Общество

Наша зямелька паяднала лёсы многіх знакамітых людзей: Міхала Клеафаса Агінскага, Аляксандра Бястужава, Фелікса Дзяржынскага, Міхаіла Фрунзе… А яшчэ наша малая радзіма падарыла свету легендарнага разведчыка Аляксея Бацяна і іншых, хто абраў ганаровы, але вельмі няпросты шлях служэння Айчыне. Давайце разам зазірнем углыб гісторыі, а затым перагорнем і яе новыя старонкі.

Па некаторых даных, у канцы 18-га стагоддзя Ракаў належаў Агінскім. Гэта быў час падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Вядомы кампазітар Міхал Клеафас Агінскі ўдзельнічаў у паўстанні за незалежнасць, і, магчыма, менавіта таму Ракаў быў канфіскаваны і перададзены царскаму генералу Салтыкову.

Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання Тадэвуша Касцюшкі атрад паўстанцаў пад кіраўніцтвам кампазітара-патрыёта Міхала Клеафаса Агінскага рухаўся з Ашмянаў праз Вішнева і Валожын на Мінск. І дайшоў да Івянца. Але тут ён даведаўся, што Мінск вельмі добра ўмацаваны, і вырашыў адступіць. Мясцовыя сяляне давалі Агінскаму вазы для абозу.

Дарэчы, у 1794 годзе недалёка ад Вішнева атрад Агінскага трапіў у засаду, а сам ён цудам пазбегнуў палону.

Івянец напрамую звязаны з гістарычнымі падзеямі Айчыннай вайны 1812 года. Тут мужна ваявалі з праціўнікам верныя сыны Расіі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта рускай імператарскай арміі, героя Айчыннай вайны Івана Сямёнавіча Дорахава, але пад націскам пераважаючых сіл праціўніка вымушаны былі адступіць.

«…Судьба была довольно благосклонна, выбрав мне квартиру у одного небогатого, но прекрасного человека. Любезное семейство, книги на всех языках… фортепиано, умные и здравые рассуждения отца, доброе расположение матери, компания дочерей, ещё более милых, нежели прекрасных, – всё это обещает мне сносную зиму… Сказать правду, в младшую сестру можно было бы закохаться от нечего делать. Но к несчастию, они обе уже невесты в полном смысле слова», – так пісаў 22 лістапада 1821 года сваім сваякам у Пецярбург 24-гадовы драгунскі паручык Аляксандр Бястужаў, паставіўшы ў пачатку ліста адрас: «Літва. Вёска Выганічы ў 40 вёрстах ад Мінска». Як жа трапіў сюды будучы дзекабрыст?

Пасля парада войскаў пад Бешанковічамі імператар Аляксандр I пакінуў гвардзейскі корпус, у якім служыў Бястужаў, на зімовых кватэрах у заходніх губернях. І воляю лёсу малады афіцэр аказаўся госцем выганіцкага памешчыка Фелікса Вайдзевіча.

Падчас імперыялістычнай вайны Івянец стаў прыфрантавым пасёлкам. Тут знаходзіўся штаб 10-й арміі. У гэты час па рашэнні Маскоўскага камітэта партыі на Заходні фронт прыязджае знакаміты дзеяч Ленінскай партыі Міхаіл Васільевіч Фрунзе. Усю вясну і частку лета 1916 года ён пражыў у Івянцы ў доме Апалінарыя Пупко. Дапамагаў Фрунзе ў рэвалюцыйнай працы і сам гаспадар дома.

За 15 кіламетраў ад гарадскога пасёлка Івянец знаходзіцца сядзіба Дзяржынова – Радзіма аднаго з самых вядомых рэвалюцыянераў Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. Жалезнага Фелікса. Менавіта тут 11 верасня 1877 года нарадзіўся чалавек, які заклаў асновы савецкіх спецслужбаў.  

Чэкісцкая кар’ера Дзяржынскага пачалася ў снежні 1917 года, калі Савет Народных Камісараў прызначыў яго старшынёй Усерасійскай надзвычайнай камісіі. Фелікс узяўся за новую справу з уласцівым яму фанатызмам. Менавіта дзякуючы яму чэкісты атрымалі свой асаблівы статус і практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы, якія Дзяржынскі дбайна адстойваў. Ён жа спрыяў і наданню гэтай прафесіі рамантычнага ладу. «Чэкістам можа быць толькі чалавек з чыстымі рукамі, халоднай галавой і гарачым сэрцам», – гаварыў Дзяржынскі. За ідэалізм, а таксама за глыбокую адданасць справе і нястомнасць у працы паплечнікі па партыі празвалі яго Рыцарам рэвалюцыі.

Дарэчы, 18 чэрвеня 1943 года быў разгромлены варожы гарнізон у Івянцы пры самым актыўным удзеле роднага брата Ф. Дзяржынскага Казіміра і яго жонкі Люцыі.

Герой Расіі, наш герой…

Аляксей Мікалаевіч Бацян – савецкі разведчык, ветэран Другой сусветнай вайны, Герой Расійскай Федэрацыі, палкоўнік у адстаўцы. Адыграў значную ролю ў захаванні Кракава ад разбурэння германскімі войскамі і стаў прататыпам галоўнага героя фільма «Маёр Віхор».

Ён нарадзіўся 10 лютага 1917 года ў вёсцы Чартавічы. Пасля заканчэння школы быў прызваны ў польскае войска. Удзельнічаў у баях супраць германскага ўварвання ў Польшчу. Пад Варшавай яго гармата збіла тры самалёты Junkers. За захаванне Кракава Аляксей Мікалаевіч двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза, аднак абодва разы атрымліваў ордэн Чырвонага Сцяга. Сваю Залатую Зорку Героя афіцэр атрымаў толькі ў 2007 годзе.



Добавить комментарий