Сувязь — гэта нерв арміі…

Общество

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект пад назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

Уладзімір Уладзіміравіч СЁМІН:

«СУВЯЗЬ – ГЭТА НЕРВ АРМІІ…»

Падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Уладзіміравіч СЁМІН прыехаў служыць у нашу мясцовую воінскую часць у 1990 годзе. Дагэтуль карэнны расіянін, як і большасць ваеннаслужачых вялікай краіны СССР, выконваў воінскі абавязак у Грузіі, Арменіі, Манголіі. Беларусь выбраў сам – адзін з сяброў, што служыў у Гродне, падчас размовы жартоўна, але трапна заўважыў: “Ну, вы дранікаў не елі – паўжыцця згубілі”. Нацыянальная страва беларускай кухні ў жонкі атрымалася з першага разу – ёй заўсёды частуюць таварышаў па службе і сваякоў з іншых рэспублік, калі тыя прыязджаюць у госці. А вось сам Валожын, як падкрэслівае Уладзімір Уладзіміравіч, за гады стаў для яго не другой, а ўжо першай радзімай. Менавіта тут, на Валожынскай зямлі, за ўзорнае выкананне воінскага абавязку адным з першых ва Узброеных Сілах краіны ён быў узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме”, які ўручыў асабіста Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка. Варта адзначыць, што толькі трое афіцэраў воінскай часці 30695 удастоіліся такой высокай дзяржаўнай узнагароды, а ўсяго за дваццаць гадоў з моманту прысуджэння ордэнам у Беларусі адзначаны каля 300 ваеннаслужачых.

У. У. Сёмін нарадзіўся ў сяле Юр’ева Ніжагародскай вобласці Расіі ў сям’і настаўнікаў. Хоць і лічыліся яны інтэлігенцыяй, але вялі характэрны для сельскай мясцовасці лад жыцця: трымалі карову, цялё, свіней, садзілі вялікі агарод і 40 сотак бульбы. На канікулах ужо з пятага класа Валодзя працаваў у мясцовым калгасе – на кані падвозіў угнаенні, быў памочнікам камбайнера. Стаць ваенным марыў з дзяцінства: па-першае, абодва дзяды загінулі на фронце – адзін пад Оршай, другі пад Ленінградам падчас блакады. Па-другое, афіцэрам быў бацькаў брат. Ну а па-трэцяе, усе мясцовыя хлопцы тады гулялі ў чырвоных і белых, рускіх і немцаў – насіліся з драўлянымі аўтаматамі, якія самастойна выпільвалі. Пачуццё абаронца само сабой заклалася на падсвядомым узроўні. Ва Ульянаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі імя Арджанікідзэ, якое знаходзілася амаль за тысячу кіламетраў ад дому, паступіў з першага разу. Курсантамі сталі таксама і чатыры яго аднакласнікі. “Сувязь – гэта нерв арміі, – кажа Уладзімір Уладзіміравіч. – Без яе – нікуды! Ну як мы, напрыклад, без тэлефонаў? Ніяк!”

Першым месцам службы маладога лейтэнанта была акруговая цэнтральная часць сувязі ў горадзе Тбілісі Грузінскай ССР. Пасля змяніў нямала гарнізонаў, у тым ліку ў Ленінакане ў Арменіі, які ў снежні 1988 года быў поўнасцю разбураны ў выніку землетрасення і цяпер называецца Гюмры, горадзе-курорце Кабулеці Аджарскай аўтаномнай рэспублікі, дзе з трох бакоў знаходзілася агароджа часці, а з чацвёртага – пляж Чорнага мора. Незабыўныя ўражанні засталіся ад бяскрайніх мангольскіх стэпаў: там служыць давялося начальнікам “на точцы” ў сарака кіламетрах ад радзімы Чынгісхана. Апошнім месцам стаў наш Валожын: Беларуская ваенная акруга, куды патрапіў у распараджэнне, накіравала афіцэра па спецыяльнасці – у  радыётэхнічную брыгаду асобага прызначэння.

Вось як прыгадвае У. У. Сёмін свае першыя ўражанні пасля прыезду: “Гэта было 25 ці 26 верасня 1990 года – самы развал Савецкага Саюза. Зняць кватэру, каб перавезці сям’ю, аказалася досыць праблематычна. Знайшлі па вуліцы Дзяржынскага ля самых гаражоў закінутую хатку-развалінку – прахожыя так і казалі: “Вой, а чый гэта хлеўчык?” Аднак большасць ваенных у той час не мелі пастаяннай прапіскі: калясілі па ўсёй краіне і да нязручнасцей былі звыклыя. Новае месца яно і ёсць новае, калі ўсё трэба пачынаць з нуля. Да таго ж ніякіх пажыткаў мы з сабой не прывезлі – адбыўся пажар, і што мелі, згарэла, а купіць хоць што-небудзь тады было складана. Напачатку нас падтрымалі, многаму навучылі суседзі Ліда і Віктар Садоўскія, якія і зараз жывуць па вуліцы Дзяржынскага: з імі сябруем да гэтай пары. Дапамагалі і таварышы па службе. Але, хачу асабліва адзначыць, і гэта адразу заўважаеш, спадабаліся самі людзі: культура паводзін беларуса як чалавека, яго талерантнасць, культура адносін да зямлі, да сваіх абавязкаў, адказнасць за ўчынкі, апантаная працавітасць, чысціня і парадак. Мы таму тут і засталіся: жывём у добраўпарадкаванай кватэры, якую тады атрымалі бясплатна ад дзяржавы, побач фруктовы сад, цішыня, спакой, размераны лад жыцця – увогуле, само месца цудоўнае, што, дарэчы, заўсёды адзначаюць нашы госці.

Камандзірам часці на той час быў палкоўнік Віктар Максімавіч Капылоў, у якім увасобіліся лепшыя якасці ваеннага кіраўніка. Праслужыў у брыгадзе адзінаццаць гадоў і ў запас выходзіў падпалкоўнікам з пасады намесніка начальніка падраздзялення. Пасля яшчэ амаль 10 гадоў працаваў на цывільнай службе. Праз гады магу з упэўненасцю сказаць: прафесія ваеннага – гэта маё жыццё, дзякуючы ёй я стварыў сям’ю, пабачыў свет, загартаваў характар, займеў надзейных сяброў, такіх як Аляксандр Юр’евіч Камароў, Станіслаў Эдуардавіч Паўлюць, Эдуард Анатольевіч Унучак, Уладзімір Цімафеевіч Нікіцінскі. Я ўдзячны лёсу, што маю справу працягвае сын: ён займае адказную пасаду і ўжо палкоўнік, 15-гадовы ўнук таксама хоча выбраць такі ж шлях. Лічу, што ніколі не варта задавацца, прытварацца, трэба заставацца самім сабой. І памятаць: якой бы складанай ні была сітуацыя – выхад заўсёды ёсць, не важна які, нельга сумаваць, неабходна змагацца, але толькі за справядлівую справу”.

Рухавы, энергічны, пазітыўны, прыстойны, сціплы – гэтыя якасці былі і застаюцца ўласцівыя Уладзіміру Уладзіміравічу Сёміну, нягледзячы ні на якія змены ў грамадстве. Не любіць ён хваліцца і расказваць пра свае заслугі, таму на маё пытанне, за што ўдастоены ордэна, адказаў, як і належыць разведчыку, коратка: “За выкананне спецыяльных задач камандавання. Ды ўзнагарода ж не асабіста мне – проста такі зборны вобраз атрымаўся… Хаця гонар, безумоўна, адчуваў”. Змаўчаў і пра тое, што яго прозвішча з кароткай біяграфічнай даведкай змешчана ў 2 томе энцыклапедыі “Абаронцы роднай краіны” – беларускай версіі папулярнай ва ўсім свеце кнігі “Хто ёсць хто”, прысвечанай ветэранам Узброеных Сіл, для каго прафесія абараняць Радзіму стала галоўным сэнсам жыцця. Гэта ўнікальнае выданне, аналагаў якому няма ні на постсавецкай прасторы, ні ў далёкім замежжы: у трохтомніку прадстаўлена інфармацыя пра пяць тысяч генералаў і афіцэраў з незвычайнымі, а часам і легендарнымі лёсамі. Энцыклапедыя беражліва, з закладкай на пэўнай старонцы, захоўваецца ў іх сямейнай бібліятэцы.

У. У. Сёмін і сёння вядзе актыўны лад жыцця – з’яўляецца намеснікам старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, падтрымка ваеннаслужачых у запасе і іх сем’яў – асноўныя кірункі дзейнасці, якой займаецца грамадскае аб’яднанне. Уладзімір Уладзіміравіч пастаянна выступае з прамовай перад моладдзю падчас дня прызыўніка і прыняцця воінскай прысягі. Кожны зварот гучыць нібы заклік і адначасова наказ, які з’яўляецца галоўным дэвізам афіцэра Сёміна: “Ёсць справа, а любую справу трэба рабіць добра”.

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий