Духоўна-маральнае выхаванне

Культура

Гародзькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс увайшоў у лік 33 устаноў адукацыі краіны (5 з іх функцыянуюць на тэрыторыі Мінскай вобласці), на базе якіх першапачаткова была запланавана рэалізацыя рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”. Яго ажыццяўленне пачалося ў 2018 годзе і працягнецца да 2021-га.

Адміністрацыя дзіцячага сада-сярэдняй школы прыклала шмат намаганняў, каб установа адукацыі стала ўдзельнікам інавацыйнага праекта. У яго рамках тут праходзяць заняткі па інтарэсах духоўна-маральнай накіраванасці, вядзецца даследчая дзейнасць па вывучэнні гістарычнай і культурнай спадчыны, пастаянна папаўняецца матэрыяламі стэнд “Свет душы”, працуюць атрад валанцёраў “Адкрытыя сэрцы”, бацькоўскі клуб “Школа любові”, рабяты прымаюць удзел у дабрачынных акцыях і канцэртах, для педагогаў дзейнічае праблемны семінар “Духоўна-маральная адукацыя вучняў на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа” і інш. Запланаваны экскурсіі па гістарычных месцах і паломніцкія паездкі.

З мінулага года ў школе праводзяцца факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”. Сёлета іх наведваюць дзве групы школьнікаў. Вучэбная праграма аднаго курса разлічана на вучняў пачатковых класаў, другога – на рабят 5-6 класаў, якія ўжо займаліся летась. Для выкладання факультатыва настаўнікі пачатковых класаў А. А. Канановіч і нямецкай мовы Л. П. Кулак, а таксама намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці В. В. Лявіцкая прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Педагогі ўпэўнены, што рашэнне шматлікіх праблем сучаснага грамадства не магчыма без адраджэння і ўмацавання традыцыйных духоўна-маральных норм і каштоўнасцей.

Заняткі праходзяць раз у тыдзень. Дзеці з задавальненнем знаёмяцца з нацыянальнымі сімваламі і реліквіямі, са святамі праваслаўнага календара, рыхтуюцца да іх і адзначаюць адпаведна з народнымі традыцыямі. Так, на Нараджэнне Хрыстова яны арганізавалі для ўсіх вучняў 1-6 класаў і выхаванцаў дашкольнай установы прадстаўленне, падчас якога з натхненнем чыталі вершы, вандравалі па казачнай краіне, спазнавалі, што такое “дабро”.

На мерапрыемствы да рабят наведваецца настаяцель Гародзькаўскага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Сергій Лінкевіч. Хлопчыкі ж і дзяўчынкі, у сваю чаргу, ходзяць у царкву на богаслужэнні. Не застаюцца ўбаку ад інтарэсаў дзяцей і бацькі. Таты і мамы загадзя былі азнаёмлены са зместам інавацыйнага праекта і стараюцца дапамагаць педагогам у яго рэалізацыі. Яны задаволены, што іх дзеці сталі ўдзельнікамі праграмы, якая дае магчымасць зарыентаваць малых на сапраўдныя маральныя каштоўнасці, прывіць паважлівыя адносіны да людзей, навучыць разумець дабро і зло, міласэрнасць і любоў да Радзімы і свайго народа.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий