымалі наведвальнікі ад экспазіцыі “Друкавальны двор ХVI стагоддзя”, дзе акунуліся ва ўнікальную атмасферу даўніны. Немагчыма было прайсці і міма цэнтральнага стэнда, там арганізатары прадставілі арыгінал “Малой падарожнай кніжыцы” Францыска Скарыны 1522 года выдання. Як і кожны год, у рамках выставы адбыўся Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час” з удзелам аўтараў замежжа, а таксама семінар маладых пісьменнікаў і перакладчыкаў.

На стэндах удзельнікаў праведзены сустрэчы з аўтарамі, прадстаўнікамі выдавецтваў, мастакамі, кінематаграфістамі. Адбыліся прэзентацыі новых кніг, аўтограф-сесіі.

Безумоўна, не кожны літаратар Беларусі атрымаў права слова на гэтым мерапрыемстве. Таму з асаблівым хваляваннем і гонарам накіравалася група падтрымкі паэтэсы-зямлячкі да месца правядзення прэзентацыі кнігі “На нітцы часу”. Паўгадзіны на сваёй пляцоўцы прадаставіла Валянціне Гіруць-Русакевіч Мінскае выдавецтва “Чатыры чвэрці”. Яшчэ да пачатку аўтар атрымала віншаванні ад даўняга сябра, ураджэнца нашага раёна, галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктара Шніпа. Цёплыя словы ў адрас прадстаўніка літаратурнай Валожыншчыны гучалі ад кіраўніцтва выдавецтва, старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Святланы Быкавай. Да іх далучыліся ўдзельнік “Руні” Аляксей Пінчук, член СПБ Кацярына Роўда. Кожны, каму галоўная “рунеўка” даверыла ў гэты дзень прачытаць любімыя вершы са свайго новага зборніка, зрабіў гэта з асаблівай асалодай. Валянціна Францаўна таксама прадэкламавала некалькі твораў, што адлюстроўваюць асобныя вехі яе лёсу. Цудоўны лірык, яна выдатна адчувае прыгажосць роднай старонкі, матулінай мовы, людзей, што сустрэліся на жыццёвым шляху, і вельмі дакладна перадала слухачам свае трапяткія адносіны да дарагіх сэрцу асоб, паняццяў, падзей… Мерапрыемства прайшло, як кажуць, на адным дыханні, узрушыла і ўзрадавала ўдзельнікаў. Асабліва ўразіў момант, калі да валожынцаў з віншаваннямі і словамі падзякі падышла студэнтка з Гальшан – малой радзімы В. Ф. Гіруць-Русакевіч.

Паблукаць па прасторах выставы пасля таго, як асноўная для нашай дэлегацыі падзея стала гісторыяй, было не менш цікава. Чароўны кніжны свет вабіў разнастайнасцю навінак, перавыданнем класікі і памяркоўнымі цэнамі.

Фінальным акордам маштабнага форуму стала цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў 58-га нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий