Бацькоўскі сход не для ўсіх

Общество

У сацыяльна-педагагічным цэнтры адбыўся бацькоўскі сход. На сустрэчу з прадстаўнікамі службаў, што стаяць на варце законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх, былі запрошаны жыхары раёна, чые дзеці занесены ў спіс тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Як паведаміла дырэктар СПЦ Святлана Іванаўна Мучынская, на дадзены момант у раёне ў такім становішчы знаходзяцца 148 дзяцей з 78 сямей. На жаль, бацькі не заўсёды ўсведамляюць сваю адказнасць за выхаванне ўласных сыноў і дачок. Хто па прычыне злоўжывання алкаголем, хто з-за вечных пошукаў асабістага шчасця, хто проста таму, што з’яўляецца паталагічным гультаём, а ў выніку дарослыя ствараюць уласным дзецям невыносныя ўмовы пражывання. Страшна сказаць, але на карце раёна існуюць такія адрасы, дзе непаўналетнія як след не харчуюцца, не высыпаюцца з-за пастаянных сварак і боек дарослых, дзе гігіена і санітарыя проста адсутнічаюць. Усе гэтыя выпадкі выяўляюцца, сям’я становіцца на ўлік, дзецям аказваецца дапамога (магчыма часовае разяшчэнне ў прытулку), з гора-бацькамі пачынаецца доўгая і карпатлівая праца па сацыяльнай рэабілітацыі сям’і.

Пра тое, што бывае, калі намаганні не даюць станоўчых вынікаў, прысутным растлумачыла суддзя Валожынскага суда Ірына Аляксандраўна Якутовіч. Было адзначана: суд – апошняя інстанцыя, дзе вырашаецца лёс дзяцей з такіх сем’яў, таму ў яго залах ліць слёзы і даваць абяцанні ўжо бывае позна. Суд заўсёды на баку дзяцей. Пры прыняцці рашэнняў ён кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам аб правах дзіцяці, іншымі заканадаўчымі актамі, прынятымі для абароны інтарэсаў юных грамадзян. Ірына Аляксандраўна нагадала тым, у каго яшчэ ёсць усе шанцы захаваць свой бацькоўскі статус, што ў той момант, калі суд прымае рашэнне аб адбіранні дзяцей з сям’і, бацькі не толькі страчваюць права на сумеснае пражыванне з нашчадкамі і клопат пра іх, але і становяцца “абавязанымі асобамі” – павінны пакрываць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей. У 2018 годзе судом былі разгледжаны 10 іскаў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, у выніку 8 чалавек (4 мужчыны і 4 жанчыны) пазбаўлены права быць маці і татам. Безумоўна, гэта крайняя мера. Літаральна да апошняга зацікаўленыя органы прадастаўляюць магчымасць выправіць сітуацыю. Аб гэтым гаварыла і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ірына Леапольдаўна Жданюк. Яна ўзгадала лічбу, якую сама лічыць страшнай – за ўвесь перыяд яе працы на дадзенай пасадзе дзяржорганамі адабраны 275 дзяцей, і ў кожнага з іх свая няпростая гісторыя. У 2017 годзе былі адабраны 11 дзяцей, у мінулым годзе лічба павялічылася – 13 дзяцей.

Раённы педыятр Валожынскай ЦРБ Ірына Аляксандраўна Юхноўская падчас выступлення давяла да запрошаных пэўныя факты, што тычацца дзіцячага траўматызму, захворванняў, смяротнасці, у тым ліку суіцыдаў і парасуіцыдаў. Быў паказаны фільм на тэму бяспекі дзяцей. Медык адзначыла: неаказанне своечасовай медыцынскай дапамогі дзіцяці можа скончыцца крымінальнай справай.

Да размовы далучыўся і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Ігаравіч Сівы. У даволі жорсткай форме ён нагадаў бацькам, якія ўжо атрымалі папярэджванні аб небяспечным стане печак і электраправодкі, пра неабходнасць у кароткі тэрмін выправіць сітуацыю. Прагучала наступнае: хто не зробіць такіх намаганняў, у тых дзяцей забяруць у прытулак.

Як паказвае практыка, далёка не ўсе бацькі, да якіх спецыялісты розных службаў стараюцца “дастукацца”, зробяць намаганні і будуць імкнуцца да нармальнага жыцця. Некаторыя прывядуць сваіх дзяцей да сацыяльнага сіроцтва. Безумоўна, супрацоўнікі прытулкаў і інтэрнатаў, прыёмныя бацькі створаць усе магчымыя ўмовы для таго, каб юныя душы не зачарсцвелі ад страшных перыпетый, якія для іх “арганізавалі”, здавалася б, самыя блізкія людзі ў свеце. Але ж, па словах С. І. Мучынскай, упэўненасці ў тым, што кожны з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак зможа забыць жахі свайго дзяцінства і стане станоўчым дарослым чалавекам, няма. Вельмі ж жорсткія выпрабаванні выпадаюць на іх долю. Шкада, але часта крыўда на бацькоў ператвараецца ў крыўду на ўсё чалавецтва.

Структурным падраздзяленнем СПЦ з’яўляецца сацыяльны прытулак. Менавіта ў гэту ўстанову памяшчаюцца дзеці, калі іх становішча ў сям’і бывае невыносным. У прытулак могуць звярнуцца таксама і дарослыя, якія па той ці іншай прычыне аказаліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы і пэўны час не маюць магчымасці ствараць нармальныя ўмовы для дзяцей. Нічога страшнага ў гэтым няма. Такія выпадкі бывалі, паступова ўсе пытанні вырашаліся, і дзеці вярталіся ў сям’ю. Дарэчы, звярнуцца за дапамогай могуць і самі непаўналетнія. Тут падтрымаюць кожнага.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий