Iдзе аблава на ваўкоў…

Общество

Апошнім часам папуляцыя ваўкоў значна вырасла. У суседніх раёнах яны нападаюць на хатнюю жывёлу, нават уяўляюць небяспеку для людзей. На Стаўбцоўшчыне медыкам і супрацоўнікам санітарнай службы праблем даставіў шэры драпежнік, хворы на шаленства.

Адстрэл ваўкоў у сувязі з ростам іх колькасці вядзецца круглы год. Паляванне гэта зусім іншае, чым на лася ці аленя. Узімку спачатку ідуць пошукі слядоў звера, пакінутыя на снезе, потым неабходна выявіць логава. Работнікам паляўнічай гаспадаркі лясгаса давялося вывучыць нямала лясных сцежак, пераадолець пешшу каля дваццаці кіламетраў. У выніку для правядзення карнай аперацыі былі выбраны ваколіцы Івянца. Участак Налібоцкай пушчы радыусам 10 кіламетраў з магчымым месцам дыслакацыі аб’ектаў палявання абнеслі чырвонымі флажкамі – своеасаблівымі “стоп-сігналамі”. За такую абгародку дзікі драпежнік ніколі не вырвецца…

Група паляўнічых і егераў 11 лютага з самага рання накіравалася на заданне. Стралялі трапна. На іх трафейным рахунку – пяць ваўкоў і дзве лісіцы. Жыхары гарпасёлка маглі чуць адгалоскі палявання, бо ўсё дзейства разгарнулася на адлегласці 1 кіламетр ад Івянца.

Зімовае футра лясных жыхароў – самае каштоўнае. З яго можна пашыць цёплае верхняе адзенне, прыстасаваць як кілім на падлогу або вырабіць выдатнае чучала. Пасля дзялення здабычы ўдачлівыя стралкі раз’ехаліся па дамах. А вось супрацоўнікам паляўнічай гаспадаркі давялося яшчэ папрацаваць – сабраць сцяжкі, паклапаціцца пра прасушку тканіны. Галоўны ляснічы лясгаса Сяргей Бараноўскі выказаў у адрас сваіх падапечных словы ўдзячнасці за паспяховы зыход аперацыі.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий