Чарговы выязны прыём грамадзян старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка правёў на базе Цэнтральнай раённай бальніцы.
Да кіраўніка раённай вертыкалі ўлады завіталі з пытаннямі два работнікі ўстановы аховы здароўя.
Урач-эндаскапіст і па сумяшчальніцтве старшыня прафсаюзнага камітэта райбальніцы Антон Дубінка пацікавіўся перспектывамі выдзялення жылплошчы ў гарадскіх новабудоўлях для сямей урачоў. У ЦРБ ёсць свае інтэрнаты, але сёння яны цалкам укамплектаваны, і калі ў жніўні сюды прыйдзе на працу маладое папаўненне, то можа ўзнікнуць праблема з іх рассяленнем.
М. А. Астрэйка пацікавіўся, колькі сем’яў у арганізацыі стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Такіх, як выявілася, тры. Як адзначыў кіраўнік Валожыншчыны, у наступным годзе плануецца пабудаваць два дамы ў райцэнтры і адзін – у Паморшчыне. І калі чарга гэтых людзей падыдзе, яны змогуць скарыстацца сваім правам заехаць у новыя кватэры. Асобна «зарэзерваваць» плошчу ў жылфондзе для прадстаўнікоў медыцынскай сферы немагчыма. Толькі ў агульным парадку. Аднак яшчэ, як варыянт, можна распачаць індывідуальнае будаўніцтва. ЦРБ у гэтым выпадку можа пайсці насустрач сваім работнікам і паспрабаваць выступіць ініцыятарам ведамаснай забудовы.
Другую праблему агучыў урач-рэаніматолаг Андрэй Якіменка, і заключалася яна ў высвятленні перспектыў рамонту ў бліжэйшым часе дарожнага пакрыцця па вуліцы Беларускай райцэнтра.
Старшыня райвыканкама канстатаваў: сёлета адказныя службы будуць капітальна рамантаваць вуліцу Савецкую (ад будынка суда да плошчы Свабоды). На астатніх плануецца правесці ямачны рамонт. На жаль, перакласці асфальт усюды ў горадзе няма фінансавай магчымасці.
Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара