На дасягнутым не спыняецца

Молодежный курьер

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы знаёмім чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі

 

Антон ВІРШЫЧ, вучань 10 класа гімназіі № 1 г. Валожына,  заняў прызавое месца ў намінацыі “Лепшы ў алімпіядным руху”.

Хлопцу зараз 15 гадоў. На пытанне “Якія школьныя прадметы ў цябе самыя любімыя?” шчыра адказвае: “Усе!”. Вучоба, дзе ён атрымлівае ў асноўным высокія адзнакі, займае шмат часу. Пасля школьных заняткаў наведвае рэпетытараў, рыхтуецца да паступлення ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на інжынерную спецыяльнасць. Актыўна займаецца спортам: ходзіць на трэніроўкі па баскетболе і стральбе. Калі ў насычаным графіку застаецца вольная хвіліна, Антон праводзіць яе з сябрамі.

Яшчэ ў шостым класе юнак пачаў цікавіцца працоўным навучаннем, якое з цягам часу ператварылася ў сапраўднае хобі. Наведвае факультатыў па гэтым прадмеце, які вядзе Аляксандр Антонавіч Кербедзь. З сёмага класа вучань спрабаваў свае сілы на розных тэматычных конкурсах, а ў мінулым годзе атрымаў пахвальны ліст на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Там ён паказаў тэарэтычныя веды і практычнае майстэрства: напісаў складаны тэст і выканаў заданне па чарцяжы. На дасягнутым спыняцца не збіраецца. Развівацца ў любімай справе далей і зрабіць яе часткай прафесіі – галоўныя мэты Антона.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *